Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандра Мяжуева

    У Беларусі будзе праведзена раптоўная праверка Узброеных Сіл. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня, прымаючы з дакладам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Мяжуева.

    "Мы ні ад каго не ўтойвалі, што нам у нейкі час давядзецца сур'ёзна праверыць нашы Узброеныя Сілы. Нават нягледзячы на тое, што (трэба аддаць належнае, і я ўжо аб гэтым гаварыў) за мінулы год Узброеныя Сілы былі на добрым узроўні і нямала зроблена Міністрам. Але тым не менш недатыкальных у краіне няма. Мы павінны, асабліва людзей у пагонах, правяраць на прадмет гатоўнасці дзейнічаць у любой сітуацыі ў любы час", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даручаў прапрацаваць прапановы па раптоўнай праверцы Узброеных Сіл і асобных часцей. "Гэта не павінна быць фармальным, гэта павінна быць вельмі сур'ёзна. Мы не для паказухі гэта робім, ды і грошай у нас няма, каб займацца паказухай", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Таму, зыходзячы з гэтых крытэрыяў, я хацеў бы пачуць, як і што мы будзем рабіць. Зразумела, гэта размова павінна быць закрытай, таму што гэта раптоўная праверка і ніхто ва Узброеных Сілах аб гэтым ведаць не павінен. Усе матэрыялы і рашэнні, якія будуць прыняты сёння і ў далейшым да праверкі, павінны мець абсалютна закрыты характар", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Аляксандр Мяжуеў далажыў Кіраўніку дзяржавы аб плане раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, падрыхтаваным у адпаведнасці з раней дадзенымі даручэннямі.