Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка абяцае ўзмацніць патрабаванне з Урада і Нацбанка за рост цэн. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 11 красавіка, прымаючы з дакладам Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову.

    Кіраўніку дзяржавы даложана аб сітуацыі на валютным рынку, у банкаўскай сферы. Таксама былі закрануты пытанні даступнасці крэдытаў для насельніцтва і прадпрыемстваў.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на няпростую фінансава-эканамічную сітуацыю ў свеце, што ў сваю чаргу ўплывае на дынаміку знешняга гандлю. "Асабліва гэта датычыцца нашых традыцыйных рынкаў. Крыху Расія прасела, ды і Еўрасаюз ліхаманіць. Таму даводзіцца шукаць новыя рынкі збыту для нашай прадукцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У гэтых няпростых умовах Нацыянальны банк не проста ўтрымлівае пазіцыі, якія мы мелі ў лепшыя часы, але і дабаўляе".

    Кіраўнік дзяржавы канстатаваў зніжэнне ўзроўню інфляцыі. Пры гэтым ён заўважыў, што ў асобных выпадках рост цэн быў звязаны з адміністрацыйнымі мерамі. "Гэта такі парог, які мы павінны былі пераадолець. Але далей я буду вельмі строга патрабаваць за інфляцыю, за рост цэн, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння суб'екты гаспадарання маюць добры прыбытак, рэнтабельнасць, і актуальнасць у росце цэн адсутнічае, тым больш што абменны курс беларускага рубля знаходзіцца на добрым узроўні".

    Аляксандр Лукашэнка даручыў Надзеі Ермаковай удзяліць дадатковую ўвагу пытанням інфляцыі, росту цэн. "У вас у руках адпаведныя рычагі, вы карыстаецеся імі, як належыць, але калі інфляцыя высокая, аб якім развіцці можна гаварыць?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

    Паводле яго слоў, той факт, што па выніках першага квартала бягучага года прадпрыемствы і насельніцтва прадалі валюты больш, чым набылі, з'яўляецца добрым паказчыкам у няпростых знешнеэканамічных умовах.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Ураду і Нацбанку было даручана прааналізаваць сітуацыю ў эканоміцы Беларусі па выніках першага квартала, выявіўшы магчымыя негатыўныя тэндэнцыі і шляхі іх пераадолення.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што фінансаванне маючых адбыцца веснавых палявых работ не павінна паўплываць на збалансаваны рост эканомікі краіны. "Хачу папярэдзіць вас: як бы ні было цяжка, гэта не значыць, што мы павінны цяпер "развязваць мяшок" і ўкідваць вялікія грошы на пасяўную або яшчэ штосьці. Усё павінна ісці ў штатным рэжыме. Эканоміка не павінна быць заложніцай пасяўной кампаніі. Гэта абавязкова", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Надзея Ермакова паведаміла Кіраўніку дзяржавы аб тым, што на фінансавым рынку Беларусі цяпер складваецца стабільная сітуацыя. Яна падкрэсліла, што гэта вынік не толькі намаганняў Нацыянальнага банка, але і работы ўсёй эканомікі краіны ў цэлым. "Сітуацыя на валютным рынку спакойная, і з тых разлікаў, якія ёсць у эканоміцы, мы не бачым прычын для неспакою", - адзначыла кіраўнік Нацыянальнага банка.

    Яна паведаміла, што апошнім часам адбыўся рост валютных паступленняў у краіну, павялічыліся аб'ёмы продажу валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы.

    Кіраўнік Нацбанка таксама паведаміла аб паступовым зніжэнні працэнтных ставак па крэдытах у беларускіх рублях. Пры гэтым доля праблемных крэдытаў у банкаўскай сістэме не павялічваецца.