Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі
- 1
- 3:14
Чэмпіянат па хакеі ў Мінску стаў буйнейшым нацыянальным праектам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 мая на цырымоніі адкрыцця ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі з шайбай.
"Мы ішлі да гэтай падзеі пяць гадоў. Чэмпіянат стаў сапраўды буйнейшым нацыянальным праектам. У яго падрыхтоўцы і рэалізацыі актыўна ўдзельнічала ўся наша краіна. Мы вельмі рады, што нам выпаў гонар прыняць у сябе гэты турнір і падарыць аматарам хакея цудоўнае свята", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што створаныя спартыўныя арэны адпавядаюць самым высокім міжнародным стандартам, праведзена шырокамаштабнае добраўпарадкаванне месц для камфортнага адпачынку гасцей і жыхароў сталіцы. "Словам, зроблена ўсё, каб чэмпіянат свету ў Мінску стаў яркім, запамінальным і лепшым у свеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Не буду ўтойваць, нам давялося пераадолець нямала цяжкасцей: шантаж, палітычны націск з боку пэўных сіл, якія прадузята адносяцца да Беларусі. На шчасце, перамаглі разважлівасць і павага да спартыўных каштоўнасцей. У складах мацнейшых хакейных каманд свету да нас прыехалі ігракі, якія з'яўляюцца легендамі і зоркамі сусветнай велічыні", - адзначыў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў удзячнасць Міжнароднай федэрацыі хакея і яе партнёрам за падтрымку і адзначыў прынцыповасць кіраўніка гэтай арганізацыі Рэнэ Фазеля.
"Перакананы, што прадстаўнікі федэрацыі хакея, ігракі зборных каманд і балельшчыкі па заслугах ацэняць усё, што ўбачаць тут. Створаная за гэтыя гады спартыўная інфраструктура паслужыць павелічэнню колькасці прыхільнікаў спорту і ўмацаванню здароўя жыхароў Беларусі. Важна тое, што мы набылі бясцэнны вопыт арганізацыі такіх маштабных спартыўных мерапрыемстваў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, сучасны хакей - гэта перш за ўсё сплаў волі і спартыўнага майстэрства, мужная гульня на грані рызыкі і на мяжы фізічных магчымасцей, здольная выклікаць шчырае захапленне ў яе сапраўдных прыхільнікаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адкрыццё чэмпіянату праходзіць у асаблівы дзень - Дзень Перамогі. "У гэтай бязлітаснай вайне мы са Злучанымі Штатамі Амерыкі былі па адзін бок барыкад. Мы разам змагаліся супраць карычневай чумы, супраць нацызму. А сёння на гэтым кавалку лёду нас будзе раздзяляць гэта чырвоная лінія. І дай бог, каб у нашым жыцці мы толькі ў спорце былі твар у твар і па розныя бакі барыкад", - падкрэсліў беларускі лідар.
Перад цырымоніяй адкрыцця Аляксандр Лукашэнка зайшоў у раздзявалку да беларускіх хакеістаў. Прэзідэнт пажадаў ім поспехаў на турніры.
"Мы ад вас не патрабуем скокнуць вышэй галавы. Не трэба. Згуляйце ў сваю гульню. Не страшна, калі каманда прайграе. Калі каманда бязвольная, апусціла рукі - вось гэта крыўдна. Ні ў якім выпадку не апускайце рукі, змагайцеся да канца, якім бы ні быў лік", - заклікаў Прэзідэнт.
"Згуляйце так, як вы ўмееце. Магчыма, крыху лепш, таму што гэта чэмпіянат свету. І ў вашым жыцці, напэўна, ні ў каго ўжо такога дамашняга чэмпіянату не будзе. Вашы родныя, блізкія, сябры прыйшлі на вас паглядзець, і вы павінны паказаць сваю гульню", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
![]()