Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам генеральнага пракурора Аляксандра Канюка

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 лютага прыняў з дакладам генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. На сустрэчы абмяркоўваліся крымінагенная сітуацыя ў краіне і прыярытэтныя напрамкі работы органаў пракуратуры ў бягучым годзе.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што акрамя гэтага даклада хацеў бы ў хуткім часе азнаёміцца з вынікамі дзейнасці за год усяго праваахоўнага блока ў комплексе. "Вы бачыце, што па Мінабароны, іншых сілавых ведамствах я падыходжу ўжо да гэтых пытанняў, цяпер ідзе маштабная праверка Узброеных Сіл. Нам трэба падумаць па праваахоўным блоку, у тым ліку пракуратуры, па пэўных напрамках", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы таксама згадаў аб дадзеных даручэннях па праверцы гаспадарчай дзейнасці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. "Я хацеў бы, каб пракуратура ўмяшалася ў гэтыя працэсы з пункту гледжання закона. Усё ж такі крыху разбалаваліся кіраўнікі асобных прадпрыемстваў, і не толькі дрэваапрацоўкі", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што праблема тут не толькі ў невыкананні тых ці іншых нарматыўна-прававых актаў, а ў тым, што зацягваецца час і наносіцца вялікі фінансавы ўрон дзяржаве. "Мы іншым разам ганяемся за адным, другім жулікам (гэта, вядома, трэба рабіць), знаходзім там сто мільёнаў рублёў страты, а тут мы страчваем мільёны долараў", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт звярнуў увагу і на сферу АПК, адзначыўшы, што ў некаторых гаспадарках ёсць па некалькі дзясяткаў службовых аўтамабіляў, а колькасць намеснікаў у кіраўніка замест аднаго, як у савецкія часы, даходзіць да сямі. "Так, плошчы вялікія і іншае, дык там жа ёсць спецыялісты па напрамках. Ніхто грошы не лічыць і хочуць, каб былі ніжэйшыя затраты. Гэтак жа і на іншых прадпрыемствах. Думаю, што тут ужо з'яўляецца работа і для пракурора, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Я не да таго, што трэба ўсіх хапаць і саджаць. У вас дастаткова і іншых мер ад папярэджання да ўнясення прадстаўлення органам улады".

    "Паглядзіце з пункту гледжання пракуратуры, вы там хутчэй вызначыцеся, у якім напрамку дзейнічаць, і трэба дапамагчы тут рэальнаму сектару навесці парадак, каб людзі адчувалі, што за гэта трэба адказваць. Калі яны не разумеюць размоў і ўгавораў, тады будзем прымяняць і іншыя падыходы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Генпракурор далажыў, што ўзровень злачыннасці ў цэлым знізіўся амаль на 5%. У той жа час за мінулы год павялічылася колькасць зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з хабарамі, злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі.

    Паводле слоў Аляксандра Канюка, гэта сведчыць аб актывізацыі работы праваахоўных органаў па выяўленні такіх злачынстваў, а не аб тым, што грамадства стала больш крыміналізаваным. Разам з тым ён прызнаў, што значныя хібы ёсць у пытанні прафілактыкі ўчынення злачынстваў. Выправіць сітуацыю дапаможа новая рэдакцыя закона аб прафілактыцы, які хутка ўступіць у сілу.

    Акрамя таго, на сустрэчы былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі ў дзейнасці пракуратуры ў бягучым годзе. Нараўне з далейшай аптымізацыяй органаў пракуратуры першарадная ўвага будзе ўдзяляцца сферам падаткаабкладання і ЖКГ.

    "На жаль, менталітэт нашых грамадзян, суб'ектаў гаспадарання не адпавядае часу. У нас няма яшчэ таго, каб да падаткаў ставіліся сур'ёзна, як ставяцца ў іншых краінах. Таму наша задача ў гэтым годзе прааналізаваць выкананне падатковага заканадаўства і прыняць строгія меры", - сказаў генпракурор.

    У сферы ЖКГ Аляксандр Канюк звярнуў увагу на захаванне правоў грамадзян пры карыстанні жылымі памяшканнямі. "Гэта праблема, з якой сутыкаюцца людзі ва ўсіх дамах, калі кучка асоб без пэўнага месца жыхарства, нягоднікаў, п'яніц бударажыць або тэрарызуе ўвесь дом, калі людзі не спяць па начах, чуваць гучная музыка. Гэта тэма павінна быць у полі зроку пракуратуры, і мы зоймемся вельмі сур'ёзна гэтымі рэчамі", - адзначыў генпракурор.

    Паводле слоў Аляксандра Канюка, неабходна выпрацаваць адзіны алгарытм вырашэння гэтай праблемы, каб даць нармальным людзям магчымасць спакойна жыць. Пры гэтым ён заўважыў, што адпаведнае заканадаўства ўжо ёсць, але практычная рэалізацыя на сённяшні дзень не знаходзіцца на належным узроўні.