Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову
У Беларусі па выніках 2012 года прырост ВУП павінен скласці 5,5%. Адпаведную задачу Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў 15 чэрвеня, прымаючы з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову.
На сустрэчы абмяркоўваліся рэалізацыя грашова-крэдытнай палітыкі дзяржавы і работа банкаўскай сістэмы ў кантэксце развіцця эканомікі краіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што першыя 5 месяцаў бягучага года "прайшлі на фоне невялікіх хваль, якія засталіся ад фінансавага крызісу ў мінулым годзе".
"Цяперашні перыяд характарызуецца тым, што мы поўнасцю валодаем сітуацыяй, кантралюем яе і кіруем ёю, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму нам трэба вырашыць асноўныя пытанні, сярод якіх - дасягненне ў гэтым годзе росту ВУП на 5,5%. Гэта павінна быць няўхільна выканана тымі механізмамі, якія мы выпрацавалі".
"Яшчэ раз падкрэсліваю: ніякіх шалёных грошай быць не павінна. У нас эканоміка працуе нармальна, яна можа сябе забяспечваць, у тым ліку прадпрыемствы могуць забяспечыць узнаўленне асноўных сродкаў. Таму павінна быць выкананне заяўленых паказчыкаў ВУП за кошт эфектыўнасці эканомікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: "Ніякіх размоў не павінна быць наконт таго, што вось, маўляў, дзяржаўная ўласнасць не можа даць эфекту, а прыватная - можа. І прыватная, і дзяржаўная павінны даваць эфект".
"Размовы аб тым, што мы не дасягнём у гэтым годзе сярэдняй зарплаты ў эквіваленце $500, - пустыя. Аб гэтым сведчыць дзейнасць многіх прадпрыемстваў. Напрыклад, у Мінску сярэдняя зарплата набліжаецца да $500 і будзе большая. Чаму іншыя не могуць? І іншыя павінны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Прыватнікі павінны паставіць для сябе задачу дасягнення ў гэтым годзе сярэдняй зарплаты не $500, а пад $700. А на дзяржпрадпрыемствах гэта лічба павінна перасягнуць мяжу $500. Гэта жалезна павінна быць выканана".
"Размовы аб тым, што нечага для гэтага не хапае - беспадстаўныя. Тады паўстае пытанне: чаму сёння амаль усе кіраўнікі, спецыялісты, менеджары прыватных прадпрыемстваў на "Мерседэсах" раз'язджаюць? Што, грошай няма ў фірмы, каб заплаціць людзям нармальную зарплату? Ёсць. Няхай прадаюць "Мерседэсы" і плацяць людзям зарплату", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся і аб дзяржаўным сектары: "Паглядзіце, якія там расходы. Няхай скарачаюць да мінімуму сабекошт і на нармальны ўзровень узнімаюць заработную плату людзей. Гэта не нейкі там страх перад нечым, як некаторыя тут нашы "свядомыя" і жоўтая прэса пішуць. Калі ёсць страх, то толькі за тое, каб сем'і работнікаў нармальна жылі".
Прэзідэнт заявіў, што патрабаванне па павелічэнню зарплаты павінна быць няўхільна выканана. "Вядома, гэта асноўная задача для Урада, але Нацыянальны банк не павінен стаяць убаку", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў, што не менш важным з'яўляецца выкананне пастаўленых задач у галіне будаўніцтва, у тым ліку жыллёвага: "Гэта таксама пытанні не другарадныя". "Праблему грашовага забеспячэння ваенных мы таксама павінны вырашаць, мы тут паціху рухаемся, магчыма, трэба паскорыцца", - асабліва адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Надзея Ермакова далажыла Прэзідэнту аб рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі. Паводле яе слоў, сітуацыя ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы, якая склалася па выніках 5 месяцаў, сведчыць аб эфектыўнасці праводзімай палітыкі па макраэканамічнай стабілізацыі. Нацыянальная валюта ўмацавалася да карзіны замежных валют на 3,2%.
Паводле інфармацыі кіраўніка Нацбанка, існуючая сітуацыя ў эканоміцы і фінансавай сістэме дае магчымасць поўнасцю выйсці на той паказчык ВУП, які быў прадугледжаны на 2012 год. "Адзінае - трэба працаваць. Сёння ў фінансавай сістэме дастаткова грошай для таго, каб накіроўваць іх у сферы вытворчасці, паслуг, будаўніцтва", - сказала яна.
На сустрэчы размова ішла аб эфектыўным выкарыстанні крэдытных рэсурсаў, што выдзяляюцца банкаўскай сістэмай на развіццё эканомікі. "Гэта і інвестыцыйныя рэсурсы, і абаротныя крэдыты. Галоўнае - выкарыстоўваць іх эфектыўна і атрымліваць прадукцыю. Важна, каб вырабленая прадукцыя пайшла не на склад, а была рэалізавана, у тым ліку і на экспарт".
Надзея Ермакова заявіла, што Нацыянальны банк як асноўны фінансавы рэгулятар краіны прадоўжыць практыку строга ўзважанага падыходу да крэдытавання эканомікі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што роля Нацыянальнага банка ў развіцці эканомікі павінна ўмацоўвацца і запатрабаваў, каб усе паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі былі безумоўна выкананы.