Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 студзеня прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

    Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся бягучай сітуацыяй на прадпрыемствах. "Як было, так і застаецца пытанне рэалізацыі нашай прадукцыі. Зразумела, што гэта валюта, зразумела, не дай бог нам паўтарыць нават мінулагоднюю сітуацыю, што ўплывае і на грашова-крэдытную палітыку, і на валютны рынак. Што адбылося на прадпрыемствах, якія выклікалі ў нас трывогу? Адбылося накапленне або зніжэнне складскіх запасаў і што адбываецца, паводле аператыўных даных, у студзені?" - запытаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заўтра пройдзе нарада па пытаннях развіцця дрэваапрацоўчай галіны. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў чыноўнікаў, якія запрошаны на мерапрыемства і рыхтуюць даклады, аб недапушчальнасці прыхарошвання сітуацыі і адводу размовы ад галоўнай тэмы ўбок.

    "Для нас вельмі важна, каб гэты сектар працаваў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Рана ці позна мы ўсё роўна запусцім гэтыя прадпрыемствы як трэба. Галоўнае пытанне - рэалізацыя прадукцыі. І сёння гэта павінны быць не намеры ў прадпрыемстваў, а канкрэтна прапрацаваныя калі не кантракты, то перадкантрактныя прапановы. Гэта вельмі важна. Таму што мы вырабім вялікую колькасць прадукцыі, і нам яе не будзе куды падзець".

    "Я ведаю аб варушэнні ва Урадзе, міністэрстве, канцэрне і на прадпрыемствах: вось тут Прэзідэнту мы павінны паказаць, каб уседзець у крэсле. Міхаіл Уладзіміравіч, я ведаю вельмі дэталёва, што адбываецца на кожным прадпрыемстве. Таму папярэдзьце, каб гэтай манілаўшчыны не было. І, вядома, дрэнна, што мы не ў Віцебску праводзім гэта мерапрыемства, але аб гэтым мы заўтра пагаворым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Прэм'ер-міністра.

    Яшчэ адна тэма, якую закрануў Прэзідэнт, - супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму вядома аб асноўных выніках нядаўняга візіту ў КНР Прэм'ер-міністра Беларусі і яго цікавіць настрой кітайскіх партнёраў. "Як яны гатовы развіваць наша супрацоўніцтва, якія яго тэмпы? Таму што ў Сочы мы будзем сустракацца з кіраўніком Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам, ён ужо аб гэтым мяне праінфармаваў, і я хацеў бы быць у тэме па апошніх, гарачых слядах", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Прэм'ер-міністр далажыў аб чаканых выніках работы прамысловасці і эканомікі за студзень. Міхаіл Мясніковіч са шкадаваннем заўважыў, што "рынак прасыпаецца вельмі марудна і істотных зрухаў у ажыўленні эканамічнага росту пакуль не назіраецца". У той жа час добрыя тэмпы росту гандлю дэманструюць калійная галіна і машынабудаванне. Крыху знізіліся складскія запасы: у параўнанні з паказчыкамі сярэдзіны мінулага года - на Br5,5 трлн, сёння яны складаюць амаль 70% месячнага аб'ёму вытворчасці. Аднак на буйных прадпрыемствах, такіх як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, складскія запасы яшчэ даволі высокія. Кіраўнік дзяржавы даволі строга ўказаў на гэты факт і запатрабаваў ад Урада прыняцця адпаведных мер аж да ўнясення кадравых прапаноў.

    Міхаіл Мясніковіч падрабязна далажыў аб выніках візіту ў Кітай. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на тое, што Беларусь і КНР пераходзяць да прынцыпова новай якасці супрацоўніцтва, гэта значыць ад таварнага, крэдытнага ўзаемадзеяння да інвестыцыйнага. Паводле яго слоў, у якасці інвестараў на беларускім рынку плануе працаваць шэраг кампаній. "Для нас гэта вельмі важна, гэта дыверсіфікацыя нашых інвестыцый у асноўны капітал", - заўважыў Прэм'ер-міністр.

    Акрамя таго, Сі Цзіньпінам прынята рашэнне аб павышэнні статусу старшыні двухбаковай міжурадавай камісіі з кітайскага боку да ўзроўню намесніка Прэм'ер-міністра. Старшыня КНР таксама прыняў рашэнне аказаць з боку Кітая як інвестара ўсялякую падтрымку ў рэалізацыі сумесных з беларускім бокам праектаў, якія маюць узаемны інтарэс. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем успрыняў гэтыя падыходы.

    На падставе дамоўленасці ў бліжэйшы час Беларусь наведае дэлегацыя кітайскіх спецыялістаў. На перагаворах будуць разгледжаны пытанні, якія датычацца не толькі ўжо існуючых двухбаковых праектаў, але і макраўзроўню, у прыватнасці ў галіне грашова-крэдытнай палітыкі, садзейнічання інвестыцыям.

    Кіраўніку дзяржавы таксама падрабязна даложана аб ходзе рэалізацыі праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. У бліжэйшы час плануецца правесці пасяджэнне наглядальнага савета кіруючай кампаніі, каб вызначыцца з аб'ёмамі работ, звязанымі з унутранай і знешняй інфраструктурай. Работы па стварэнні знешняй інфраструктуры плануецца завяршыць ужо ў маі - чэрвені 2014 года, што, паводле слоў Прэм'ер-міністра, дасць магчымасць шэрагу кампаній, такіх як ZTE, Huawei, зарэгістравацца ў парку ў якасці рэзідэнтаў.