Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка 

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

    У цэнтры ўвагі была крымінагенная сітуацыя ў краіне, а таксама выкананне дадзеных раней даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў рост колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. "Няхай у агульным плане па колькасці іх няшмат. Хоць калі мы вядзём размову аб забойствах, іншых цяжкіх злачынствах, гаварыць аб тым, многа або мала, параўноўваць некарэктна. Многа, мала не бывае. Яны ёсць, насцярожвае рост. Няхай на дзясятак - гэта рост", - адзначыў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць прафілактыкі злачынстваў. "Сямейна-бытавыя адносіны. Што там адбываецца? Што мы наогул не глядзім, што адбываецца ў сем'ях? Таксама сітуацыя напружаная. Усё ж такі мне здаецца, што нашы праваахоўныя органы, а на чале павінна быць пракуратура, забылі аб тым, што трэба займацца прафілактыкай. Я лічу, што трэба ў бліжэйшы час паглядзець на гэтыя пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт закрануў тэму эфектыўнага выкарыстання сродкаў, што накіроўваюцца на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, якая актыўна праводзіцца сёння ў краіне. "Мы бяром замежныя крэдытныя лініі, валюту пад пэўны працэнт. Трэба разумець, што крэдыты патрэбна вяртаць. Мы расхлябана да гэтых грошай адносіцца не маем права, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Міма пракуратуры гэтыя пытанні ні ў якім выпадку не павінны праходзіць".

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў таксама адсочваць сітуацыю са своечасовай выплатай заработнай платы: "Так, у нас гэта не набывае шырокага размаху, але ёсць калектывы, дзе зарплату плацяць несвоечасова. Пракурор гэта павінен бачыць".

    Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць аб канкрэтных крымінальных справах, у тым ліку карупцыйных, якія маюць грамадскае гучанне і знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. "Пасля таго як нам давялося адмовіцца ад паслуг Вашага намесніка Архіпава, гэта мяне пачынае насцярожваць. Магчыма, у нас сапраўды ў праваахоўных органах асобныя людзі займаюцца не тым, чым трэба. Недапушчальна, калі мы адмаўляем у даверы намесніку Генеральнага пракурора, звальняем яго. Гэта ненармальна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Сябры там яго ўцягнулі ў гэту аферу, чалавека забілі, п'яны вадзіцель. Не важна, якія ў іх там былі адносіны, але чалавек загінуў. Уявіце, як рэагуе на гэта сям'я. З дапамогай улады гэту справу замялі. Што падумаюць людзі, сям'я? Падумаюць, што ў нас улады няма? Дзе справядлівасць? Таму пракантралюйце, якія прымаюцца меры", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт даручыў Генеральнай пракуратуры сумесна з Вярхоўным Судом больш дасканала разбірацца ў рэзанансных справах, такіх, як жорсткае забойства дзяўчыны ў Гомелі. "Калі ты нягоднік і падонак ідзеш і не першы раз ужо ўчыняеш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але пакаранне павінна быць адпаведным. Вазьміце гэта на кантроль, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У адваротным выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэту тэмпературу ў грамадстве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты - адказвай па поўнай".

    Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, агульны ўзровень злачыннасці ў краіне знізіўся пры некаторым росце колькасці асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў. Адна з прычын, на думку Аляксандра Канюка, - у недастатковай увазе, якая ўдзялялася прафілактыцы бытавых злачынстваў на фоне актывізацыі барацьбы з эканамічнымі, карупцыйнымі правапарушэннямі. Генеральны пракурор выказаў упэўненасць, што ў бліжэйшы час сітуацыя будзе выпраўлена. Ён таксама адзначыў змяншэнне колькасці злачынстваў, якія ўчыняюцца вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап'янення. Аляксандр Канюк лічыць, што немалаважную ролю ў гэтым адыграў закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення", які ўступіў у сілу восенню бягучага года.