Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Якабсона

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня прыняў з дакладам Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона.

    Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць аб праблемах, якія апошнім часам знаходзяцца на разглядзе ў КДК, і прапанаваў абмеркаваць шэраг кадравых пытанняў у сувязі з праведзенай у гэтым ведамстве аптымізацыяй. На сустрэчы таксама абмяркоўваліся вынікі праверак у сферы страхавання, энергазберажэння.

    Аляксандр Якабсон праінфармаваў Прэзідэнта аб практыцы рэалізацыі Указа нумар 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанню незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў", накіраванага на барацьбу з ілжэструктурамі. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб прынятых у гэтай сферы мерах і значным эканамічным эфекце ад прыняцця гэтага дакумента.

    У прыватнасці, фінансавай міліцыяй КДК актывізавана работа па выкрыццю і выключэнню "ценявых" схем рэалізацыі тавараў як на знешнім, так і на ўнутраным рынку. У 2013 годзе спынена незаконная дзейнасць трох злачынных груп, якія займаліся ценявым экспартам малочных тавараў у Расію. Узбуджана 8 крымінальных спраў.

    Аляксандру Лукашэнку таксама даложана аб тым, як выконваецца яго даручэнне па ўзмацненню кантролю на рынку страхавых паслуг. У гэтай сферы выяўлены праблемы, як на заканадаўчым узроўні, так і ў арганізацыі работы страхоўшчыкаў, у тым ліку Белдзяржстраха і Белэксімгаранта.

    КДК выпрацаваны меры па выпраўленню сітуацыі на страхавым рынку, адпаведныя прапановы накіраваны ў Савет Міністраў.

    Асобна Прэзідэнту было даложана аб кантролі за рэалізацыяй энерга- і рэсурсазберагальных мерапрыемстваў, у першую чаргу ў сістэме ЖКГ. Раней адпаведная работа была праведзена адносна сістэмы Міністэрства энергетыкі.
    "Сёння мы ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі таксама ўбачылі шэраг сур'ёзных праблем, якія не ўкладваюцца ў дырэктыўныя дакументы, звязаныя з рэсурса- і энергазберажэннем. Павелічэнне сабекошту работ у выніку кладзецца на тарыфы і на насельніцтва", - сказаў Аляксандр Якабсон.

    Што датычыцца аптымізацыі ў структуры КДК, то, паводле слоў Аляксандра Якабсона, колькасць работнікаў скарацілася больш як на 26 працэнтаў. У сувязі з гэтым з Кіраўніком дзяржавы былі ўзгоднены некаторыя кадравыя пытанні.