Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея, членам Выканкама МАК Рэнэ Фазелем

  • 4
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка гарантуе правядзенне ў Мінску лепшага ў гісторыі чэмпіянату свету па хакеі. Аб гэтым ён заявіў 17 сакавіка на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея, членам Выканкама МАК Рэнэ Фазелем.

"Я вам гарантую, што чэмпіянат у Мінску будзе самым лепшым чэмпіянатам у гісторыі. А ён тады такі, калі на трыбунах няма свабодных месц. І я хачу запэўніць вас, што ў нас свабодных месц на ўсіх матчах не будзе. І я ўпэўнены, што вы будзеце ганарыцца гэтым чэмпіянатам свету", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да госця.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Рэнэ Фазель уклаў нямала сваёй працы ў падрыхтоўку да гэтага першынства. "Вы тут пастаянна бывалі, падказвалі, раілі, накіроўвалі работу ў тое рэчышча, у якое патрэбна было", - сказаў Прэзідэнт. Ён выказаў удзячнасць асабіста Рэнэ Фазелю і яго калегам за тую каласальную работу і падтрымку, аказаныя Беларусі ў гэты прамежак часу.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь таксама падзякаваў Рэнэ Фазелю за мужнасць, якую ён асабіста і Міжнародная федэрацыя хакея праявілі адносна Беларусі і чэмпіянату свету, што будзе праведзены ў Мінску. "Я вельмі добра ведаю, які быў націск на міжнародную федэрацыю. І вы самі зведвалі такі ж націск. У нас хакеісты проста ганарацца прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея: бачыце, вось гэта сапраўдны мужык, сказаў, што спорт па-за палітыкай, значыць, па-за палітыкай, прынята рашэнне ў Мінску праводзіць чэмпіянат, значыць, будзем праводзіць у Мінску", - адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

"І як бы ні націскалі, я, шчыра кажучы, нават засумняваўся, калі быў жудасны націск: думаю, няўжо Рэнэ здасца, адыдзе ад гэтых пазіцый, але вытрымаў. Я табе вельмі ўдзячны за гэта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея.

У сваю чаргу Рэнэ Фазель прызнаў, што быў пэўны націск на федэрацыю. "Вы гаварылі аб націску, які аказваўся на федэрацыю і на Вас. Павінен прызнаць, такі націск быў з боку пэўных людзей на нашу федэрацыю. Аднак мы лічым, што спорт – гэта спорт, палітыка – гэта палітыка. Наша пазіцыя адназначная: мы аддзяляем спорт ад палітыкі, і яна засталася нязменнай", - сказаў ён.

Рэнэ Фазель таксама выказаў упэўненасць, што ў Мінску будзе праведзены цудоўны чэмпіянат і яго госці атрымаюць задавальненне ад гасціннасці і цеплыні беларускага народа, а таксама цудоўнага спартыўнага мерапрыемства.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мінск гатовы да прыёму чэмпіянату: былі пабудаваны самыя сучасныя палацы, у якіх будуць праходзіць спаборніцтвы, дастаткова дадатковых пляцовак, дзе можна будзе трэніравацца ў любы час сутак, створана неабходная інфраструктура. Акрамя таго, арганізаваны бязвізавы ўезд у краіну па білеце, купленым на любы з матчаў чэмпіянату. "Мы поўнасцю адкрываем для нашых гасцей краіну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы зрабілі ўсё, каб і вам не было сорамна, і госці паглядзелі на нашу краіну".

Рэнэ Фазель у якасці падарунка паднёс Аляксандру Лукашэнку калекцыйныя шайбы Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Сочы.