Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яну Шчоткіну

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня прыняў з дакладам Міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яну Шчоткіну. У цэнтры ўвагі былі пытанні ўдасканалення сістэмы прафесійнага пенсійнага страхавання, а таксама выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

    Закон аб прафесійным пенсійным страхаванні ўступіў у сілу з 1 студзеня 2009 года. Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект Указа, у адпаведнасці з якім работнікі, занятыя ў асаблівых умовах працы, маючыя да пачатку дзеяння Закона не менш як палавіну спецыяльнага стажу, атрымаюць права атрымліваць датэрміновыя пенсіі па ранейшаму заканадаўству, гэта значыць з агульнай пенсійнай сістэмы. Прэзідэнт гэту прапанову падтрымаў.

    Што датычыцца тых, хто да 1 студзеня 2009 года выпрацаваў менш як палавіну спецыяльнага стажу, то ім акрамя магчымасці атрымліваць або датэрміновыя, або дадатковыя пенсіі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту прадастаўляецца яшчэ адно права - па дамоўленасці з наймальнікам працэнт адлічэнняў можа ісці не ў фонд сацыяльнай абароны, а да заработнай платы. Пры гэтым прапануецца павялічыць адлічэнні на прафесійнае пенсійнае страхаванне.

    Прэзідэнту было таксама даложана аб дзейнасці наймальнікаў па ахове і паляпшэнню ўмоў для работнікаў, занятых у асаблівых умовах працы, узроўні іх зарплат, умовах атрымання пенсій, у тым ліку і датэрміновых. Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што ў Беларусі інстытут датэрміновых пенсій захаваўся, хоць у шэрагу дзяржаў ён або ліквідаваны, або больш строгі.

    Кіраўніку дзяржавы таксама быў прадстаўлены праект Указа, які датычыцца некаторых пытанняў назначэння і выплат дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

    У працуючых жанчын ёсць права прыпыніць сваю працоўную дзейнасць і пайсці ў сацыяльны водпуск па догляду дзіцяці, пакуль яму не споўніцца тры гады. У той час для самазанятых катэгорый работнікаў механізм па прыпыненню дзейнасці пакуль адсутнічае. У сувязі з гэтым яны вымушаны або ліквідаваць сваю дзейнасць і атрымліваць дапамогу на дзіця ў поўным аб'ёме, або прадаўжаць працаваць, але дапамога ім налічваецца ў памеры 50%.

    У прыватнасці, да гэтага часу адсутнічае механізм па прыпыненню дзейнасці для асобных катэгорый работнікаў, да якіх належаць індывідуальныя прадпрымальніка, рамеснікі, прыватныя адвакаты, натарыусы.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць простую і зручную сістэму прыпынення дзейнасці гэтых катэгорый работнікаў. Мінпрацы і сацабароны падрыхтуе і ўнясе праект Указа ў бліжэйшы час. "Мы разумеем, што гэтага прыпынення чакаюць нашы грамадзяне. Ва ўсіх павінны быць роўныя правы, яны павінны быць забяспечаны дзяржавай", - адзначыла Мар'яна Шчоткіна.

    Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне ў цэлым. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу, што дзейнасць усіх дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, прафсаюзаў павінна быць накіравана на тое, каб падтрымліваць сем'і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, разглядаючы кожны выпадак у індывідуальным парадку.

    Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць дадатковых мер падтрымкі сем'яў, у тым ліку і для падрыхтоўкі да школы.