Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у свяце "Александрыя збірае сяброў"

  • 3

Свята "Купалле" і сама рака Днепр, на беразе якой яно праходзіць, аб'ядноўваюць тры славянскія народы - Беларусі, Расіі і Украіны. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на гэтым свяце, якое таксама мае назву "Александрыя збірае сяброў".

"Я сказаў бы, што гэта тыдзень нашага славянства, славянскага духу - тое, што нас аб'ядноўвае. Сімвалічна, што гэта пачынаецца тут, на беразе Дняпра, і прадоўжыцца праз некалькі дзён у цэнтры Еўропы, у нашым прыгожым і добрым горадзе Віцебску на "Славянскім базары". Гэта сведчыць аб тым, што мы ў свой час правільна вырашылі ў гэтыя святочныя дні збірацца тут", - сказаў Прэзідэнт.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у народзе "Купалле" таксама называюць святам землякоў. "Тут сустракаюцца землякі з Масквы і Піцера, з Кіева і Днепрапятроўска, я ўжо не кажу аб нашай роднай Беларусі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я таксама прыязджаю сюды да вас, сваіх землякоў, на гэту блізкую, родную мне зямлю. І мне здаецца, што я калісьці прайшоў кожны метр гэтай зямлі".

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што з-за напружанага графіка, вялікай колькасці міжнародных сустрэч апошнія чэрвеньскія дні і пачатак ліпеня былі для яго даволі цяжкімі. "І я чакаў гэтага дня, я ведаў, што прыеду на сваю зямлю. Тут я сябе адчуваю добра. Я хілю да таго, каб вы бераглі той куток, дзе вы нарадзіліся, дзе вы калісьці басанож прабягалі па мяккай траве, каталіся на санках або бегалі на лыжах, дзе вы вучыліся. Я праехаў увесь свет, але мяне заўсёды цягнула на родную зямлю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Купалле - вельмі светлае і добрае свята любові і надзей на гэту любоў. Ён пажадаў людзям не страчваць надзею і заўсёды дабівацца сваіх вялікіх і маленькіх мэт.

Кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, які з'яўляецца адным з цэнтральных мерапрыемстваў фэсту.

Свята "Александрыя збірае сяброў" ужо стала традыцыйным, праводзіцца чацвёрты раз. Яно праходзіць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, а таксама Магілёўскую і Віцебскую вобласці. Гэта месца выбрана не выпадкова, паколькі Днепр спакон веку служыў калыскай культуры многіх славянскіх народаў і на яго берагах традыцыйна праходзілі купальскія святкаванні, а сама водная артэрыя калісьці была неад'емнай часткай вялікага гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі".

Для ўдзельнікаў і гасцей была прадугледжана шырокая забаўляльная і культурная праграма. На святочнай пляцоўцы праходзіў "Александрыйскі кірмаш", дзе можна было набыць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сувеніры з сімволікай свята і работы народных майстроў. У праграме мерапрыемства таксама майстар-класы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру па кераміцы "Арт-жыжаль", прэзентацыі-дэгустацыі прадукцыі перапрацоўчай прамысловасці, гульнявая праграма "Купальскі карагод", выступленні творчых калектываў мастацкай самадзейнасці, забаўляльная танцавальная праграма для моладзі, тэатралізаваная абрадавая праграма "Чараўніцтва купальскай ночы", выстаўка "Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя", фестываль беларускага лёну, свята піва і многае іншае.

Гасцямі і ўдзельнікамі свята "Купалле" ў Шклоўскім раёне 6 ліпеня сталі 62 тыс. чалавек, што з'яўляецца рэкордам за ўвесь час яго правядзення.