Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў МУС у складзе міжведамаснай камісіі прааналізаваць сітуацыю ў прамысловасці і будаўніцтве. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы з дакладам Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

    У цэнтры ўвагі былі пытанні рэфармавання і аптымізацыі ў сістэме МУС. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў праваахоўным органам сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і Камітэтам дзяржкантролю прааналізаваць сітуацыю ў шэрагу галін, такіх як прамысловасць, сельская і камунальная гаспадарка, будаўніцтва.

    "Трэба ўзняць на паверхню цэлы пласт праблем, якія там існуюць. У гэтым выпадку пачнём з будаўнічай галіны, паколькі мы нядаўна некаторыя пытанні абмяркоўвалі, - сказаў Прэзідэнт. - Той узровень будаўніцтва, які існуе ў нашай краіне, абсалютна недапушчальны. Поўная расхлябанасць і бязладнасць, карумпіраванасць. Я ўжо не аднойчы гэта гаварыў. Таму трэба ўвесь пласт праблем узняць на паверхню, прывесці да прытомнасці будаўнічую галіну, асабліва чыноўнікаў, якія там заняты, і прыняць адпаведныя меры. І прыкладна ў верасні мы выйдзем на фундаментальную нараду на ўзроўні Прэзідэнта па абмеркаванню гэтых пытанняў".

    Далей, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна вывучыць сітуацыю ў камунальнай, сельскай гаспадарцы і іншых сферах. "Без міліцыі гэтыя пласты мы не ўзнімем. Таму хацелася б, каб у камісіі, якая будзе створана, былі і вашы людзі, і ўся сістэма МУС папрацавала на тое, каб вывучыць і прыняць рашэнне па гэтых напрамках. Патрэбны сапраўды сур'ёзны аналіз сітуацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Ігар Шуневіч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб ходзе выканання даручэнняў па рэфармаванню сістэмы органаў унутраных спраў, а таксама аб бягучай аператыўнай сітуацыі, стане спраў з раскрыццём злачынстваў. Ігар Шуневіч канстатаваў, што меры, якія прымаюцца, даюць магчымасць уплываць на існуючую сітуцыю і забяспечваць пазітыўныя змяненні ў яе развіцці. "Практычна на 19% знізілася колькасць паведамленняў аб злачынствах, якія паступілі ў органы ўнутраных спраў. Гэта аб'ектыўна сведчыць аб тым, што ў нашых грамадзян прычын для звароту ў праваахоўныя органы стала менш", - адзначыў Міністр.