Удзел у Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013"
- 27
Аграрная галіна, якая паспяхова развіваецца, з'яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 28 верасня на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па добрай традыцыі гэта свята падводзіць вынікі ўборкі збожжа: "Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы "Дажынкі", мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай падзеяй фествалю-кірмашу становіцца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому - хлеб".
Паводле яго слоў, сучасныя "Дажынкі" - гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Ён садзейнічае павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій. Пераможцы гэтай уборачнай кампаніі - сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія адбыліся, служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню, лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны год цэнтрам святкавання становіцца адзін з беларускіх гарадоў, якому ўся краіна дапамагае пераўтварыцца да свята і вырашыць многія жыццёва важныя пытанні. Жлобін - сёлетняя сталіца "Дажынак" - за кароткі тэрмін набыў другую маладосць. У ім пабудаваны і рэканструяваны больш як трыста аб'ектаў, абноўлены дамы і вуліцы, электрыфікавана чыгунка, якая звязвае горад з Мінскам.
Прэзідэнт пахваліў жыхароў Жлобіна за тое, што яны змаглі так хутка падрыхтавацца да рэспубліканскага свята. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўсё зробленае застанецца жыхарам Жлобіна як падарунак гасцінным гаспадарам фестывалю.
Аляксандр Лукашэнка адказаў скептыкам, якія звяртаюць увагу на недахопы, маўляў, не ўсё паспелі да свята зрабіць: "Дык ёсць над чым працаваць. Паколькі мясцовыя кіраўнікі не ставілі за мэту пабудаваць новы горад. Мы хацелі прывесці ў парадак тое, што ёсць, і паказаць, як павінна быць. Таму ўсе павінны пасля гэтага напружыцца і з дапамогай вобласці, рэспубліканскай улады пакрыху дайсці да ўскраін і зрабіць горад самым квітнеючым. Такая мэта павінна быць у кожнага".
"Тое, што мы бачым сёння ў фестывальнай сталіцы, служыць пацвярджэннем бясспрэчнай ісціны, якая ляжыць у аснове нашай палітыкі: будзем лепш працаваць - будзем лепш жыць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сучасная аграрная галіна, якая паспяхова і дынамічна развіваецца, з'яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту".
Паводле слоў Прэзідэнта, ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё эканомікі, а значыць, - незалежнасць дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што за апошнія дваццаць гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага багацця, экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $5 млрд. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база аграпрамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці ўгнаенняў, якія не толькі забяспечваюць патрэбнасці беларускіх аграрыяў, але і актыўна пашыраюць прадукцыю на знешнім рынку.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы сістэмнай дзяржаўнай палітыцы па адраджэнню і развіццю вёскі ў краіне не дапусцілі значных памылак на шляху станаўлення аграрнай галіны і захавалі галоўны залог яе прагрэсіўнага развіцця - буйнатаварную вытворчасць. Прадумана ўклалі грошы ў мадэрнізацыю матэрыяльнай базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і паляпшэнне сацыяльнай сферы вёскі, змаглі захаваць і падтрымаць працавітае беларускае сялянства, прыцягнуць у вёску высокакваліфікаваных спецыялістаў і стварыць умовы для замацавання там моладзі ў будучым. Адышло ў мінулае само паняцце "бітва за ўраджай". Галоўныя сельскагаспадарчыя кампаніі - сяўба і жніво - праходзяць ужо без аўралаў, у нармальным планавым рэжыме.
Высокатэхналагічныя вытворчыя аб'екты складаюць аснову айчыннай жывёлагадоўлі. З 2005 года пабудаваны каля 500 малочнатаварных комплексаў і ферм, амаль 2 тыс. прайшлі карэнную рэканструкцыю.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дасягненні аграрнай галіны відавочныя. На працягу шэрага гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса Беларусь зраўнавалася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяе развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Параўнальна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку суветных лідараў па экспарту малакапрадуктаў.
Адзначаючы дасягненні беларускіх аграрыяў, Кіраўнік дзяржавы разам з тым адзначыў, што сучасныя рэаліі патрабуюць яшчэ больш высокіх вынікаў. "Было б няправільна, калі б я не сказаў: тое, чаго дасягнулі, - заўтра мала. Галоўная праблема, з якой трэба сёння пазмагацца і заўтра перамагчы яе, - гэта затраты ў сельгасвытворчасці. Калі ў бліжэйшыя два гады мы на чвэрць не зменшым затраты, то будзем мець сумны выгляд", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, збожжавай гаспадарцы ў Беларусі традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага. Практыка мінулага года паказала, што пры спрыяльных умовах надвор'я сельскагаспадарчым арганізацыям пад сілу збіраць ураджаі на ўзроўні 10 млн.т. "Была пастаўлена задача - замацавацца на гэтым узроўні. Мінулыя гады мы маглі гэта зрабіць. Цяпер - не атрымалася. Ва ўсіх абласцях ураджайнасць каласавых культур у бягучым годзе знізілася, і таму чакаецца валавы збор збожжа (з улікам кукурузы) каля 9 млн.т", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба спасылацца толькі на зацяжную зіму, познюю сяўбу і іншыя капрызы прыроды. Паколькі зменлівасць і непрадказальнасць умоў надвор'я - гэта норма работы сельскай гаспадаркі ў Беларусі, і да яе трэба быць гатовымі.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сельскагаспадарчай вытворчасці неабходна сфарміраваць занальную спецыялізацыю і ўкараніць адаптыўныя тэхналагічныя працэсы, якія змогуць рэалізаваць патэнцыял раслін як у дождж, так і ў засуху. Прыклады паспяховага процістаяння любым неспрыяльным умовам надвор'я ў краіне ёсць. Так, у бягучы, не самы просты для хлебаробаў, год 120 гаспадарак краіны намалацілі 50 і больш цэнтнераў з гектара, 44 гаспадаркі - больш як 60 цэнтнераў.
Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што акрамя фактараў надвор'я на вытворчасць збожжа ўплываюць хібы арганізацыйнага і тэхналагічнага плана. "Часта менавіта высокі прафесіяналізм і арганізацыйныя здольнасці кіраўнікоў гаспадарак і іх штабоў вызначаюць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"У Беларусі, нягледзячы на складананыя ўмовы надвор'я і праблемы, чаканы валавы збор збожжа дае магчымасць поўнасцю забяспечыць краіну харчовым і фуражным збожжам, уключаючы пшаніцу, нарыхтаваць неабходную колькасць піваварнага ячменю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках спаборніцтваў, дзе ўлічваецца рэзультатыўнасць работы, сабраны ўраджай і развіццё сацыяльнай сферы, аднаасобным пераможцам другі год запар стала Брэсцкая вобласць, перш за ўсё за кошт эфектыўнай эканомікі сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт адзначыў вынікі ўборкі збожжавых і ў іншых рэгіёнах. Як і папярэднія гады, усе вобласці перавысілі мільённы намалот збожжа (з улікам кукурузы). Звяртаючыся да кіраўнікоў усіх абласцей, Прэзідэнт заўважыў, што вынікі на хлебнай ніве могуць і павінны быць больш важкімі і 10 млн.т збожжа ў год - гэта поўнасцю рэальны дасягальны рубеж.
"Каб яшчэ больш стымуляваць работу на канчатковы вынік, можа, нам трэба падумаць аб тым, каб вызначаць пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю сярод абласцей, раёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый па выніках сельскагаспадарчага года, паклаўшы ў аснову дасягнутыя фінансава-эканамічныя паказчыкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён удакладніў, што час уносіць свае карыктывы, і сёння галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу павінен стаць атрыманы прыбытак.
"Дажынкі" - гэта не толькі час падвядзення вынікаў мінулага жніва, але і нагода пагаварыць аб наступным ураджаі і аб заўтрашнім дні нашай аграрнай галіны ў цэлым, - адзначыў Прэзідэнт. - Плануючы на наступны год, усім нам важна ўлічыць рэаліі, якія складваюцца з удзелам Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы, і тэндэнцыі сусветнага рынку, у тым ліку ўступленне Расійскай Федэрацыі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю".
"Сфарміраваныя на этапе адраджэння беларускай вёскі механізмы гаспадарання, якія забяспечылі рост валавой прадукцыі АПК, сёння патрабуюць істотнай карэкціроўкі. Важна не толькі атрымаць, але і выгадна прадаць вынікі сваёй працы, умацаваўшы тым самым эканоміку сельскагаспадарчых арганізацый. Мы нядрэнна навучыліся працаваць, цяпер трэба навучыцца прадаваць сваю прадукцыю і па добрай цане", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што штогод дзяржава ўкладвае ў аграрны сектар амаль $2 млрд. Паводле яго слоў, у бліжэйшай перспектыве такая падтрымка будзе выдзяляцца адрасна, толькі на мэтавыя праграмы развіцця галін АПК і буйныя інвестыцыйныя праекты, якія дадуць хуткую аддачу.
"Сёння важнейшая задача для аграрыяў - навучыцца працаваць на прынцыпах самафінансавання і атрымліваць прыбытак, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна паўсюдна на інавацыйнай тэхніка-тэхналагічнай аснове павысіць эфектыўнасць выкарыстання прыродных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў. Прадоўжыць аптымізацыю аграрнай вытворчасці ў напрамку стварэння буйных холдынгаў і прадуктовых кампаній. Гэта павінна стаць азбукай для ўсіх кіраўнікоў аграрнай сферы". Савету Міністраў да канца года даручана прапрацаваць адпаведныя аспекты.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў фестывалю-кірмашу "Дажынкі" ёсць будучае, аднак прапанаваў падумаць над тым, як праводзіць яго яшчэ больш эфектыўна, у новым фармаце, больш шырока адзначаць гэта свята ў рэгіёнах.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2013 годзе першыя месцы. У якасці ўзнагароды перадавікі атрымалі легкавыя аўтамабілі і грашовыя прэміі.
Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю-кірмашу была арганізавана шырокая культурна-забаўляльная праграма, цэнтральнай падзеяй якой стаў канцэрт майстроў мастацтваў "Гомельшчына фестывальная - працаўнікам вёскі Рэспублікі Беларусь".
У святочным Жлобіне Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці руху пасажырскіх электрапаяздоў на электрыфікаваным участку дарогі Асіповічы - Жлобін.
Прэзідэнту далажылі аб завяршэнні электрыфікацыі чыгункі на гэтым участку і планах па далейшай электрыфікацыі Беларускай чыгункі да 2020 года. Рэалізацыя адпаведных планаў дасць магчымасць павысіць транзітную прывабнасць міжнародных транспартных калідораў, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі, знізіць эксплуатацыйныя расходы і сабекошт перавозак.
Што датычыцца ўчастка Асіповічы - Жлобін, то з яго ўвядзеннем завершаны першы этап рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, што прадугледжвае паэтапную электрыфікацыю да 2015 года трох участкаў: Жлобін - Асіповічы, Гомель - Жлобін і Жлобін - Калінкавічы. Як далажыў Прэзідэнту начальнік БЧ Уладзімір Марозаў, электрыфікацыя гэтых участкаў дасць магчымасць скараціць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў больш як на $11 млн. у год і значна палепшыць эксплуатацыйныя характарыстыкі.
Паводле слоў Уладзіміра Марозава, усяго ў Беларусі з улікам новага ўчастка электрыфікавана каля 1 тыс.км чыгункі пры агульнай працягласці 5,5 тыс.км. Менавіта на яе прыпадае значная частка аб'ёму грузаперавозак. У бліжэйшыя гады працэнт электрыфікаваных чыгунак у Беларусі плануецца давесці да 23% з цяперашніх 16%. Акрамя таго, праводзіцца работа па абнаўленню і мадэрнізацыі парку электравозаў, заключаны кантракты на пастаўку новых лакаматываў.
Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуў увагу на неабходнасць максімальнага павелічэння лакалізацыі выпускаемай у Беларусі сумесна з замежнымі партнёрамі тэхнікі для чыгункі. Гэта, у прыватнасці, датычыцца сумеснага праекта са швейцарскай кампаніяй "Штадлер Рэйл Груп".
Прэзідэнт пацікавіўся, як рэалізуецца даручэнне па стварэнню пасажырскіх чыгуначных зносін паміж сталіцай Беларусі і Нацыянальным аэрапортам Мінск. Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак далажыў, што стварэнне асобнай прамой пасажырскай лініі немэтазгодна, зыходзячы з параўнальна невялікіх аб'ёмаў пасажырапатоку. Разам з тым выкарыстанне існуючай чыгуначнай інфраструктуры з будаўніцтвам адгалінавання на аэрапорт значна зменшыць кошт праекта. Пры гэтым час на перавозку пасажыраў павялічыцца ўсяго на 10-15 мінут.
Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з добраўпарадкаваннем і сацыяльна-эканамічным развіццём Жлобіна і Жлобінскага раёна, наведаў узведзеныя ў горадзе новыя аб'екты. Адзін з іх - універсальная спартыўная зала, дзе Кіраўнік дзяржавы папрысутнічаў на матчы маладзёжных валейбольных каманд.
Інфраструктура гэтага спартыўнага збудавання дае магчымасць развіваць такія гульнявыя віды спорту, як валейбол, баскетбол, гандбол і міні-футбол. Магчыма таксама прадастаўленне паслуг вялікага і настольнага тэніса, бадмінтона і правядзенне спаборніцтваў па спартыўных і бальных танцах.
Акрамя таго, Прэзідэнт наведаў гасцінічны комплекс "Дняпроўская жамчужына".
Гасцініца была пабудавана ў рэкордныя тэрміны - за 6 месяцаў. Дасягнуць гэтага ўдалося за кошт інтэнсіфікацыі працы, зладжаных дзеянняў генпадраднай, субпадрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў. Гасцініца разлічана на 114 пастаяльцаў, тут таксама ёсць кафэ, боўлінг-клуб, більярд, канферэнц-зала, памяшканне для дзелавых перагавораў. Будынак уяўляе сабой адзіны комплекс з цэнтрам алімпійскага рэзерву, размешчаным побач з гасцініцай.
Азнаёміўшыся з добраўпарадкаваннем горада і новымі сацыяльнымі аб'ектамі, Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку праведзенай рабоце і падкрэсліў, што цяпер галоўнае ўсё гэта захаваць і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць на карысць людзей.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў.
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся яго меркаваннем адносна перспектыў развіцця фестывалю-кірмашу "Дажынкі".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта свята магло б стаць турыстычным брэндам Беларусі. "Я быў бы гэтаму вельмі рады. І наўрад ці знойдзецца чалавек, які выказаў бы процілеглы пункт гледжання. Гэта сапраўды было б добра", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што і цяпер на "Дажынкі" прыязджаюць замежныя госці, аднак гэта ўсё ж адзінкі. "Вядома, калі б мы разгарнуліся так, што да нас на "Дажынкі" ехалі з усіх канцоў свету, было б нядрэнна", - сказаў Прэзідэнт. "Але мы такой вялікай задачы не ставілі", - дадаў ён.
Паводле яго слоў, людзі, якія пабывалі на "Дажынках", едуць са свята з добрымі ўражаннямі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што фестываль-кірмаш мог бы прыцягнуць і беларусаў, якія пражываюць за межамі краіны, а таксама жыхароў суседніх з Беларуссю дзяржаў, славянскіх краін.
"Словам, ёсць над чым падумаць. Нам трэба ў гэтым напрамку папрацаваць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне аб тым, што неабходна для чарговага якаснага кроку ў развіцці сферы сельскай гаспадаркі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта галіна павінна выходзіць на самазабеспячэнне.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для сельскай гаспадаркі ў Беларусі сапраўды нямала зроблена: "Кожны год мы ўкладваем у сельскую гаспадарку, дапамагаем вёсцы на суму да $2 млрд. А ўвогуле амаль $50 млрд. за апошнія гады інвесціравалі ў сельскую гаспадарку".
"Таму наступны крок павінен быць не за дзяржавай, а за аграрыямі. Сёння аграрыі павінны нам даць больш прадукцыі з меншымі затратамі. Гэта самае галоўнае. Калі мы не скароцім у сельскай гаспадарцы затраты на вытворчасць прадукцыі, мы будзем неканкурэнтаздольнымі нават на ўласным рынку", - адзначыў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што асобныя высокарэнтабельныя праекты, якія хутка акупляюцца, дзяржава будзе падтрымліваць, а ў астатнім аб'ёмы падтрымкі будуць скарачацца. "Не толькі таму, што Расія ўступіла ў СГА, што мы ў Мытным саюзе маем абавязацельствы. Справа ў тым, што сельская гаспадарка павінна выходзіць на самазабеспячэнне", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што ў Беларусі мэтазгодна займацца вырошчваннем асобных культур, якія імпартуюцца, але, магчыма, не вельмі традыцыйныя для айчынных аграрыяў. Так, яшчэ некалькі гадоў таму большую частку цыбулі і часнаку даводзілася завозіць з-за мяжы, але цяпер гэта прадукцыя ў дастатковай колькасці вырошчваецца ў Беларусі. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў і той факт, што ў Беларусі ўдаецца паспяхова вырошчваць нават бахчавыя культуры.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, вельмі важна навучыцца эфектыўна гандляваць атрыманай прадукцыяй. "Вядома, тыя, хто займаецца гэтым, Урад і губернатары, прыбаўляюць з году ў год, яны многаму навучыліся. Гэтаму садзейнічалі буйныя мясныя і малочныя кампаніі. Яны выходзяць на рынкі. І самае галоўнае, што з цэнтра гэтыя працэсы рэгулююць такім чынам, што гэтыя кампаніі не канкурыруюць самі з сабой, дапусцім, на рынку Расіі", - адзначыў беларускі лідар.
"Але ўсё роўна самая галоўная праблема для краіны ўвогуле і для сельскай гаспадаркі ў прыватнасці - навучыцца гандляваць, дорага прадаваць сваю прадукцыю", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта сітуацыяй у грашова-крэдытнай сферы, папрасіўшы пракаменціраваць размовы аб магчымай дэнамінацыі і дэвальвацыі беларускага рубля.
Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Пытанне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты наогул сёння не стаіць. Навошта ставіць задачу абясцэніць, дэвальваваць нацыянальную валюту?! Напэўна, ніводны кіраўнік такую задачу перад сабой не ставіць. Наадварот, нам трэба ад яе адысці".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо гаварыў, што ў краіне не будзе штучна падтрымлівацца беларускі рубель, як і іншыя валюты ў выпадку ўмацавання беларускага рубля. Паводле яго слоў, усе будзе залежаць ад попыту і прапанавання.
Прэзідэнт заўважыў, што гэта праблема поўнасцю знаходзіцца ў руках прадпрыемстваў і народа. "Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, калі суб'екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што пройдзе дэвальвацыя, хтосьці на гэтым выйграе, будуць спараджацца чаканні, а нашы нягоднікі, "свядомыя", якія "плявузгаюць" языкамі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, народ будуць падаграваць, а вы будзеце іх слухаць і зноў бегчы ў абменнікі - гасподзь вам у дарогу, значыць, вы самі прыведзяце да таго, што аслабіце нацыянальную валюту", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Будзе вялікі попыт на валюту - будзе абясцэньвацца беларускі рубель, не будзе гэтага попыту - спакойнай будзе сітуацыя, спакойна выйдзем з гэтага становішча", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава будзе выкарыстоўваць усе інструменты, каб не дапусціць рэзкіх ваганняў курсу. "Нацыянальны банк, вядома ж, умешваецца ў працэс, каб збіць гэтыя вострыя пікі. Калі, дапусцім, рэзкі спад - мы падтрымліваем сваю нацыянальную валюту, рэзкае прапанаванне па валюце - Нацыянальны банк скупляе. Былі такія перыяды", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, з пачатку года куплена прыкладна на $150-200 млн. валюты больш, чым прададзена. "Але апошнімі месяцамі, я гляджу, наш народ пабег у абменныя пункты. Ну, бяжыце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ўжо навучаныя горкім вопытам. Яшчэ раз падкрэсліваю: ваш лёс у гэтым плане ў вашых руках".
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што было складана стрымліваць працэсы курсаўтварэння на валютным рынку, асабліва са зніжэннем паказчыкаў работы калійнага камбіната. "Вы ведаеце, што сітуацыя была ў эканоміцы няпростай. Бушуе сусветны крызіс, вы бачыце, што адбываецца па ўсім свеце", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што цяпер пайшло ажыўленне і прадпрыемствы пачалі даваць большы прыток валюты, чым летам. "Гэта абнадзейвае. Але супакойвацца не трэба", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама пракаменціраваў сваю нядаўнюю заяву аб магчымасці ўвядзення выязной пошліны для беларускіх грамадзян.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі варыянт прапаноўваўся ў якасці магчымай меры для зніжэння адтоку валюты за мяжу.
"Я клапачуся не за тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, я перажываю, што пад $3 млрд. валюты вывозіцца штогод з краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вось сказаў, сабе на шкоду, напэўна. Хоць я гэтага не баюся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"А ўвогуле, гэта сур'ёзнае пытанне. Мы гаворым аб валюце, што ёсць праблема. Вы ведаеце, колькі нашы мяшочнікі-чаўночнікі вывозяць валюты за межы краіны? Пагранічнікі падлічылі - больш як $2 млрд. Калі б гэта ў краіне заставалася, то мы жылі б зусім інакш", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Кажуць: вы вырабляйце, як на Захадзе, - мы будзем гэтыя "шмоткі" купляць у Беларусі. Па-мойму, нашы нядрэнна сёння гандлююць і вырабляюць, і можна нармальна адзецца, - лічыць Прэзідэнт. - Па-другое, а калі ў гэтай сітуацыі трэба адзецца ў беларускае, пацярпець? Вось ты вельмі вялікі прыхільнік нямецкага адзення, напрыклад, ну пацярпі ў гэтай сітуацыі. Не, ніхто ж не хоча! Ён купіў тут долары або еўра, адносна нядорага, выехаў, вывез гэту валюту". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго непакоіць тое, што тым самым падтрымліваецца эканоміка Еўрапейскага саюза.
"Таму я і кажу, што трэба шукаць нейкія рычагі, як іншыя дзяржавы гэта робяць. Добра, не будзем з цябе браць сто долараў, але будзеш увозіць "шмоткі", як у іншых дзяржавах, заплаціш пошліну. Гэта ж нармальна, цывілізавана", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што Урад па яго даручэнню думае над гэтым.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі неабходна вырабляць такую прадукцыю, каб насельніцтва не ехала за ёй за межы краіны.
"А гэтыя меры часовыя, другарадныя, калі нават і будуць уведзены", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Крыху народ здрыгануўся, страпянуўся, пасварыўся на Лукашэнку - таксама нядрэнна, я павінен быць у тонусе. Але трэба супакоіцца. Горш для людзей мы ніколі не рабілі і рабіць не будзем. Мы ўзважым прычыны і выберам лепшы ход, каб было добра і дзяржаве. А дзяржава - гэта ў цэлым народ", - сказаў Прэзідэнт.
Прадстаўнікі СМІ таксама папрасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць змешчаныя ў асобных выданнях домыслы, што мера стрымання гендырэктару "Уралкалія" Уладзіславу Баумгертнеру была зменена спецыяльна пад прыезд у Беларусь Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
"Мы з Пуціным і тыдзень таму сустракаліся, і Прэзідэнт Беларусі нікога не выпускаў. Гэта каб, можа, мяне ўкалоць, можа, яшчэ кагосьці", - адзначыў беларускі лідар.
"Што датычыцца гэтага арыштанта, то ён і тыя, хто непакояцца ў сувязі з гэтым, няхай дзякуюць яго маці. Яна звярнулася да мяне з пісьмом тры або чатыры дні таму. Яна, як мне дакладвалі, прыязджала сюды, папрасіла змякчыць яму меру пакарання, - расказаў Прэзідэнт. - Я рашэння не прымаў. Я выказаў сваё меркаванне: каб працэс не пацярпеў, няхай следчыя вырашаюць, я не супраць, калі яму будзе зменена мера пакарання".
"Следчыя разгледзелі гэту праблему абсалютна незалежна і палічылі магчымым на гэтым этапе выпусціць яго з засценкаў пад дамашні арышт. Ён аплачвае сам кватэру і ўсе паслугі. Такая была ўмова. І пад гарантыі маці яго выпусцілі, маці з ім жыве і глядзіць за сваім сынам. Яна, напэўна, вельмі добры чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму ён няхай дзякуе толькі маці, ні Лукашэнку, ні Пуціну, ні Мядзведзеву", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы аб сітуацыі ў калійнай сферы, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы і без іх спакойна пачынаем выруліваць, да нас прыязджаюць і на мяне асабіста выходзяць людзі, якія хочуць купіць калійныя ўгнаенні ў Беларусі". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускія калійныя ўгнаенні значна больш якасныя, чым у расійскай кампаніі, але самае галоўнае тое, што ўсе хочуць мець справу з надзейным партнёрам. "У нас дзяржаўная арганізацыя, кампанія. Яна сябе сур'ёзна зарэкамендавала. Мы гандлюем і будзем гандляваць, і расіяне да нас прыедуць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што калійная тэма закраналася і ў яго размовах з Уладзімірам Пуціным. "Мы з ім як асобную праблему гэта не абмяркоўвалі. Але, калі закраналі тэму ў самалёце ў час пералёту ў Калінінград, я сказаў: "Усё роўна вы прыйдзеце да нас, у калійную кампанію". Ён адказаў, што зусім гэтага не выключае. Там змяняюцца ўласнікі, ёсць шмат жадаючых купіць гэты актыў, сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"І тыя, хто хоча сёння купіць, нам ужо даюць сігналы да таго, што, беларусы, вы пачакайце крыху, мы ўсё роўна будзем з вамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Толькі ідыёт можа працаваць сабе на шкоду. Таму што наша аб'яднанне з Расіяй зноў узніме цану на калійныя ўгнаенні. Наша раз'яднанне - гэта абавязкова спад цэн", - падкрэсліў беларускі лідар.
"А галоўнае - я сказаў: нікому не дазволена аб нас выціраць ногі. Мы суверэнная незалежная дзяржава і свае інтарэсы будзем як належыць абараняць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.