Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня прыняў з дакладам Старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку.

    На сустрэчы размова ішла аб перспектывах развіцця Мінска, у тым ліку аб удасканаленні інвестыцыйнай дзейнасці і комплексным развіцці беларускай сталіцы, а таксама аб падрыхтоўцы гарадскіх жыллёва-камунальных і дарожных службаў да работы ў асенне-зімовы перыяд.

    Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў інвестыцыйную дзейнасць у Мінску.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб тым, што было шмат скаргаў на цяжкасці, якія ўзнікаюць з рэалізацыяй інвестпраектаў у сталіцы. Тое, што тут сапраўды ёсць вялікія праблемы, пацвердзіў і факт затрымання праваахоўнымі органамі першага намесніка мэра горада. "Гэта ж ні справа, калі першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама браў хабар, - адзначыў Прэзідэнт. - Тут жа не скажаш, што гэта "накат" нейкі - факт дачы хабару зарэгістравалі. Прычым тое, што паказалі па тэлебачанні, - гэта не першы выпадак хабару. Я вымушаны быў згадзіцца на правядзенне супраць яго аператыўна-следчых дзеянняў, аператыўных мерапрыемстваў, калі мне далажылі, што ён напрапалую гэтым займаўся. Добра, што своечасова яго прыхапілі. Здаецца, за зямельны ўчастак ён вымагаў грошы і гэтак далей. Ну дык якія інвестары будуць да нас ісці і радавацца таму, што прыйшлі?"

    Прэзідэнт запатрабаваў поўнасцю выключыць факты злоўжыванняў як у гэтай, так і ў іншых сферах. Не павінна быць ніякіх пралазаў для проціпраўных дзеянняў з боку чыноўнікаў, якія звязаны з інвестыцыйнай дзейнасцю. У сувязі з гэтым Мікалай Ладуцька адзначыў, што Мінгарвыканкамам прыняты меры для недапушчэння ў далейшым такіх негатыўных з'яў.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба навесці парадак у інвестыцыйнай дзейнасці. Мінск як сталіца павінен быць прыкладам і ўзорам для іншых гарадоў, тут неабходна стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый, асабліва прамых.

    У бягучым годзе ў плане прыцягнення прамых замежных інвестыцый у Мінску сітуацыя здавальняючая. У прыватнасці, за 7 месяцаў у эканоміку горада іх прыцягнута больш як $600 млн. Прэзідэнт паставіў задачу ў 2013 годзе павялічыць гэты паказчык да $900 млн.

    Мікалай Ладуцька праінфармаваў Прэзідэнта аб шэрагу інвестыцыйных праектаў, у сувязі з чым Кіраўнік дзяржавы даў канкрэтныя даручэнні па іх рэалізацыі.

    Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць комплекснага развіцця сталіцы: "Мінск трэба комплексна прыводзіць у парадак, каб іншыя гарады бралі прыклад. Ужо апярэджваюць сталіцу і Гродна, і Гомель, ды ва ўсе абласныя цэнтры прыедзеш - адпачываеш. У Мінску ў нас шмат робяць, але цэласнай карціны не ствараюць".

    Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: "Трэба браць кожны квартал, можа, дом, паліклініку, двор і ствараць нешта адметнае. Увогуле трэба добраўпарадкоўваць горад так, каб ён застаўся ў душы мінчан". Прычым рабіць гэта трэба, не затрачваючы на гэтыя мэты вялікіх сродкаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Значны ўклад у навядзенне парадку ў горадзе павінны ўнесці і самі гараджане.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння дакладнай работы жыллёва-камунальных службаў, прывядзення ў парадак гарадскіх дарог напярэдадні асенне-зімовага перыяду.

    Размова ішла і аб пытаннях узвядзення жылля ў беларускай сталіцы.

    Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву горада адносна павелічэння будаўніцтва арэнднага жылля, якое, як паказала практыка, вельмі запатрабаванае. Як расказаў мэр, цяпер аформлены дагаворы прыкладна на 70 кватэр, што здаюцца горадам у арэнду. Аб попыце на такі від паслугі сведчыць той факт, што на адну кватэру было 12 заявак з боку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

    Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб будаўніцтве да 2015 года 3 тыс. арэндных кватэр. Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, крыніцай рэалізацыі гэтага праекта будуць бюджэтныя сродкі, а таксама крэдыты банкаў і аблігацыйная пазыка Мінгарвыканкама.

    Прэзідэнт асаблівую ўвагу ўдзяліў пытанню захаванасці паркавых зон у горадзе і запатрабаваў не дапускаць у іх неабгрунтаваных забудоў. У паркавых зонах аб'екты могуць стварацца толькі ў строгай адпаведнасці з зацверджанымі горадабудаўнічымі дакументамі, у прыватнасці, генеральным планам забудовы горада Мінска.

    На сустрэчы таксама былі закрануты пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з ушчыльненнем забудовы ў сталіцы Беларусі.