Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Дзяржсакратара Савета Бяспекі Леаніда Мальцава

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш эфектыўнай работы ў барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Аб гэтым ён заявіў 23 мая, прымаючы з дакладам Дзяржаўнага Сакратара Савета Бяспекі Леаніда Мальцава.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці рэгулярнага правядзення нарад з сілавымі структурамі - КДБ, МУС, Мінабароны і іншымі. "Мы з вамі дамаўляліся, што адзін раз у квартал, калі трэба і часцей, мы павінны збіраць такія нарады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што тэмы такіх нарад павінны быць актуальныя.

    У прыватнасці, у цэнтры ўвагі наступнай нарады павінна быць барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

    Прэзідэнт лічыць, што ў пытаннях барацьбы з карупцыяй праваахоўнымі органамі праводзіцца недастаткова актыўная работа.

    "Мяне вельмі насцярожвае тое, што ў нас фактычна гэтай праблемай займаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі, а астатнія на лаўрах спачываюць і лічаць, што гэта не іх праблема. А Пракуратура ж у нас галоўная структура, якая павінна займацца барацьбой з карупцыяй, курыраваць і кантраляваць гэту работу. МУС мае магчымасці значна большыя, чым Камітэт дзяржбяспекі. Скажу адкрыта, што ўчастковыя міліцыянеры і наогул міліцыя ведаюць усё, што робіцца ў краіне. Але ад МУС я такіх дзеянняў пакуль не бачу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што гэта не сведчыць аб тым, што неабходна "выхапіць шашкі нагала і секчы налева і направа". Паводле яго слоў, узровень карупцыі ў Беларусі прыкметна ніжэйшы, чым у іншых краінах, аднак у такой сітуацыі ні ў якім выпадку нельга дапусціць яе росту.

    Што датычыцца барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, то Аляксандр Лукашэнка тут таксама чакае большай актыўнасці праваахоўных органаў: "Празрыстай, дзелавой актыўнасці. Не хапаць і саджаць, але калі хтосьці гэтага заслугоўвае - калі ласка, але каб была эфектыўнай гэта барацьба з эканамічнымі злачынствамі".

    Прэзідэнт лічыць, што асноўныя сілы адпаведных праваахоўных органаў неабходна перакінуць на гэты напрамак.

    "Таму што як мне дакладвае і Міністр унутраных спраў, і Старшыня Камітэта дзяржбяспекі, і Старшыня Камітэта дзяржкантролю, ды і вы, што ў нас з барацьбой з бандытызмам усё нібыта больш-менш цярпіма", - сказаў Прэзідэнт.

    "Але недапушчальна, калі ў справядлівай, сумленнай і добрай краіне існуюць такія правапарушэнні. Мы не можам дапусціць, каб праз эканамічныя правапарушэнні ў нас адбылося расслаенне грамадства. Яно ўжо сёння ёсць: ён мае паўтара нейкага магазінчыка, а сям'я ездзіць на трох іншамарках, купленых па мільёну долараў. Адкуль, калі прыбытак вельмі малы ў гэтых паўтара магазінах? Значыць, дзесцьці ўтойваюць, займаюцца левымі схемамі, утойваюць ад падаткаабкладання даходы і гэтак далей. Я спецыяльна ўтрырую і бяру гэты дробны прыклад. Але ў нас ёсць "кіты" больш значныя, якія ўхіляюцца ад падаткаабкладання", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць прапановы ў гэтай частцы ад удзельнікаў плануемай нарады.

    Акрамя таго, на сустрэчы ішла размова аб падрыхтоўцы да святкавання Дня Незалежнасці: "Як мы рыхтуемся да парада, як мы яго будзем праводзіць? Ён павінен быць аптымальным, але эканоміць на істотным нельга - лепш не праводзіць парад наогул, чым праводзіць толькі для таго, каб правесці".

    Прэзідэнту даложана таксама аб ходзе аптымізацыі Дзяржаўнага Сакратарыята Савета Бяспекі, а таксама Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Пракуратуры, Узброеных Сіл. Паводле слоў Леаніда Мальцава, аптымізацыя гэтых структур адпавядае існуючай у краіне сітуацыі, і такая палітыка будзе прадаўжацца і ў далейшым.