Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам Старшыні Кабінета Міністраў - міністрам замежных спраў Туркменістана Рашыдам Мерэдавым
Беларусь бачыць шырокія перспектывы супрацоўніцтва з Туркменістанам і гатова яго нарошчваць, заявіў 20 сакавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам старшыні Кабінета міністраў - міністрам замежных спраў Туркменістана Рашыдам Мерэдавым.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на значны рост тавараабароту паміж дзвюма краінамі за апошнія гады. "Мы дабіліся амаль паўмільярднага тавараабароту. Гэта вельмі значна. Хто б мог падумаць яшчэ некалькі гадоў таму, што мы можам выйсці на гэты ўзровень", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што некаторыя сумняваюцца ў тым, ці трэба так актыўна супрацоўнічаць з Туркменістанам. Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць, што магчымасці Туркменістана на сусветнай арэне каласальныя, да яго вялікі інтарэс у свеце, які заключаецца ў распрацоўцы прыродных рэсурсаў. "Мы заўсёды можам знайсці добры кавалак работы для сябе, калі гаварыць прагматычна", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок стараецца працаваць у гэтай краіне так, каб было выгадна і Туркменістану. У прыватнасці, Прэзідэнт згадаў будаўніцтва беларускімі спецыялістамі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў, пастаўкі ў гэту краіну тэхнікі.
"Словам, перспектывы нашага супрацоўніцтва вялікія. І мы хацелі б нарошчваць намаганні, прычым на ўзаемавыгадных умовах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Рашыда Мерэдава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць як праблемныя пытанні ў супрацоўніцтве дзвюх краін, калі яны ёсць, так і сур'ёзныя перспектывы. Прэзідэнт Беларусі таксама папрасіў перадаць "вельмі вялікаму сябру Прэзідэнту Туркменістана самыя добрыя пажаданні і тое, што мы яго чакаем у Беларусі".
![]()
У сваю чаргу Рашыд Мерэдаў адзначыў, што Гурбангулы Бердымухамедаў, накіроўваючы яго ў Мінск, даручыў у традыцыйна дружалюбнай атмасферы абмеркаваць шэраг пытанняў, што датычацца двухбаковага супрацоўніцтва. Рашыд Мерэдаў падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за асабістую ўвагу да развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння. "Вы робіце вельмі многае, каб супрацоўніцтва насычалася новым зместам", - сказаў ён. Паводле яго слоў, кожная сустрэча лідараў дзвюх дзяржаў надае моцны імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва, выводзячы яго на якасна новы ўзровень, і спараджае новую ідэю, накіраваную на стварэнне. Акрамя таго, Рашыд Мерэдаў звярнуў увагу на гуманітарны складальнік супрацоўніцтва, адзначыўшы яго важнасць. У Беларусі навучаецца шмат туркменскіх студэнтаў, якія атрымліваюць высакаякасную адукацыю па будаўнічых спецыяльнасцях, у энергетыцы, эканоміцы, юрыспрудэнцыі. "Вы робіце вельмі многае для нарошчвання гуманітарнага складальніка двухбаковых адносін", - сказаў госць.