Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
- 13
Беларусь не патрабуе ніякіх уступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі і гатова да паслядоўнага руху на шляху поўнай рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе вельмі няпростага перагаворнага працэсу. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, па выніках якога быў падпісаны гістарычны дакумент - Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
"Не адзін год мы разам ішлі па цярністым шляху еўразійскай інтэграцыі. Кожны крок даваўся няпроста. Але мы заўсёды бачылі галоўную мэту: зрабіць так, каб нашы народы жылі ў міры і дружбе і маглі быць упэўнены, што развіццё і ўмацаванне іх дзяржаў ажыццяўляецца на трывалай аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, жыццё паказала, што шлях быў выбраны правільны. Спачатку, каб не дапусціць неабарачальнай дэзынтэграцыі постсавецкай прасторы, была створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў, потым заснавана Еўразійскае эканамічнае супольніцтва, створаны Мытны саюз, намечаны контуры Адзінай эканамічнай прасторы. "Сёння мы выйшлі на фінішную прамую, якая прывяла нас да Еўразійскага эканамічнага саюза. Наша краіна заўсёды займала паслядоўную пазіцыю ў інтэграцыйным працэсе. Яго ядром і лакаматывам у СНД застаецца Саюз Расіі і Беларусі. Мы, з'яўляючыся "зборачным цэхам" Савецкага Саюза, як ніхто іншы адчулі патрэбнасць у аднаўленні эканамічных сувязей на постсавецкай прасторы. Былі гатовы з улікам інтарэсаў кожнага не разбураць рэгіянальную сістэму падзелу працы. Больш таго, стварыць такую сістэму, дзе мы не канкурыравалі б, а ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Аднак дасягненне гэтай высакароднай мэты аказалася вельмі складаным і працяглым працэсам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Колькі апанентаў з'явілася вакол? І на Захадзе, і ў так званым блізкім замежжы. Ды што гаварыць пра заграніцу? У нашых уласных краінах! І не толькі сярод апазіцыі (усё крытыкаваць - гэта яе хлеб), але і сярод некаторых дзяржаўных асоб і чыноўнікаў (асабліва ліберальных поглядаў), - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Якія толькі абвінавачанні і прэтэнзіі нам не давялося выслухаць! І што інтэграцыя - гэта аднаўленне савецкай імперыі, і што гэта страта суверэнітэтаў. І што гэта гіра на нагах ці то ў Расіі, калі пра Беларусь гаварыць, ці то ў Казахстана".
"Але, магчыма, больш за ўсіх дасталося Беларусі. Нават цяпер у прэсе ўзнімаецца шум: "Лукашэнка патрабуе ўступак!", "Вытаргоўваюць бонусы для Мінска!", "Ці то Расія, ці то Казахстан чарговы раз узваліць на сябе цяжар эканамічных праблем Беларусі!". Хачу гэтай публіцы сказаць: "Спадары, суніміцеся! Мы з Расіяй і Казахстанам - удзельнікі сумеснага раўнапраўнага працэсу, і калі будзем узвальваць штосьці на плечы адзін аднаго, то гэта таксама на раўнапраўнай аснове. Гэта наш дружалюбны саюз", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Савецкі Саюз разваліўся, калі саюзныя рэспублікі раптам вырашылі, што яны некага "кормяць", а самі маглі б жыць лепш. "Цяпер зноў дастаецца гэты апрабаваны жупел", - заўважыў беларускі лідар.
"Ніякіх уступак Беларусь не патрабуе. Кожны ў інтэграцыю ўносіць штосьці такое, што цікава для ўсіх. І гэты ўклад абсалютна не абавязаны вымярацца толькі тонамі, кубаметрамі і барэлямі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы ўсвядомлена падышлі да падпісання дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, па максімуму адстойвалі свае інтарэсы, з павагай ставіліся да пазіцыі партнёраў, правялі дасканалы аналіз дакумента і адзначылі яго пазітыўныя бакі, - сказаў беларускі лідар. - Але не сказаць аб тым, што некаторая незадаволенасць ёсць, я не магу. У нас ёсць яшчэ магчымасць зрабіць нашы дамоўленасці лепш. Да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дагавора".
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца шчырым і надзейным партнёрам, і выказаў надзею на ўзаемаразуменне і канструктыўны падыход да вырашэння ўсіх пытанняў.
Пасля абмеркавання пунктаў парадку дня ў вузкім складзе пасяджэнне прайшло ў пашыраным складзе ў прысутнасці прэзідэнтаў Арменіі і Кыргызстана Сержа Саргсяна і Алмазбека Атамбаева.
Серж Саргсян падкрэсліў нацэленасць Арменіі на хутчэйшае падпісанне дагавора аб далучэнні да Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, каб ужо з 2015 года стаць паўнапраўным яго членам. "Прымаючы пад увагу, што засталося прапрацаваць 2-3 пытанні, па якіх на экспертным узроўні ўжо абазначаны кампрамісныя рашэнні, прашу ўстанавіць тэрмін для падпісання дагавора аб далучэнні Арменіі да дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе да 15 чэрвеня бягучага года", - сказаў ён.
Алмазбек Атамбаеў у сваім выступленні таксама заявіў, што інтэграцыя ў Мытны саюз і ў далейшым у Еўразійскі эканамічны саюз з'яўляецца для Кыргызстана ўсвядомленым рашэннем і важнейшым напрамкам эканамічнай палітыкі. "На жаль, я не магу заявіць, што за некалькі дзен мы вырашым усе пытанні, але мы хацелі б новы год сустрэць у адным аб'яднанні", - адзначыў Прэзідэнт Кыргызстана.
Прэзідэнты "тройкі" ў цэлым падтрымалі імкненне партнёраў да хутчэйшага падключэння да працэсаў еўразійскай інтэграцыі і дамовіліся ў бліжэйшы час прыняць неабходныя крокі ў гэтым напрамку.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў важнасць выканання ўсіх неабходных умоў да ўступлення ў аб'яднанне новых краін. "Мы ўжо шмат разоў падыходзілі да абмеркавання гэтага пытання аб перспектывах уступлення дзвюх нашых брацкіх рэспублік у наш саюз, не аднойчы аб гэтым гаварылі. Мы (Беларусь), як прыхільнікі пашырэння і паглыблення інтэграцыйных працэсаў у свеце і на постсавецкай прасторы ў прыватнасці, не можам не вітаць такую пазіцыю, - заявіў беларускі лідар. - Скажу адназначна і канкрэтна: мы дамовіліся і выпрацавалі "дарожную карту". Будуць рэалізавны нашы патрабаванні, дасягнуты той узровень гатоўнасці гэтых дзяржаў да ўступлення ў Мытны саюз, выканаюць усе ўмовы - калі ласка, мы з задавальннем прымем гэтыя краіны ў нашы рады".
Затым ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Уладзімір Пуцін падпісалі Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
"Сёння важна глядзець за гарызонт, вызначыўшы стратэгію нашых далейшых дзеянняў як мінімум на 15-20 гадоў наперад. Важна разумець, што галоўная місія нашага саюза ў першай палавіне 21 стагоддзя заключаецца ў двух важных аспектах. Гэта, па-першае, - стаць адным з ключавых эканамічных макрарэгіёнаў свету. Па-другое - забяспечыць уваходжанне кожнай з краін - удзельніц саюза ў лік развітых дзяржаў свету", - лічыць Прэзідэнт Казахстана.
Паводле слоў казахстанскага лідара, бакі дамовіліся, што Еўразійская эканамічная камісія будзе размяшчацца ў Маскве і будзе з'яўляцца эканамічным цэнтрам саюза. У Мінску - Еўразійскі суд, дзе будуць вырашацца пытанні прававых аспектаў работы саюза. У Алматы з 2025 года будзе размяшчацца наднацыянальны орган па рэгуляванні фінансавых рынкаў саюза.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што падпісаны дагавор мае эпахальнае гістарычнае значэнне і адкрывае самыя шырокія перспектывы для развіцця эканомік і павышэння дабрабыту грамадзян.
Паводле яго слоў, вялікі інтарэс да аб'яднання праяўляюць буйнейшыя сусветныя эканамічныя ігракі. "Мы дамовіліся актывізаваць перагаворы з В'етнамам аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, умацоўваць узаемадзеянне з КНР, у тым ліку ў сферы абмену мытнай інфармацыяй па таварах і паслугах, сфарміраваць экспертныя групы па выпрацоўцы прэферэнцыйных рэжымаў гандлю з Ізраілем і Індыяй", - расказаў Прэзідэнт Расіі.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, працэс фарміравання Мытнага саюза, АЭП і цяпер Еўразійскага эканамічнага саюза быў доўгім і вельмі складаным. "Кагосьці мы страцілі на гэтым шляху. Я маю на ўвазе Украіну часоў Кучмы, якая таксама пачынала з намі гэту цяжкую работу. Але, на жаль, ноша аказалася вельмі цяжкай для Украіны", - адзначыў беларускі лідар.
"Але я ўпэўнены, што рана ці позна кіраўніцтва Украіны зразумее, дзе ляжыць яе шчасце. Прынамсі, не будзе страчваць тое, што па праву павінна належаць украінскаму народу", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Кагосьці мы знаходзілі на гэтым доўгім і цяжкім шляху, як нашых сяброў і братоў з Арменіі, Кыргызстана. Усякае было за гэтыя дзесяцігоддзі, але мы, не спыняючыся, ішлі наперад, верылі ў будучае", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта дакумент, са з'яўленнем якога мы звязвалі вялікія надзеі. Беларусь заўсёды займала тут адкрытую пазіцыю, дакладна фармулявала свае мэты і задачы ў рамках еўразійскай інтэграцыі. Нашы прыярытэты вядомы, мы гэта шчыра і сумленна аб'яўлялі, што часам выклікала нездавальненне ў асобных колах нашых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, улічваючы тую работу, якая была праведзена пры падрыхтоўцы дагавора, у тым ліку на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Беларусь паставіла свой подпіс пад гэтым глабальным дакументам. "Мы гатовы да паслядоўнага абавязковага руху на шляху поўнай рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе вельмі няпростага перагаворнага працэсу, - падкрэсліў беларускі лідар. - Разам з тым неабходна канстатаваць той факт, што вырашэнне шэрага праблемных пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва, і перш за ўсё тых, якія датычацца ўзаемнага гандлю паміж дзяржавамі-членамі, аднесена на аддаленыя тэрміны".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць прадаўжэння далейшай сумеснай работы па развіцці еўразійскага інтэграцыйнага праекта і выхаду на рэалізацыю ў поўным аб'ёме абвешчаных мэт і задач. "Падпісанне сённяшняга дагавора - гэта не завяршэнне, а толькі пачатак сур'ёзнага працэсу, калі мы і самі сабе і ўсяму свету абавязаны даказаць, перш за ўсё сваім народам, што мы зрабілі правільныя крокі ў гэтым напрамку", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Каб тыя пытанні, з якімі мы сутыкнуліся і адразу не змаглі вырашыць, рэалізоўваліся ў будучым, мы заяўляем, што крокі па пабудове Еўразійскага эканамічнага саюза павінны быць увязаны з вырашэннем пытанняў, якія аказваюць значнае ўздзеянне на ўзаемны гандаль дзяржаў - членаў гэтага саюза. Мы верым, што эканамічны саюз стане асновай у будучым нашага палітычнага, ваеннага і гуманітарнага адзінства", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля завяршэння афіцыйных мерапрыемстваў прэзідэнты наведалі Дзяржаўны тэатр оперы і балета "Астана Опера", дзе прысутнічалі на канцэрце. Затым адбыўся ўрачысты прыём ад імя Прэзідэнта Казахстана.
На палях саміту ў Астане паміж Беларуссю і Расіяй былі падпісаны Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін пры вывазе за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты і Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Абодва дакументы з беларускага боку падпісаў член Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі Сяргей Румас.
Зафіксавана, што з 2015 года ў бюджэце Беларусі будзе заставацца $1,5 млрд ад вывазных мытных пошлін. У далейшым з 2016 года бакі могуць вярнуцца да перагляду гэтай лічбы ў большы бок. Што датычыцца паставак нафты, то Беларусь на перыяд да 2025 года, калі павінен быць сфарміраваны адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў, будзе забяспечана нафтай для поўнай загрузкі нафтаперапрацоўчых заводаў. Бакі таксама з 2021 года могуць вярнуцца да павелічэння гэтых аб'ёмаў, калі ў Беларусі будуць мадэрнізаваны або створаны новыя магутнасці па нафтаперапрацоўцы.