Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка задаволены вынікамі работы МУС у 2013 годзе. Такую ацэнку Кіраўнік дзяржавы даў 14 студзеня, прымаючы з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

    Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў нядаўняе прысуджэнне дзяржаўных узнагарод кіраўніцтву сілавога блока. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта перш за ўсё ацэнка вынікаў работы за мінулы год. "Міністэрства абароны правяло вельмі маштабнае вучэнне, і, вядома, у гэтым вельмі вялікая заслуга Міністра - Юрыя Жадобіна. І тое, што дзясяткі ваенных гарадкоў аднавілі з руін і попелу, прывялі ў нармальны стан, і тое, што ў нас армія адчувае сябе як армія, і тое, што мы вызначыліся на перспектыву - гэта вялікая яго заслуга", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Узнагароду старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку Прэзідэнт растлумачыў яго вялікім асабістым укладам у стварэнне Следчага камітэта.

    Што датычыцца ўзнагароджання Міністра ўнутраных спраў, то Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго склалася добрае меркаванне аб рабоце міліцыі ў мінулым годзе. "Міліцыя працавала нядрэнна. Гэта не для пахвалы. Вы ведаеце, што я не вельмі люблю захвальваць людзей, але тым не менш трэба аддаць належнае", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб існуючых праблемных пытаннях у міністэрстве, а таксама аб сітуацыі з кадрамі, наколькі атрымалася яе змяніць у МУС і падначаленых структурах у сувязі з праведзенай рэарганізацыяй. Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што вынікі дзейнасці як МУС, так і іншых сілавых ведамстваў, пракуратуры, будуць разгледжаны пазней.

    Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч далажыў аб некаторых пытаннях развіцця сістэмы МУС у будучым, прапанаваўшы шляхі далейшага ўдасканалення і рэфармавання.

    Гаворачы аб выніках работы за 2013 год, Міністр адзначыў, што ўдалося дабіцца зніжэння агульнага ўзроўню злачыннасці. Так, у мінулым годзе зарэгістравана амаль на 12 тыс. менш заяў і паведамленняў аб злачынствах. Скарацілася колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі і непаўналетнімі. На думку Ігара Шуневіча, станоўчых вынікаў удалося дабіцца дзякуючы прафілактыцы правапарушэнняў.

    Акрамя таго, меры, якія прымаюцца ў дзяржаве, далі магчымасць дабіцца зніжэння траўматызму і смяротнасці на дарогах. Так, амаль на 26% зменшылася колькасць парушэнняў скораснага рэжыму, і як вынік - знізілася колькасць загінуўшых і раненых грамадзян.

    Па выніках даклада Кіраўнік дзяржавы вызначыў Міністэрству ўнутраных спраў задачы для рэалізацыі ў бліжэйшай перспектыве і даў даручэнні, накіраваныя на далейшае ўдасканаленне дзейнасці органаў унутраных спраў.