Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову.
Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб стане спраў на валютным і грашова-фінансавым рынку, сітуацыі па крэдытаванні эканомікі і ўстойлівасці работы банкаў. На сустрэчы быў таксама разгледжаны шэраг пытанняў па лініі Беларускага саюза жанчын.
"У нас у сферы фінансаў адносная цішыня. Гэта, напэўна, галоўны паказчык таго, што справы ідуць больш-менш нармальна, - адзначыў Прэзідэнт. - Я хацеў бы ў агульных рысах пачуць, як складваецца сітуацыя: магчыма, у нас ёсць праблемы, якія трэба тэрмінова вырашаць, а таксама якая перспектыва, каб мы не апынуліся перад фактам якой-небудзь нечаканасці. Галоўнае пытанне - гэта цана грошай, цана крэдытаў. Як будзе рухацца стаўка рэфінансавання (вядома ж, да паніжэння), ці задавольвае сітуацыя з інфляцыяй у Беларусі, можа, з пункту гледжання Нацыянальнага банка нам трэба прымаць якія-небудзь меры".
Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што Беларусі сапраўды даводзілася выраўноўваць па некаторых таварных групах цэны з суседнімі дзяржавамі, каб мінімізаваць неарганізаваны вываз тавараў. "Але і перабольшваць гэты працэс асабліва не трэба, і рабіць гэта прычынай адміністрацыйнага павышэння цэн таксама не трэба. Я аб гэтым Ураду гаварыў", - адзначыў Прэзідэнт.
"Цэнавыя параметры, інфляцыя ў краіне кантралюемыя, у асноўным яна з-за таго, што нам даводзіцца выраўноўваць цэны, устанаўліваць парытэт з суседнімі дзяржавамі. Але гэта часткова і добра. Калі некантралюемая інфляцыя - тады больш цяжка. Тут яна кіруемая, і мы будзем сітуацыю трымаць пад кантролем і рэгуляваць цэны. Мы гэтага ніколі не скрывалі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што рост на нейкія працэнты тарыфаў, цэн, паслуг можа быць дазволены пасля павышэння заработнай платы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што хацеў бы пачуць ацэнку па дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці ў краіне ў цэлым і тэндэнцый, што складваюцца тут. "Для мяне гэта таксама вельмі важна ў плане размовы з Урадам. Калі трэба, мы будзем прымаць дадатковыя меры. Таму што ў мінулым годзе, калі мы заняліся непасрэдна гэтым пытаннем, убачылі, што выручка і паступленні ў краіну пачалі павялічвацца адразу ж да мільярда долараў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як далажыла Старшыня праўлення Нацбанка, сітуацыя на валютным рынку стабільная на працягу ўсяго І квартала. Курс беларускага рубля вагаецца нязначна. Паводле слоў Надзеі Ермаковай, гэта звязана не з тым, што Нацыянальны банк у ручным рэжыме рэгулюе або стрымлівае гэтыя працэсы, а з попытам і прапанаваннем. На гэты дзень прапанаванне на валютным рынку значна перавышае попыт як у прадпрыемстваў, так і ў насельніцтва.
Закранаючы пытанне ўстойлівай работы банкаўскай сістэмы, Надзея Ермакова сказала, што цяпер назіраецца залішняя ліквіднасць у беларускіх банкаў. У сувязі з гэтым актуальным з’яўляецца пытанне зніжэння банкамі працэнтных ставак для таго, каб выдаваць крэдыты эканоміцы.
Гаворачы аб працэнтных стаўках па дэпазітах насельніцтва, Старшыня праўлення Нацбанка адзначыла, што яны крыху знізіліся ў сувязі з паніжэннем стаўкі рэфінансавання, якая знізілася следам за зніжэннем інфляцыі. "І ўсё гэта звязана з тым, што наша эканоміка лепш працуе, чым у канцы або сярэдзіне мінулага года, і, зразумела, гэта ўплывае на тое, што сітуацыя на валютна-фінансавым рынку на гэты момант устойлівая", - сказала Надзея Ермакова.