Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
На сустрэчы абмяркоўваліся бягучыя і перспектыўныя пытанні эканамічнага развіцця краіны. Кіраўнік Урада праінфармаваў Прэзідэнта аб выніках рабочага візіту ў Туркменістан і праведзенага ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сённяшняй сустрэчы толькі ў агульных рысах будуць разглядацца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і планы на наступны год, паколькі гэтыя тэмы ў бліжэйшы час трэба будзе абмеркаваць на ўзроўні Прэзідэнта больш глыбока і цяпер ідзе прапрацоўка гэтых пытанняў не толькі ва Урадзе, але і з дэпутацкім корпусам.
Прэзідэнт падкрэсліў, што яго больш цікавяць бягучыя пытанні, у прыватнасці, работа Беларускай калійнай кампаніі: "Я атрымліваю інфармацыю, што ў прынцыпе мы выйшлі з таго стану, які нам дастаўся ад расіян. І ў гэтым годзе мы атрымаем крыху больш як $2 млрд. даходаў толькі ад продажу калійных угнаенняў". На думку Кіраўніка дзяржавы, гэта нядрэнны вынік, асабліва ўлічваючы тое, што на рынку калійных угнаенняў усё няпроста.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ёсць шэраг пытанняў заканадаўчага плана - аб кіраванні прыватызаванымі прадпрыемствамі. У прыватнасці, як дзяржава павінна ўплываць на іх ад імя мінарытарных акцыянераў (памер пакета акцый якіх не дае магчымасці ім удзельнічаць непасрэдна ў кіраванні кампаніяй)?
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пэўныя складанасці ў сувязі з тым, што недастаткова абаронены інтарэсы дробных акцыянераў у акцыянерных таварыствах, створаных у працэсе прыватызацыі і без долі дзяржавы.
"Я гатовы выслухаць вашу пазіцыю. Але павінен адразу сказаць, што зыходзіць мы павінны, перш за ўсё, з інтарэсаў людзей. Нам не патрэбны лішнія функцыі ў дзяржавы, калі прадалі ўжо якое прадпрыемства, але абараніць інтарэсы людзей мы проста абавязаны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Галоўнае - гэта чалавек, мы павінны абараніць яго інтарэсы. Калі прадпрыемства было дзяржаўным, а цяпер прыватызаванае і частка акцый - у мінарытарных акцыянераў, хто за іх галасуе? Ніхто не галасуе. І тыя, хто мае меншую долю, кіруюць так, як хочуць. Прыкладаў дастаткова. Таму па гэтым пытанні трэба прымаць рашэнні, і я хацеў бы ведаць, да якога пункту гледжання ва Урадзе вы прыйшлі".
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Ураду трэба ўважліва разабрацца, якія гэта прадпрыемствы, наколькі важны гэтыя пазіцыі, і ўсё павінна вырашацца з улікам сучасных патрабаванняў, але галоўнае, што павінны быць абаронены інтарэсы працоўнага калектыву і дробных акцыянераў.
Што датычыцца Туркменістана, то Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб дамоўленасці з Прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым - у час візіту беларускай урадавай дэлегацыі будуць урэгуляваны ўсе існуючыя пытанні, асабліва наконт Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.
Прэм'ер-міністр праінфармаваў Прэзідэнта аб рэалізацыі беларуска-туркменскіх праектаў, у тым ліку актывізацыі будаўніцтва беларускімі арганізацыямі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Як плануецца, ужо ў студзені наступнага года неабходныя наземныя збудаванні камбіната, у тым ліку склады, пад'язныя чыгункі, электрыфікацыя, усё будзе поўнасцю завершана. Абмяркоўваліся таксама пытанні будаўніцтва падземных збудаванняў камбіната. Тэрміны асваення вытворчых магутнасцей былі ўзгоднены з Прэзідэнтам Туркменістана. Кіраўнік Урада падкрэсліў, што Беларусь у адпаведнасці з дамоўленасцямі на вышэйшым узроўні мае намер пашыраць супрацоўніцтва з Туркменістанам, ствараць сумесныя вытворчасці і сумесна гандляваць на рынках трэціх дзяржаў.
Міхаіл Мясніковіч таксама далажыў Прэзідэнту аб некаторых пытаннях развіцця супрацоўніцтва з Расіяй у 2014 годзе, якія былі прадметам абмеркавання ў Санкт-Пецярбургу ў час сустрэчы са Старшынёй Урада Дзмітрыем Мядзведзевым. Размова, у прыватнасці, ішла пра ўтылізацыйны збор. "Мы дасягнулі рашэння, што гэта будзе кантралюема і празрыста, і што не будуць стварацца нейкія дадатковыя перашкоды для доступу нашай тэхнікі на рынкі Расійскай Федэрацыі", - адзначыў кіраўнік беларускага Урада. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, абмяркоўваліся таксама пытанні, звязаныя з нафтавым балансам, выкананнем абавязацельстваў перад Антыкрызісным фондам. Большасць з гэтых тэм стануць прадметам разгляду на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое павінна адбыцца напярэдадні пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
На сустрэчы былі разгледжаны іншыя бягучыя эканамічныя пытанні.