Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прыняў з дакладам Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

    На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца міжнароднай і інтэграцыйнай тэматыкі, у тым ліку падрыхтоўкі да самітаў і сустрэч на вышэйшым узроўні.

    Як падкрэсліў Прэзідэнт, правядзенне ў Мінску 25 кастрычніка пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД - гэта важнейшае пытанне. "Мы, вядома ж, сур'ёзна да яго рыхтуемся. Лічу, што Палац Незалежнасці да гэтага часу завершым, каб правесці там гэты буйны форум", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Паколькі часу засталося зусім нямнога, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія праблемы ёсць у сувязі з падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы на вышэйшым узроўні: "Наколькі мы гатовы да правядзення, у тым ліку арганізацыйна? І галоўнае - гэта пазіцыя кіраўнікоў дзяржаў, ці ўсе праінфармаваны, ці ўсе будуць на гэтым саміце, і іншыя пытанні ў сувязі з гэтым".

    Прэзідэнт прадоўжыў: "Потым заходні напрамак, другі саміт у лістападзе - "Усходняга партнёрства". На якім узроўні мы знаходзімся? Прынцыповая пазіцыя МЗС вядома, мы не адступаем ад гэтай пазіцыі. Што ў сувязі з гэтым адбываецца там, на заходнім напрамку?"

    На сустрэчы закраналіся беларуска-расійскія адносіны, іншыя пытанні міжнароднага парадку дня, у тым ліку сітуацыі ў Сірыі.

    Прэзідэнт занепакоены лёсам грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў гэтай краіне. "Мы павінны зыходзіць з таго, што сваіх грамадзян адтуль неабходна забраць у гэты крытычны перыяд. Будзе там вайна або не будзе, людзі - гэта галоўнае. Я праінфармаваны аб тым, што некаторыя проста не хочуць адтуль выязджаць, але ўсім мы павінны прапанаваць вярнуцца на радзіму. Зноў потым паедуць, калі ўсё стабілізуецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Уладзімір Макей па выніках сустрэчы расказаў, што графік у Кіраўніка дзяржавы да канца года ў плане міжнароднай дзейнасці будзе вельмі шчыльны. Запланаваны як мінімум тры візіты за мяжу, прапрацоўваюцца візіты кіраўнікоў замежных дзяржаў у Беларусь. Чакаецца таксама правядзенне шэрага пасяджэнняў інтэграцыйных структур, сярод якіх найбольш значнае - намечанае ў Мінску пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

    Беларусь, якая старшынствуе ў бягучым годзе ў СНД, падрыхтавала і ажыццяўляе адпаведны план работы. Паводле слоў Уладзіміра Макея, з 70 уключаных у яго мерапрыемстваў 20 праведзены ўжо. Астатнія знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі і да саміту Садружнасці ў асноўным будуць выкананы.

    Прэзідэнт быў праінфармаваны аб ходзе падрыхтоўкі да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і аб тым, як праводзіцца работа над распрацоўкай Дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, якія праблемы існуюць на гэтым этапе.

    Міністр замежных спраў таксама праінфармаваў Прэзідэнта аб перспектывах адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у цэлым з еўрапейскімі партнёрамі, а таксама са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

    Беларусь зыходзіць з таго, што ў аснове адносін з замежнымі партнёрамі павінен быць адкрыты і шчыры дыялог. "Мы гатовы да таго, каб рухацца насустрач адзін аднаму і будаваць адносіны на раўнапраўнай, абсалютна добрасуседскай, канструктыўнай аснове", - сказаў Уладзімір Макей.

    Кіраўніку дзяржавы было даложана і аб іншых бягучых пытаннях, якія датычацца дзейнасці МЗС, у тым ліку па выкананню даручэнняў Прэзідэнта па забеспячэнню адпаведнай кадравай работы, развіццю знешнеэканамічнай дзейнасці.