Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 верасня прыняў з дакладам Старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся тым, як у сталіцы вырашаюцца праблемныя пытанні і наводзіцца парадак у будаўнічай сферы. "Я так разумею, што камісія завяршыла работу, і больш за ўсё ўвагі яна, зразумела, удзяліла Мінску, паколькі тут у асноўным вялікае будаўніцтва і недахопаў нямала, ды і скаргаў людзей хапае", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Мінску трэба праводзіць узважаную горадабудаўнічую палітыку, выкарыстоўваць для забудовы пустуючыя тэрыторыі, але разам з тым і не дапускаць празмернага ўшчыльнення. "Вядома, я разумею, што людзям не хочацца ўшчыльняць тэрыторыю, але трэба ж разумець, што і іншым неабходна будаваць жыллё. І гэта нядорага, калі не даводзіцца інфраструктуру кудысьці цягнуць. Землі сельгаспрызначэння - гэта як выключэнне, іх нельга выкарыстоўваць. Лес таксама можна секчы толькі для прамысловых патрэб. Таму мы нікуды не дзенемся, трэба недзе ўшчыльняцца, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Але, вядома, не празмерна. Як бы там ні было, але зямлі ў Беларусі для будаўніцтва хапае. Таму тут трэба больш акуратна дзейнічаць".
Прэзідэнт адзначыў, што ў бліжэйшы час асабіста азнаёміцца з сітуацыяй, якая складваецца ўнутры МКАД на прадмет пустуючых участкаў і прапануемых для будаўніцтва аб'ектаў. "У нас шмат пустуючых кавалкаў на паўгектара, гектар, а можа, і два, дзе можна ў тым ліку пабудаваць і жыллё", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці звярнуў увагу, што на землях сельгаспрызначэння паблізу раёнаў жылой забудовы ёсць шмат кустоўя, якое можна ліквідаваць, а на рэкультываванай зямлі пабудаваць жыллё: "Трэба адыходзіць ад гэтых традыцыйных норм будаўніцтва: вось поле на 200 га, мы яго размецілі, начарцілі, намалявалі і пачынаем будаваць. Таму трэба выбіраць такія месцы і будаваць. Няхай там будуць жыць 50 або 100 чалавек, але гэта будзе зручна для людзей".
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў звярнуць увагу на некаторыя ўчасткі ў цэнтры горада, якія былі забаронены для забудовы і зарэзерваваны пад добрыя праекты ў будучым: "Дапусцім, каля гасцініцы "Беларусь", дзе была кандытарская фабрыка. Вядома, там каля ракі павінен застацца гэты парк, але вышэй, дзе была фабрыка, нам трэба прыдумаць штосьці прыгожае, але каб і не перанасыціць гэту тэрыторыю".
"Не закранаючы парк Перамогі, свабодныя зоны па праспекце Пераможцаў за Палацам спорту, штосьці адметнае нам трэба туды ўкрапваць, што стала б знакавым, сімвалічным для Мінска, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - І наогул трэба мабілізаваць усю нашу архітэктурную творчую эліту, каб яны ўважліва паглядзелі на асноўныя вузлы Мінска, яшчэ раз спраектавалі, прарысавалі, і мы бачылі, як і ў якім напрамку будзе развівацца Мінск. Шмат хаатычнасці пры забудове".
Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці пастаянна падтрымліваць чысціню на вуліцах Мінска, тым больш напярэдадні маючага адбыцца ў канцы кастрычніка саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД. Да таго часу таксама павінна быць завершана будаўніцтва Палаца Незалежнасці. "Кіраўнікі постсавецкіх рэспублік павінны прыехаць і разумець, што беларуская дзяржава адбылася як суверэнная і незалежная, вось яе сімвалы: плошча Дзяржаўнага сцяга, Палац Незалежнасці, дзе яны будуць весці перагаворы, дзе будзе працаваць гэты саміт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама даручыў прадумаць, як зрабіць будынак Палаца Незалежнасці даступным для грамадзян, нягледзячы на тое, што там будуць праходзіць важныя дзяржаўныя мерапрыемствы і знаходзіцца рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта. "Палац не павінен быць закрытым. Тым больш, мы яго ствараем рукамі беларускіх будаўнікоў, каб людзі бачылі, што мы ўмеем усё рабіць. Гэта сімвал, і людзі павінны мець туды доступ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Мікалай Ладуцька далажыў аб рэалізацыі праграмы жыллёвага будаўніцтва ў Мінску. У бягучым годзе ў сталіцы будзе ўведзена ў эксплуатацыю 1 млн.кв.м жылля. У такім жа аб'ёме сфарміравана праграма будаўніцтва жылых дамоў на 2014 год. "Гэтыя дамы ўжо сёння ў асноўным знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, праводзіцца актыўная работа для таго, каб у 2014 годзе дзясяткі тысяч жыхароў Мінска атрымалі свае кватэры", - сказаў старшыня Мінгарвыканкама.
Кіраўнік дзяржавы асабліва спыніўся на тых дамах, якія прызнаны праблемнымі, і падкрэсліў, што яны павінны быць уведзены ў эксплуатацыю без ушчамлення інтарэсаў грамадзян. Мікалай Ладуцька запэўніў, што такія дамы ў бягучым годзе і першай палавіне наступнага года будуць уведзены ў эксплуатацыю ў поўным аб'ёме. "Цяпер стаіць задача так арганізаваць работу горадабудаўнічага комплексу Мінска, каб такіх сітуацый больш не было", - сказаў ён.
Што датычыцца гатоўнасці сталіцы да маючага адбыцца саміту, старшыня Мінгарвыканкама далажыў аб распрацаваным блоку мерапрыемстваў, якія ўключаюць афармленне горада і яго галоўных магістралей.
На сустрэчы таксама былі абмеркаваны пытанні рэканструкцыі буйных спартыўных аб'ектаў, такіх як стадыёны "Дынама" і "Трактар".