Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Надзею Ермакову

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 лютага прыняў з дакладам Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову.

    Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб стане спраў на валютным рынку, сітуацыі з крэдытаваннем эканомікі, у тым ліку будаўніцтва жылля, іншых дзяржпраграм.

    "Павінен сказаць, што пакуль нядрэнна працуеце з банкірамі і Урадам у плане выканання тых праграм, якія мы намячалі, для таго каб стабілізаваць абстаноўку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    "Пры нармальным функцыянаванні эканомікі, і калі нармальна будуць дзейнічаць працоўныя калектывы, мы на працягу года-паўтара не проста вернемся на ранейшыя пазіцыі па заработнай плаце людзей, але мы можам іх і перасягнуць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць магчымасць зарабіць нармальныя грошы для таго, каб людзі адчулі паляпшэнне жыцця, і гэта ўжо адбываецца. І я лічу, што калі мы нармальна выйдзем з гэтай няпростай зімы, я маю на ўвазе, каб не давялося перасяваць пасевы з-за маразоў і гэтак далей, то мы знойдзем гэтыя грошы".

    "Але мы ні ў якім выпадку не павінны друкаваць грошы, гэта абсалютна выключана", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя цяпер у эканоміцы краіны стабільная. "Мы ў гэты час, наколькі я інфармаваны, не трацілі золатавалютныя рэзервы, наадварот, яны ў нас прыраслі, і ў нас ёсць магчымасць іх павялічыць. Іншае пытанне сёння ўзнікае, каб нам лішнія грошы не трымаць усё ж такі ў рэзервах - яны павінны працаваць у эканоміцы. Але тым не менш колькі трэба, столькі павінна быць для таго, каб у нас катаклізмаў у перспектыве не было", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў таксама ўвагу на высокую стаўку банкаў па крэдытах, якія выдаюцца.

    "Вельмі дарагія крэдытныя рэсурсы. Эканоміка, зразумела, цярпець такую сітуацыю з крэдытамі доўга не можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка паціху павінна зніжацца. Мы павінны даваць і нармальныя сігналы эканоміцы нашай краіны, суб'ектам гаспадарання, ды і фактычна стаўка павінна быць ніжэйшая, бо пры цяперашняй гаварыць аб якім-небудзь інтэнсіўным развіцці эканомікі нельга".

    Прэзідэнт паставіў задачу ўсёй банкаўскай сістэме кантраляваць эфектыўнае выкарыстанне крэдытных рэсурсаў, падкрэсліў, што крэдытныя грашовыя сродкі павінны выдавацца толькі на эфектыўныя праекты.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе "ўсе павінны забыць, што на крэдытаванне могуць выкарыстоўвацца эмісійныя грошы". Паводле яго слоў, павінны выкарыстоўвацца толькі тыя фінансавыя сродкі, якія будуць зароблены ў эканоміцы ў цэлым.

    Што датычыцца сітуацыі на валютным рынку, то апошнія тры месяцы курс беларускага рубля заставаўся стабільны, назіраліся толькі нязначныя яго ваганні. У канцы студзеня - пачатку лютага адзначаецца яго ўмацаванне, што звязана з павелічэннем продажу валюты на біржы.

    Паводле слоў Надзеі Ермаковай, абавязковы продаж валюты павялічыўся прыкладна на $42 млн.

    Прэзідэнту было даложана таксама аб стане спраў з укладамі. Як адзначыла Старшыня праўлення Нацбанка, ёсць прырост па ўкладах як у беларускіх рублях, так і ў валюце, пры гэтым больш высокімі тэмпамі павялічваюцца валютныя ўклады.

    Надзея Ермакова падкрэсліла, што фінансавы бок эканомікі дэманструе сёння нядрэнныя вынікі. На яе думку, калі б усе асноўныя параметры функцыянавання валютнага рынку былі пастаянна такія, як цяпер, то гэта была б вельмі добрая дапамога ў цэлым для эфектыўнай работы эканомікі. "Спадзяёмся, што так і будзе", - сказала Старшыня праўлення Нацбанка.

    На сустрэчы былі таксама разгледжаны іншыя пытанні функцыянавання Нацыянальнага банка.