Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды Дня абаронцаў Айчыны

  • 17

Створаная ў Беларусі надзейная сістэма нацыянальнай бяспекі дае магчымасць своечасова рэагаваць на выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 23 лютага на прыёме кіруючага складу Узброеных Сіл і праваахоўных органаў з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта свята з'яўляецца адным з самых паважаных у краіне. Яно азначае не толькі даніну глыбокай павагі да нашай гераічнай гісторыі, але і шчырую ўдзячнасць людзям, якія прысвяцілі сваё жыццё абароне Радзімы. Самаадданая воінская праца заўсёды была ў пашане і таму Дзень абаронцаў Айчыны па праве з'яўляецца ўсенародным.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дарэчы падкрэсліць, што ў той свяшчэннай барацьбе з агрэсарам на абарону роднай зямлі ўзняўся ўвесь народ. Безумоўна, асноўны ўдар варожай арміі прынялі на сябе людзі ў пагонах і паказалі прыклад найвышэйшай доблесці і адвагі, стойкасці маральнага духу і самаадданай любові да Радзімы. Савецкая Армія, у радах якой змагаліся сотні тысяч беларусаў, знішчыла фашысцкую арду і прынесла свабоду не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропе.

Прэзідэнт адзначыў, што наш мужны народ, дастойна перажыўшы ўвесь цяжар вайны і акупацыі, застаўся непакораным і даказаў, што жыць у рабстве не будзе. "Гэты запавет пакалення пераможцаў з'яўляецца для нас асноўным і галоўным дэвізам стварэння, абароны і развіцця нашай суверэннай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

"Я не раз гаварыў і сёння асабліва хачу падкрэсліць, што мы будуем сваю міралюбівую, незалежную дзяржаву для таго, каб народ ніколі не быў пад чыім-небудзь бізуном.У гэтым мая асноўнай мэта як Кіраўніка дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Важным фактарам у яе дасягненні з'яўляюцца добра падрыхтаваныя Узброеныя Сілы, дзеяздольныя праваахоўныя органы, прызначаныя забяспечыць абараназдольнасць краіны і сацыяльна-палітычную стабільнасць у грамадстве".

"Мы жывём у дынамічным, зменлівым свеце. То тут, то там на планеце ўспыхваюць ачагі напружанасці. Таму нам нельга страчваць пільнасць. Вучыцца трэба на памылках іншых і не дапусціць нават самых малых праяў нестабільнасці ў нашай краіне". Прыкладаў таго вялікае мноства, уключаючы незатухальныя "рэвалюцыі" ў мусульманскім свеце і беспарадкі ў краінах Садружнасці, якія перыядычна ўзнікаюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, у гэтых адносінах паказальная сітуацыя ў суседняй Украіне, якая стала арэнай сутыкнення магутных знешніх і ўнутраных сіл.

"Нават у нашым грамадстве, як я заўважыў, намеціліся нейкія напружанні, апасенні за бяспеку і стабільнасць нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт. "Для нас майдан не тое што непрымальны, - майдана ў Беларусі не будзе. Гэта наш з вамі, людзей у пагонах, свяшчэнны абавязак і задача - захаваць мір і стабільнасць на нашай зямлі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, як бы ні адрозніваліся такія падзеі ў розных краінах, нельга не заўважыць агульныя характэрныя рысы. "Аслабленне ўлады ў дзяржаве, карупцыя, беспакаранасць і бязладнасць, безадказнасць улады, аб чым вельмі часта апошнім часам гаворым, прыводзяць да беспарадку і анархіі. Грамадства расколваецца, эканоміка стагніруе, людзі церпяць і становяцца сляпой прыладай дэструктыўных сіл. Калі ў нас сваіх не хапае, нам могуць падкінуць, і гэта мы таксама павінны мець на ўвазе. І быццам каршуны на дзяльбу здабычы злятаюцца замежныя "добразычліўцы", якія яшчэ больш распальваюць страсці і падкідваюць дровы ў агонь", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, Беларусь з прычыны свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці эканомікі не можа быць абмежавана ад уплыву большасці геапалітычных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. "Таму для нас так важна прадуманая сістэмная знешняя і ўнутраная палітыка, якая дае магчымасць абараняць Беларусь ад негатыўных з'яў, не дапускаць расколу ў грамадстве або анархіі, папярэджваць любыя варожыя намеры", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што "мы змаглі стварыць надзейную сістэму нацыянальнай бяспекі, якая дае магчымасць своечасова рэагаваць на выклікі, рызыкі і пагрозы".

Паводле слоў Прэзідэнта, "наша важнейшая суверэнная заваёва  - тое, што ў няпростых умовах нам удалося зберагчы згоду і спакой нашага народа". У Беларусі на працягу больш як 20 гадоў захоўваюцца мір і стабільнасць. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, гэты факт навейшай гісторыі і галоўная ўмова паспяховага развіцця Беларусі. У многім гэта дасягнута дзякуючы мужнасці, вытрымцы, бескарыслівай працы асабовага складу Узброеных Сіл і праваахоўных органаў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго факта, што ў Беларусі здолелі захаваць і развіць абаронны сектар эканомікі, навуковы патэнцыял, якія на самым высокім узроўні забяспечваюць распрацоўку і вытворчасць найноўшых узораў узбраення, якія не ўступаюць па сваіх характарыстыках прадукцыі ваеннага прызначэння вядучых дзяржаў свету.

Аднак, як заўважыў Прэзідэнт, пастаяннае ўдасканаленне, развіццё сістэмы забеспячэння бяспекі - працэс бесперапынны. "Таму наперадзе ва ўсіх нас вельмі напружаная работа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што неабходна сістэмная і самае галоўнае - папераджальная работа па падтрыманні бяспекі дзяржавы. "Мы павінны забяспечыць спакой, парадак і стабільнасць у грамадстве", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў удзячнасць кіраўнікам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, усім ваеннаслужачым за добрасумленную працу і павіншаваў усіх са святам. 

Па традыцыі Прэзідэнт Беларусі ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам сілавых структур. У прыватнасці, воінскае званне генерал-маёра прысвоена палкоўнікам Вадзіму Дзенісенку, Ігару Печаню і Юрыю Караеву, спецыяльнае званне генерал-маёра ўнутранай службы - палкоўніку Васілю Сцепаненку. Акрамя таго, спецыяльнае званне генерал-маёра юстыцыі прысвоена палкоўнікам юстыцыі Сяргею Буйноўскаму, Валерыю Гайдучонку. Класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа прысвоены намесніку генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксею Стуку.

Прэзідэнт Беларусі ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл таксама ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску

Акрамя таго, да падножжа манумента таксама былі ўскладзены вянкі ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, судоў, Нацыянальнага сходу, Савета бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама, Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў, буйнейшых грамадскіх арганізацый рэспублікі, ветэранаў, прадстаўнікоў дыпкорпуса, Выканкама СНД.

Пасля мінуты маўчання ў памяць аб загінуўшых і выканання Дзяржаўнага гімна Беларусі на плошчы ўрачыстым маршам прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі.

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. "Віншую з бліскучай перамогай на Алімпійскіх гульнях", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава.

Пасля кароткай размовы з дыпламатамі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся да жыхароў Мінска, якія прыйшлі на мерапрыемства. Як аказалася, сярод іх было шмат педагогаў, а таму размова зайшла менавіна аб сферы адукацыі. Прэзідэнт пацікавіўся хвалюючымі настаўнікаў праблемамі і выказаў сваё меркаванне наконт гэтага. Цяпер вельмі шмат гавораць аб тым, што настаўнікам быць не прэстыжна. Мне, вядома, балюча гэта чуць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт адзначыў, што даручыў адрэдагаваць правілы прыёму ў ВНУ так, каб даць больш магчымасцей для паступлення здольным юнакам і дзяўчатам з глыбінкі, якія ў працэсе вучобы могуць паказаць добрыя вынікі, нават у параўнанні са студэнтамі са сталіцы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў цэлым у Беларусі "вельмі размахнуліся па вышэйшай адукацыі". Паводле яго слоў, колькасць грамадзян, якія скончылі ВНУ, значана павялічылася нават у параўнанні з савецкім перыядам, а спецыялісты па асобных напрамках аказваюцца проста не запатрабаваны на рынку працы. Пры гэтым у частцы выпускнікоў прысутнічаюць завышаныя чаканні наконт далейшага працаўладкавання. "Дыплом атрымаў, не важна нават як, і ён лічыць, што яму заўтра Лукашэнка павінен даць вялікі стол і крэсла. Не ведаю. Гэта, напэўна, няправільны падыход", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца неабходнасці амаладжэння кадраў у сферы адукацыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў гэтым працэсе нельга дапусціць страты вопыту, які ёсць у выкладчыкаў старэйшага пакалення. Гэта датычыцца і іншых напрамкаў, у тым ліку дзяржаўнай службы. "Таму не трэба спяшацца. Ёсць разумныя юнакі і дзяўчаты, але ім усё роўна патрэбны вопыт, - сказаў Прэзідэнт. - Так, будзем імкнуцца да таго, каб моладзь ўсё ж такі займалася канкрэтнай справай".

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым згадаў аб нядаўняй нарадзе па пытанні работы індывідуальных прадпрымальнікаў, многія з якіх у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя былі вымушаны прыйсці ў гандаль менавіта са сферы адукацыі. "Яны пастаўляюць сюды тавар і прадаюць на гэтых рынках. Але гэта не справа кандыдата навук і прафесара. Гэта нават не справа чалавека з вышэйшай адукацыяй паехаць, па-старому кажучы, на Чаркізаўскі рынак у Маскву, набраць барахла без усялякіх дакументаў, прывезці сюды і тут прадаць, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Хоць гэта праца цяжкая. Але трэба прыходзіць да цывілізаванага стану. І, вядома, пакрыўдзіць іх таксама нельга. Але я ім прама сказаў: майдана не будзе ў Беларусі". 

Размаўляючы з грамадзянамі, Прэзідэнт падрабязна спыніўся на падзеях, якія адбываюцца ва Украіне. "У іх свае праблемы. Майдан для нас не навіна. Гэта ж не першы раз і, вы ведаеце, з першымі майданаўцамі (Віктар Юшчанка і іншыя) я да гэтага часу дружны. У іх свае пытанні, у нас - свае, і мы будзем на гэтым будаваць сваю палітыку. У іх свая дзяржава, а ў нас - свая", - сказаў беларускі лідар.

"У нас адзіныя мэты па Украіне. Украіна павінна быць цэласнай. Ніхто не павінен раздзярбаніць гэту вялікую краіну, яна нам не чужая. Таму не трэба перажываць, што вось, там нешта здарылася, у нас будзе. Трэба перажываць за тое, што нашы людзі там перажываюць гэты цяжкі крызіс. Гэта вельмі цяжка, і гэта толькі пачатак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Прыгожа на плошчы можна гаварыць, можна заклікаць да чаго заўгодна. Але заўтра ж пачнуцца пытанні эканомікі, фінансаў. Людзям трэба плаціць пенсіі, зарплаты, даць работу. Вось якія пытанні заўтра стануць перад рэвалюцыянерамі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

"Таму, калі ўсё па-добраму, па-мірнаму, нам наканавана жыць з імі у дружбе і згодзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нешта падобнае да ўкраінскага майдана спрабавалі зрабіць і ў Беларусі ў 2010 годзе. "Цяпер наш народ зразумеў, што магло б быць, калі б гэта дапусцілі. Але мы ж ні вадой іх не палівалі, ні слёзатачывы газ не прымянялі, нікому нічога не ламалі. Але калі ты дакрануўся да ваеннага чалавека, міліцыянера, спецназаўца, які вас спрабуе там разняць, адказ будзе імгненны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Як я магу дазволіць, каб ваеннаму чалавеку плявалі ў твар, а, тым больш, забівалі? Таму вы не хвалюйцеся. Усё будзе нармальна. Мы нічога адзін у аднаго не ўзялі, ні ў каго нічога не ўкралі і шыкоўнага за чужы кошт нічога не стварылі. Там давялі ўжо людзей да такога стану: некаторыя махнулі, думаюць, горш не будзе".

Тэму падзей ва Украіне Аляксандр Лукашэнка закрануў і ў час размовы з дыпламатамі. "Усё будзе нармальна, мы ж славяне", - сказаў ён, звяртаючыся да пасла Украіны ў Беларусі Міхаіла Ежаля.