Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча
У Беларусі ствараецца дзяржкамісія па рэфармаванню органаў дзяржаўнай улады. Аб гэтым 1 кастрычніка заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
"Мінула, відаць, ужо дастаткова часу для таго, каб Вы не проста ўвайшлі ў курс справы, а разабраліся з той сітуацыяй, якая складваецца ў МУС і падпарадкаваных структурах. На Вашы плечы ўскладзена цяжкая задача па рэфармаванню МУС, – сказаў Прэзідэнт. – Я ўжо ўдакладняў гэту задачу публічна ў агульных рысах: нам не патрэбна ніякая ломка МУС, а таксама перайменаванняў, фармальных мерапрыемстваў. Мы павінны спакойна правесці гэта рэфармаванне, зрабіўшы некалькі захадаў. Калі мы гатовы зрабіць першы захад у нейкім напрамку, значыць, мы павінны зрабіць, не разбураючы структуру, не парушаючы прынцыпаў работы міліцыі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў працэсе рэфармавання не павінна быць дэстабілізавана сама работа МУС. Больш таго, яна павінна быць палепшана. "Яна павінна быць больш эфектыўная", – адзначыў Прэзідэнт.
"Ну а самае галоўнае – мы ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць людзей у пагонах. Гэта не нейкі папулісцкі лозунг – так сапраўды павінна быць. Бо яны ж нікуды не дзенуцца, застануцца ў нашым грамадстве. А гэта найбольш уплывовыя людзі, да іх грамадства прыслухоўваецца, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Таму крыўдзіць людзей ні ў якім выпадку нельга. "Крыўдзіць" можна тых, хто не хоча працаваць, хто здраджвае інтарэсам службы. Вось з такімі трэба без шкадавання развітвацца. Але калі нехта памыліўся, трапіў у міліцыю не па закліку сэрца, няхай ён ідзе на іншую работу".
"Мы павінны пакінуць здаровы, моцны не проста касцяк, а кулак у МУС, які дастойна будзе несці сваю службу і ў аснову не будзе ставіць грашовае забеспячэнне. Гэта, вядома, важна, але ён павінен перш за ўсё гаварыць аб службе. Я вельмі дрэнна ўспрымаю ваенных, якія перш чым гаварыць аб службе, сваім абавязку, пачынаюць крычаць аб зарплаце і кватэрах. Зразумела, што гэтыя пытанні мы павінны вырашаць, і мы іх будзем вырашаць. Але, рэфармуючы МУС, падпарадкаваныя структуры, міліцыю наогул, мы павінны вельмі акуратна да гэтага падыходзіць. Лепш не спяшацца. Але галоўнае – не пакрыўдзіць людзей", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама паведаміў, што рэфармаванне ў бліжэйшы час закране не толькі органы міліцыі, але і іншыя дзяржаўныя органы: "Я сёння даручыў стварыць дзяржаўную камісію. Яе ўзначаліць Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Памочнік Кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч будзе ў яго намеснікам. Яны збяруць дзяржаўную камісію па рэфармаванню органаў дзяржаўнай улады".
"Лічу, што нам трэба будзе значна скараціцца ў дзяржаўных структурах, думаю, працэнтаў прыкладна на 25-30. Унізе менш, уверсе больш, устараніўшы непатрэбныя функцыі і значна пасля павялічыўшы грашовае забеспячэнне і заработную плату дзяржслужачых. І адсюль – міліцыі, ваенным і гэтак далей, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Я разумею, што мы адразу з гэтай задачай не справімся, але яе таксама трэба пачынаць. Я гэта кажу таму, што Вы павінны арыентавацца не на скарачэнне нейкіх структур з мэтай павелічэння іншых структур МУС, а на скарачэнне ў нейкай ступені ў патрэбных памерах таксама і нашых органаў міліцыі".
"Але мы павінны адразу падумаць аб павелічэнні ўлады міліцыі. Ні ўчастковы, ні міністр, ні іншыя, ніхто не павінен бегаць па дзесяць разоў па адным і тым жа месцы і ўгаворваць некага. Міліцыянер павінен прыйсці і на падставе дакладных заканадаўча прапісаных норм запатрабаваць выканання абавязкаў той ці іншай асобай, і больш там не з'яўляцца, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Тады і колькасць не патрэбна такая".
"Гэта значыць узмоцніцца і адпаведная ўлада службовых асоб у міліцыі, і не толькі міліцыі. Тады мы значна можам скарачаць дзяржаўны апарат, міліцыю, іншыя падраздзяленні і значна павялічваць грашовае забеспячэнне і заработную плату. У адваротным выпадку народ не прыме павелічэння заработнай платы, дапусцім, напалавіну. Народ не ўспрыме, калі ён будзе маленькую зарплату атрымліваць, а мы павялічаны бюракратычны апарат будзем фінансаваць намнога вышэй, чым сярэдняя зарплата па краіне. Гэта значыць усё павінна быць сумленна, аб'ектыўна і справядліва. Гэта будучае", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму, можа, у нас і не атрымаецца мець, як мы раней планавалі, дапусцім, участковага і яго памочніка. Можа, узмацніць значна ўладу ўчастковага, каб яму не давялося звяртацца да іншых рычагоў і іншых людзей для рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў. Я асабіста гатоў на гэта пайсці. І, лічу, людзі нас зразумеюць. Галоўнае, каб быў мір, спакой у грамадстве і забяспечана бяспека людзей", – дадаў Прэзідэнт.
Ігар Шуневіч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб папярэдніх выніках работы па рэфармаванню сістэмы органаў унутраных спраў і планах на будучае. Гэты працэс развіваецца па трох асноўных напрамках: ідэалагічнае і кадравае забеспячэнне органаў унутраных спраў, рэфармаванне міліцыі грамадскай бяспекі і рэфармаванне крымінальнай міліцыі.
Па выніках сустрэчы Кіраўніком дзяржавы дадзены шэраг даручэнняў адносна далейшай работы ў гэтым ключы, намечаны асноўныя рубяжы і этапы ўдасканалення органаў унутраных спраў. Таксама вырашана, што ў бліжэйшы час на гэту тэму адбудзецца асобная нарада.