Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча

    У Беларусі адзначаецца паляпшэнне эканамічнага становішча на ўсіх узроўнях: і прадпрыемстваў, і рэгіёнаў, і ў цэлым краіны. Аб выніках работы эканомікі за І квартал 2012 года Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку 17 красавіка далажыў Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

    У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вынікі работы за першы квартал 2012 года прадэманструюць агульныя тэндэнцыі і пакажуць тыя вынікі, якія можна мець у канцы года, а таксама дапамогуць выявіць насцярожваючыя фактары.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як выконваецца яго даручэнне наконт праблемных прадпрыемстваў. "У нас іх нямала, я не скажу, што гэта катастрофа і што гэта буйныя прадпрыемствы, але ёсць пара-тройка сярэдніх, і ёсць дробныя, але пытанне не ў гэтым, а ў тым, што там працуюць людзі. Як я бачу, на некаторых з гэтых прадпрыемстваў і "пятая калона" пачынае падпрацоўваць, падбухторваць людзей, клікаць на вуліцы і г.д. Дзякуй богу, што ў нас людзі разумныя. Але тым не менш мы не павінны даваць падставы і ператвараць прадпрыемствы ў аб'ект нейкай палітычнай барацьбы, як гэта робіцца ў нашых суседзяў", - сказаў Прэзідэнт.

    Яшчэ адно праблемнае пытанне, акрэсленае Кіраўніком дзяржавы, датычыцца дзейнасці ў краіне банкаў з замежным капіталам. Прэзідэнт нагадаў, што ўжо звяртаў увагу на гэта пытанне і Прэм'ер-міністра, і кіраўніка Нацбанка. "Мяне ўсё больш апошнім часам насцярожвае факт, калі замежныя банкі, каб прыцягнуць сабе сродкі нашых буйных прадпрыемстваў, якія ў асноўным прыносяць у краіну валюту, пачынаюць задобрываць, а часам і пагражаць: крэдыт не атрымаеце. Або наадварот: мы вам крэдыт дадзім, ён таннейшы, чым у беларускіх банках, але ўсе вашы разліковыя рахункі павінны быць у нашым банку. Гэта значыць, уся валюта павінна паступаць толькі ў замежныя банкі, і ні ў якім выпадку рахункаў прадпрыемстваў не павінна быць у беларускіх банках", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Ідзе націск на прадпрыемствы, буйныя прадпрыемствы. Гэта недапушчальна. Калі я ўжо вазьмуся за гэта пытанне, то вы ведаеце, мала не будзе. Такая практыка тут недапушчальная, катэгарычна! Таму запрасіце непасрэдна кіраўнікоў гэтых банкаў, усе яны з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі, і папярэдзьце, што з іх пачнём", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў: "Канкурэнцыя павінна быць, але добрасумленная".

    Прэм'ер-міністр далажыў, што ў мэтах выканання раней дадзеных даручэнняў сёння беларускія прадпрыемствы маюць права адкрыць рахункі за мяжой толькі з дазволу Нацыянальнага банка, рух сродкаў па гэтых рахунках кантралюецца належным чынам. У час сустрэчы была звернута ўвага на тое, што некаторыя камерцыйныя банкі, асабліва з замежным капіталам, выкарыстоўваючы цяжкасці некаторых прадпрыемстваў, пачынаюць уцягваць іх у не зусім сумленныя здзелкі, прапаноўваючы пад залог маёмасць, прадастаўляючы адносна льготныя або больш ільготныя, чым склаліся на фінансавым рынку, паслугі.

    Урад будзе праводзіць дадатковую работу з адпаведнымі камерцыйнымі банкамі для таго, каб тут была празрыстая схема, каб гэта не было звязана з якімі-небудзь ускладненнямі, якія могуць разглядацца ў далейшым як нейкі рэйдарскі захоп або што-небудзь аналагічнае. "Будзем працаваць з гэтымі юрыдычнымі асобамі, канкрэтныя ўстаноўкі дадзены, тут дастаткова дзяржаўных рэгулятараў, якія змогуць забяспечыць абарону інтарэсаў краіны ў гэтым сектары", - сказаў Прэм'ер-міністр.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу таксама на працэс рэалізацыі дзяржаўных праграм. На яго думку, тут не заўсёды рацыянальна расходуюцца бюджэтныя сродкі. "У нас часам назіраецца поўны разбой у рэалізацыі тых або іншых дзяржаўных праграм. Я прыводзіў ужо прыклад магілёўскай аўтадарогі, якую будуюць, напэўна, ужо гадоў пяць. Я тыдзень таму яшчэ раз паглядзеў гэту дарогу. Сапраўдны непарадак! Гэта помнік злачынстваў. Гэта можна занесці ў актыў, што там проста злачынна трацяцца грошы", - сказаў Прэзідэнт.

    "Я прыводзіў канкрэтныя прыклады, вы мне абяцалі, што ў верасні, гэта дарога будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў поўным аб'ёме, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Прэм'ер-міністра.- Тэрміны не пераносяцца. Гэты разбой праекціроўшчыкаў і будаўнікоў спыніць!"

    Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў, што такія выпадкі не павінны паўтарыцца пры будаўніцтве дарогі на Гомель."Не дай бог гэта паўторыцца, калі мы развязкі робім для таго, каб забяспечыць з'езд на поле. Вось я на верталёце спецыяльна падняўся, думаў: можна было пабудаваць 20 км сельскіх дарог, прытым у асфальтабетоне, куды яны гэту развязку зрабілі, куды там з'язджаць? Там поле і за 5 км ад поля так званая неперспектыўная вёска, дзе засталося два-тры двары. Непарадак! Куды глядзяць праекціроўшчыкі? Вы ўяўляеце, якія гэта затраты?!" - абурыўся Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт прывёў прыклад і з азеляненнем праспекта Пераможцаў у Мінску. "Навошта з гэтай раздзяляльнай паласы кожны год вымаць грунт на паўметра, потым на гэта ж месца завозіць новы грунт, сеяць траву, накрываць плёнкай? Навошта? Там трава самая зялёная, нідзе такой зялёнай травы не бачыў, як на гэтым газоне. Не, трэба ўсё гэта калупаць. Ну добра, пачалі калупаць. Але там уручную ўсё трэба рабіць. Але не, дзесяць МАЗаў стаіць, тры пагрузчыкі з дзесяцікубавым каўшом і чорт ведае колькі тэхнікі. Вось вам, здавалася б, дробны прыклад, а гэта ж затраты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы ўвальваем вялікія сродкі. Мы ніколі так багатымі не будзем", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў праблему, якая знаходзілася ў цэнтры ўвагі ў час яго нядаўняга наведвання Брэсцкай вобласці, - дапамогі з рэалізацыяй сельскагаспадарчай прадукцыі жыхароў Столінскага раёна.

    "Вельмі добрая зямля. Я пабываў у Альшанах, Давыд-Гарадку, там усё ў цяпліцах, людзі начуюць там, печкамі ацяпляюць гэтыя цяпліцы, атрымліваюць ураджай, хто агуркі, хто памідоры і гэтак далей. Чаму мы аддалі бандытам гэтых людзей? Гэта нават не камерсанты з Расіі прыязджалі. Гэта не бізнесмены - гэта бандыты прыязджаюць, за бясцэнак забіраюць прадукцыю і перапрадаюць у тры разы даражэй у Расію або нават у Беларусі. Чаму мы не можам забраць гэту прадукцыю? Такім чынам пакінем грошы ў людзей або калі ж перапрададзім, то пакінем у бюджэце гэтыя грошы. Няўжо гэта такая праблема?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

    "Там жа ўсё арганізавана: прыязджай, ацэньвай гэтыя агуркі, забірай і рэалізоўвай. Тым больш людзі гатовы дамовіцца, - дадаў ён. - Таму трэба паглядзець і купіць у людзей усё, вывезці ў Мінск, іншыя гарады і прадаць. Нельга кідаць людзей, гэта нашы людзі, тым больш мы ж іх арыентавалі на тое, каб яны самі займаліся вытворчасцю на гэтай зямлі!"

    "Тое ж самае: я гляджу, балбаталогія ідзе з нейкімі ўсмешкамі па мармуровым мясе. Сёння страва не ў Еўропе, а ў Маскве з гэтым мармуровым мясам каштуе $45 у рэстаране. Можна за $15 за кілаграм прадаць мяса. А мы купляем у сялян, напрыклад, для параўнання, па $2 долары звычайнае мяса. Выгадна вырошчваць? Выгадна. Але мы ж не стварылі ўмовы. Людзі скардзяцца: мы вось выгадавалі, паказваюць мне жывёлу - забярыце яе, каб нам было хоць крышку рэнтабельна, хоць у нуль. А чаму нерэнтабельна? Таму што гэта каштоўнае мяса, завозілі пароды імпартнай жывёлы, затраты пакуль значныя, мы ў іх па $2 закупляем гэта мяса. Чаму? Таму што няма перапрацоўкі і збыту. Сёння ў Расіі шалёны попыт на гэта мяса. Ды і ў Беларусі хутка зразумеюць, што гэта вельмі карысна. І гэта я раблю не столькі таму, каб новы від прадукцыі асвоіць. У раёне Прыпяці пустуюць вельмі вялікія ўчасткі зямлі, на якіх можна пасвіць жывёлу. Да таго ж яна не патрабуе асаблівых умоў утрымання", - сказаў К іраўнік дзяржавы.

    "І жывёла прыносіць карысць. Вось што мяне найбольш хвалявала, таму я і распарадзіўся стварыць гэтыя статкі. І ўжо многія стварылі. Але паколькі цяпер няма тэхналогій перапрацоўкі і продажу асобна і няма метадалогіі асобна ўстанавіць цэны, там усё гэта можна загубіць", - адзначыў Прэзідэнт.

    Ён нагадаў, што даў даручэнне Віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму разабрацца з гэтым пытаннем. "Неадкладна трэба ўмяшацца! Трэба пабудаваць на Палессі завод па перапрацоўцы, паставіць лініі, гэта нічога не каштуе, гэта два месяцы - прывёз і зманціраваў лінію, правесці там забой жывёлы, паглядзець, як еўрапейцы ўпакоўваюць, гатуюць гэта мяса, аддаць нешта ў Мінск, рэстараны гатовы купляць гэта мяса, а астатняе прадаць у Расію. Гэта вельмі добры бізнес і даход для нашых сялян", - лічыць Прэзідэнт.

    "Гэта я толькі як адзін прыклад прыводжу. А колькі яшчэ нерэалізаваных пытанняў, якія могуць быць рэалізаваны? Нідэрланды, супастаўная з намі краіна, прадае сельскагаспадарчай прадукцыі да $15 млрд. Мы паставілі да канца пяцігодкі задачу экспартаваць на $7 млрд. Мы можам не горш за Нідэрланды працаваць. Мы знаходзімся не на ўскраіне, не ў такой канкурэнцыі, як Нідэрланды. Там паміж Германіяй і Англіяй асабліва не разгорнешся. Мы ў выгадных умовах. Але вось не можам узяць са сваёй зямлі добрую прадукцыю!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Закрануў Прэзідэнт і пытанні меліярацыі зямель. Меліярацыя – гэта зона асаблівай маёй увагі. Трэба ў гэтай пяцігодцы паўмільёна гектараў зямлі, як мы дамаўляліся, вярнуць у севазварот. Там, дзе прайшлі з меліярацыяй, люба-дорага паглядзець на краіну. Гэта зусім іншая Беларусь. Гэта такая чысціня і парадак, як у нас у гарадах і аграгарадках ужо", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Таму трэба наводзіць парадак на зямлі, трэба абавязкова прафінансаваць меліярацыйныя праграмы, аж да таго, што здымаць рашэннем Урада з іншых сельскагаспадарчых праграм грошы, нават, можа, з закупак тэхнікі", - лічыць Прэзідэнт.

    "У гэтай пяцігодцы праграму трэба выканаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А на наступную пяцігодку застанецца падчыстка тых зямель, якія менш урадлівыя, але іх трэба таксама вяртаць у абарот. Там крыху большыя затраты будуць, але і такіх зямель у нас няшмат".

    "Гэта значыць, трэба нашай дзяржаве пераходзіць на выкананне тых функцый і задач, якія менавіта дзяржава павінна ажыццяўляць. Мы не павінны нікому сёння ні трактары купляць, ні камбайны, ні трэсціся за малако і мяса - гэтым павінны займацца суб'екты гаспадарання, гаррайвыканкам і аблвыканкам максімум. Мы павінны займацца дзяржаўнымі праектамі", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што комплексы праблем выкрышталізоўваюцца ў час паездак па краіне. "Таму трэба, каб члены У рада пастаянна бывалі ў калектывах, праблемных калектывах. Не трэба баяцца. Людзі нас зразумеюць, людзі разумеюць, у якой сітуацыі сёння краіна, яны разумеюць, што незаробленых грошай ніхто сёння не дасць. Да людзей трэба ехаць і з людзьмі трэба працаваць", - падагульніў Прэзідэнт.

    Як далажыў Прэм'ер-міністр, Урадам прыярытэтна засяроджана ўвага на выкананні даручэнняў аб тым, што рэалізуемыя праекты павінны быць акупныя, а эканоміка прадпрыемстваў і ў цэлым рэгіёнаў павінна паляпшацца. Паводле яго слоў, у гэтым плане ёсць пэўныя поспехі.

    "Мы думаем не толькі над выкананнем валавых паказчыкаў, а выконваем тыя даручэнні, якія былі дадзены Кіраўніком дзяржавы, што было адлюстравана ў рашэннях IV Усебеларускага народнага сходу аб неабходнасці павышэння эканамічнай эфектыўнасці як на мікра-, так і на макраўзроўні", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

    У першым квартале прамысловасць краіны працавала з рэтабельнасцю продажаў 10,4%, сельская гаспадарка - 15,3%. Такім чынам, палітыка закупачных цэн, маркетынгавая палітыка сведчыць аб тым, што эканамічная плацежаздольнасць суб'ектаў гаспадарання значна палепшылася.

    Што датычыцца рэгіянальнага ўзроўню, то бюджэтная палітыка бягучага года, прапанаваная Урадам і падтрыманая Прэзідэнтам, была накіравана на тое, каб павысіць самадастатковасць мясцовых бюджэтаў. Па выніках першага квартала прафіцыт мясцовых бюджэтаў склаў Br 3,9 трлн. У большай ступені гэтыя сродкі прафіцыту сканцэнтраваны ў Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях. "Такім чынам, можна гаварыць, што там, дзе дастаткова сур'ёзна працуюць і над дыверсіфікацыяй вытворчасці, і ўдзяляюць больш увагі рэнтабельным праектам, там і ёсць прафіцыт", - адзначыў Прэм'ер-міністр. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ад такіх сродкаў, заробленых абласцямі, людзі павінны адчуць аддачу. "Таму і пытанні, звязаныя з камунальнай гаспадаркай, грамадскім транспартам, павышэннем заработнай платы, і пытанні патаннення працэнтных ставак па крэдытах, якія сёння яшчэ дастаткова высокія, - для гэтага ёсць аб'ектыўныя прычыны. Але патанненне таксама можа ажыццяўляцца за кошт гэтых сродкаў", - сказаў Прэм'ер-міністр.

    Што датычыцца работы ў цэлым эканомікі краіны, то, паводле статыстыкі, за студзень - люты бягучага года склалася дадатнае сальда ў памеры $838 млн. Гэтыя даныя ўключаюць не толькі гандлёвы абарот. Расце прыток валюты ў краіну, перавышаючы амаль на $900 млн. яе адток.

    Такім чынам, паляпшэнне эканамічнага становішча адзначаецца на ўсіх узроўнях: і прадпрыемстваў, і рэгіёнаў, і ў цэлым краіны. Расце і тавараабарот. Калі ў студзені ён складаў 103,5% да даволі высокага ўзроўню першага квартала 2011 года, калі быў павышаны попыт на прадукцыю, у сакавіку бягучага года ён павялічыўся яшчэ на 10,5%.

    Прэзідэнт адобрыў падыходы, прапанаваныя Урадам, аб неабходнасці павышэння стаўкі першага разраду ў межах 5% з 1 мая для бюджэтных і прыраўнаваных да іх катэгорый работнікаў. У мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта створана сістэма, якая дае магчымасць прадпрыемствам самастойна рэгуляваць пытанні аплаты працы, і многія прадпрыемствы даволі паспяхова выкарыстоўваюць гэты механізм. Вялікая колькасць, у асноўным горадаўтваральных, сістэмаўтваральных, прадпрыемстваў мае дастаткова высокі ўзровень аплаты працы.

    "У сувязі з тым, што ў органах дзяржкіравання, у ваеннаслужачых сёння прасела заработная плата, і прынята рашэнне аб павышэнні заработнай платы для гэтых катэгорый з 1 мая. У першую чаргу, безумоўна, за кошт тых сродкаў, якія могуць сэканоміць канкрэтныя арганізацыі за кошт аптымізацыі колькасці, скарачэння іншых расходаў, напрыклад, бягучых рамонтаў, транспартных расходаў, набыцця мэблі, інвентару і гэтак далей. Разам з тым у нас прадугледжаны адпаведныя сродкі і ў бюджэце бягучага года, якія таксама будуць накіраваны на гэтыя мэты", - паведаміў Прэм'ер-міністр.

    Што датычыцца рэалізацыі дзяржпраграм, то сельскагаспадарчы блок у першым квартале прафінансаваны ў аб'ёме 25% ад запланаванага на год, будаўніцтва - на 21%. Гэта дало магчымасць даволі актыўна весці будаўніцтва і малочнатаварных ферм, і жылля, і адпаведнай інфраструктуры. Так, за першы квартал уведзена ў эксплуатацыю 1,3 млн. кв.м жылля.

    Прэзідэнт асабліва падкрэсліў неабходнасць удзяліць больш увагі меліярацыі. На гэты год прадугледжаны большыя аб'ёмы фінансавання, чым гэта было ў 2011 годзе. На мэты меліярацыі ў тым ліку будуць выкарыстоўвацца і тыя сродкі, якія ёсць у якасці прафіцыту мясцовых бюджэтаў.

    У час сустрэчы была звернута асаблівая ўвага на праблемныя прадпрыемствы. Так, Прэзідэнт у бліжэйшы час падпіша У каз аб падтрымцы Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання. Акрамя таго, ён даў дадатковыя даручэнні па Аршанскім льнокамбінаце. Былі абмеркаваны пытанні па шэрагу праблемных прадпрыемстваў, такіх як Мінскі камвольны камбінат, ААТ "Барысаўдрэў", ААТ "Гомельдрэў", на якія будзе звернута асаблівая ўвага Урада.

    Што датычыцца праблемных прадпрыемстваў, работы службовых асоб з іх калектывамі, заўвага Прэзідэнта будзе ўлічана, запэўніў Прэм'ер-міністр.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на недахопы работы Урада ў сферы цэнавай палітыкі па асобных напрамках, як напрыклад, па далікатэсным мясе, развіцці авечкагадоўлі і гэтак далей. У бліжэйшы час гэтыя хібы будуць ліквідаваны.

    Наконт пытання будаўніцтва дарог Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што нараўне з якасным завяршэннем работ на аўтадарозе Мінск - Магілёў павінна быць забяспечана эканомія сродкаў. Разам з тым, запатрабаваў Прэзідэнт, гэта не павінна ўплываць на бяспеку, яна павінна быць гарантавана, асабліва паблізу населеных пунктаў.

    У бягучым годзе будзе пачата будаўніцтва новай дарогі М-5 Мінск - Гомель. Кошт праекта ацэньваецца ў $761 млн., гэта крэдытныя рэсурсы Сусветнага банка і кітайскага боку. Праектныя рашэнні наконт гэтага аб'екта інфраструктуры пераглядаюцца з улікам патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы. Напрыклад, у частцы скарачэння каштарыснага кошту. Таксама будзе зменшаны адвод зямель як сельскагаспадарчага прызначэння, так і лясных угоддзяў для новых трасіровак.