Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстым прыёме, прысвечаным Дню жанчын

    Жанчыны адораны вялікай сілай любові і суперажывання, якая сапраўды мяняе свет. Гэты факт Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў 7 сакавіка на ўрачыстым прыёме ад імя Кіраўніка дзяржавы, прысвечаным Дню жанчын.

    "З першымі вясеннімі днямі ў нашы дамы ўваходзіць цудоўнае свята жанчын. Па добрай традыцыі з ім мы звязваем шанаванне маці, глыбокую павагу да прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва, захапленне іх прыгажосцю і душэўнасцю, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы натхняеце мужчын на выдатныя ўчынкі і дасягненне новых вышынь у розных сферах нашага жыцця".

    "Вы адораны вялікай сілай любові і суперажывання, і яна сапраўды мяняе свет. Ваша душэўная цеплыня і спагада падтрымліваюць у цяжкую хвіліну, вяртаюць веру і надзею. І сёння мы гаворым сардэчныя і шчырыя словы ўсім жанчынам, якія ідуць па жыцці побач з намі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Вы - захавальніцы сямейнага ўкладу і духоўных каштоўнасцей, правераных стагоддзямі. Вы ўвялі нас у свет і пастаянна дапамагаеце сваёй мудрасцю і клопатам. Усё лепшае ў нас закладзена менавіта вамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўніц прыгожага полу.

    Як адзначыў Прэзідэнт, няма такой прафесіі, роду дзейнасці, дзе жанчыны не займалі б дастойныя месцы. "Вы ніколі не стаялі ўбаку ад самых злабадзённых праблем грамадскага жыцця. Вы адчуваеце час, умееце прымаць нестандартныя рашэнні, а калі гэта неабходна, ісці на кампрамісы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка падзякаваў жанчынам за сардэчнасць і цярпенне, мудрасць і разуменне, за невычэрпную дабрату і ўменне рабіць свет светлым , радасным і па-сапраўднаму вясеннім.

    Прэзідэнт таксама пажадаў жанчынам шчасця, міру і сямейнага дабрабыту, каб здзяйсняліся іх запаветныя мары: "Няхай будзе сапраўднае моцнае плячо, на якое вы заўсёды можаце абаперціся".

    На прыём былі запрошаны жанчыны з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія дабіліся поспехаў і прызнання ў розных сферах, работніцы сістэмы аховы здароўя, адукацыі, прадстаўнікі спорту, навукі, сродкаў масавай інфармацыі, лепшыя студэнткі ВНУ, дзеячы культуры і мастацтва.