Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню СК Валерыя Вакульчыка

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка прыняў з дакладам Старшыню Следчага камітэта Валерыя Вакульчыка.

    На сустрэчы размова ішла аб пытаннях удасканалення і аптымізацыі дзейнасці Следчага камітэта, выкананні адпаведных даручэнняў Прэзідэнта, а таксама аб ходзе расследавання некаторых крымінальных спраў, якія знаходзяцца на асабістым кантролі Кіраўніка дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідзе працэс станаўлення Следчага камітэта, падкрэсліўшы важнасць рашэння аб яго стварэнні.

    Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што неабходна адразу ж устараняць памылкі, калі такія выяўляюцца ў працэсе работы СК: "Вы павінны пастаянна гаварыць, ці дапусцілі мы памылкі, калі дапусцілі – неадкладна выпраўляць. Вы бачыце, з якімі працэсамі сутыкнуліся Расія і іншыя дзяржавы, якія спрабавалі вылучыць следства фактычна ў асобны орган улады. Таму, улічваючы гэтыя недахопы, мы павінны на іх вопыце пазбегнуць памылак у сябе", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі змяніліся паказчыкі, якія характарызуюць работу следства: "Мы бачым, што паказчыкі ніколькі не зменшыліся. Але гэта даклады, інфармацыя, а што адбываецца на самай справе? Наогул цэлы комплекс пытанняў, які звязаны з узмацненнем ролі следства ў краіне і ў сувязі з гэтым – вынікамі работы". Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ўжо можна аналізаваць першыя вынікі праведзенай рэарганізацыі. "Хацелася б пачуць, як рэагуюць вашы калегі, у якіх фактычна забралі следства, перш за ўсё КДБ, Пракуратура, КДК? Што адбываецца наогул на гэтым полі?" – задаў пытанні Кіраўнік дзяржавы.

    Валерый Вакульчык расказаў, што Следчы камітэт праводзіць рэгулярны маніторынг на прадмет таго, як успрымаюць работу Следчага камітэта ў органах унутраных спраў, Пракуратуры, а таксама грамадзяне. Паводле слоў Валерыя Вакульчыка, і грамадзяне, і супрацоўнікі праваахоўных органаў пазітыўна рэагуюць на праведзеную рэарганізацыю і дзейнасць Следчага камітэта.

    Прэзідэнту даложана аб аптымізацыі структуры Следчага камітэта. Як адзначыў Валерый Вакульчык, за год дзейнасці СК былі вызначаны шляхі магчымага павышэння якасці работы і аптымізацыі ўжо створанай структуры. У прыватнасці, можна гаварыць аб тым, што ў рабоце Следчага камітэта былі асобныя празмерныя кантрольныя функцыі. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб змяншэнні колькасці структурных падраздзяленняў у СК і асоб, якія займаюцца гэтай работай. Прыняты меры для раўнамернага размеркавання нагрузкі паміж следчымі і аптымізацыі штатнай структуры абласных і раённых падраздзяленняў камітэта. У прыватнасці, прапанаваныя змяненні дадуць магчымасць скараціць каля 40 чалавек, у тым ліку 34 кіраўнікі, 15 з якіх – са спецыяльным званнем палкоўніка юстыцыі. Усё гэта плануецца зрабіць без урону для эфектыўнасці следчай дзейнасці, паколькі скарачэнне не закране непасрэдна следчых.

    Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з такім падыходам і даручыў рэалізаваць яго ў бліжэйшы час.

    Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як ідзе работа дзвюх камісій, узначальваць якія даручана Валерыю Вакульчыку: "Мы сёння вывучаем работу структуры ўрадавай сувязі і некаторыя кадравыя пытанні. Хацелася б пачуць інфармацыю па гэтых пытаннях перш, чым яна будзе даложана пісьмова. А затым вы зберацеся разам з сілавікамі для абмеркавання тых праблем, якія могуць выявіцца ў выніку работы гэтых дзвюх камісій".

    Для праверкі работы падраздзяленняў урадавай сувязі была створана кампетэнтная камісія са спецыялістаў Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Службы Бяспекі Прэзідэнта, Аператыўна-аналітычнага цэнтра, якая працавала на працягу двух мінулых тыдняў. Паводле слоў Валерыя Вакульчыка, у выніку праведзенай праверкі выяўлены рэзервы для павышэння эфектыўнасці работы, шляхі аптымізацыі ўрадавай сувязі, далейшага ўдасканалення яе дзейнасці, умацавання кадравага патэнцыялу.

    На сустрэчы абмяркоўвалася таксама інфармацыя, звязаная з шэрагам крымінальных спраў, якія знаходзяцца на асабістым кантролі Прэзідэнта.

    Дзве з іх узбуджаны адносна службовых асоб мясаперапрацоўчага СП "Еўра Трэйд Брэст". Размова ідзе аб нанясенні "Белаграпрамбанку" значнага ўрону ў памеры некалькі мільёнаў долараў. Крымінальныя справы ўзбуджаны адносна былога дырэктара гэтага прадпрыемства па артыкулу за выманьванне крэдыту, а таксама заснавальніка гэтага прадпрыемства, расійскага грамадзяніна, які штучна прымаў меры па вывазу прадукцыі ў Расію без аплаты яе кошту. Такім чынам, агульны доўг перад прадпрыемствам склаў прыблізна $20 млн.

    Прэзідэнт запатрабаваў якасна і ў самыя кароткія тэрміны расследаваць крымінальныя справы, а таксама разабрацца з пытаннямі магчымага дачынення службовых асоб дзяржорганаў да ўчынення гэтага злачынства і прыняць меры для кампенсацыі нанесенага ўрону.

    Акрамя таго, Кіраўніку дзяржавы даложана аб узбуджэнні крымінальнай справы па факту нанясення ўрону пры пастаўцы турбіны на Бярозаўскую ДРЭС. Расследаваннем гэтай крымінальнай справы займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне СК. Яшчэ ў пачатку 2011 года расійскае прадпрыемства па дагавору павінна было паставіць турбіну для гідраэлектрастанцыі, але гэта абавязацельства так і не выканала, у выніку чаго дзяржаве нанесены вялікі матэрыяльны ўрон.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аб'ектыўнага і непрадузятага расследавання гэтых і ўсіх іншых крымінальных спраў.