Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
На сустрэчы абмяркоўваліся сітуацыя ў эканоміцы, ход мадэрнізацыі прадпрыемстваў, еўразійская інтэграцыя і ўзаемадзеянне Беларусі з замежнымі партнёрамі на двухбаковай аснове.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся вынікамі праведзенага нядаўна ў Астане пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і прапанаваў абмеркаваць пытанні свайго маючага адбыцца афіцыйнага візіту ў Казахстан.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на наступным тыдні адбудзецца нарада, прысвечаная перспектывам эканамічнага развіцця Беларусі.
Міхаіл Мясніковіч далажыў Прэзідэнту, што па выніках саміту ў Астане ўдалося прыняць рашэнне па шэрагу важных пытанняў. Бакі дамовіліся аб увядзенні больш высокай загараджальнай пошліны на імпарт збожжаўборачных камбайнаў, што створыць добрыя перадумовы для продажаў адпаведнай прадукцыі на рынках Казахстана і Расіі. Дасягнуты дамоўленасці аб парадку закупкі ў трэціх краінах пасажырскіх самалётаў. "Гэта таксама будзе даволі сур'ёзная падтрымка, паколькі пошліна сёння складае каля 20%. Мы дамовіліся аб бяспошлінным увозе самалётаў фактычна да 2019 года", - адзначыў Прэм'ер-міністр.
Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Мясніковіч таксама абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-казахстанскіх адносін.
Адной з тэм сустрэчы было развіццё гандлёва-эканамічных сувязей з Украінай і маючы адбыцца 7-8 кастрычніка афіцыйны візіт у Беларусь Прэм'ер-міністра гэтай краіны Мікалая Азарава.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, планы Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам не павінны негатыўна паўплываць на аб'ёмы гандлю з Беларуссю: "У гэтай сітуацыі Беларусь ні ў якім выпадку не павінна страціць гандаль з Украінай, а можа, нават знайсці пэўныя плюсы. У нас там вельмі вялікі рынак".
Разам з тым Прэм'ер-міністр лічыць, што ў пытанні ўдзелу Украіны ў працэсах еўразійскай інтэграцыі не трэба прытрымлівацца выбарачнага падыходу. "Украіна сёння заяўляе аб гатоўнасці прыняць каля сямідзесяці з больш як ста пагадненняў, якія ў нас ёсць у Мытным саюзе. Безумоўна, трэба ўсё ж такі імкнуцца да таго, каб гэта было паўнацэннае членства", - заявіў Міхаіл Мясніковіч.
Што датычыцца эканамічнай сітуацыі ў краіне, то Урад адзначае значны недабор бюджэтных паступленняў, але за кошт аптымізацыі расходаў па выніках года чакаецца невялікі дэфіцыт бюджэту. "Аптымізацыя расходаў, паўсюдная эканомія павінны быць нормай жыцця", - сказаў Прэм'ер-міністр.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаў у адрас Урада крытыку за тое, што на месцах ёсць яшчэ шмат неарганізаванасці і неакуратных адносін да расходавання бюджэтных сродкаў.
Прэзідэнту таксама даложана аб мадэрнізацыі. За 8 месяцаў бягучага года на гэтыя мэты накіравана Br95 трлн. пры гадавым плане каля Br120 трлн. Працэс мадэрнізацыі, у прыватнасці, паспяхова рэалізуецца на БелАЗе, БМЗ, нафтаперапрацоўчых заводах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сродкі на мадэрнізацыю павінны ўкладвацца выключна ў эфектыўныя праекты.