Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
АДКБ адбылася як аўтарытэтная структура ў сферы бяспекі, і магчымасці для павышэння яе эфектыўнасці далёка не вычарпаны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 мая ў Маскве на пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Пазачарговая сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ была прымеркавана да 20-годдзя падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 10-годдзя стварэння АДКБ. Спачатку кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў вузкім складзе, а потым адбылося пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі ў пашыраным складзе. На саміт у Маскву прыехалі кіраўнікі ўсіх дзяржаў - удзельніц арганізацыі: Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь заўсёды выступала за ўмацаванне наднацыянальных інстытутаў, прызначаных забяспечваць бяспеку і стабільнасць для ўсіх дзяржаў у роўнай ступені.
"Мы зацікаўлены ў канструктыўным дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як ААН, АБСЕ, НАТА, і ў мірным урэгуляванні канфліктных сітуацый", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Але мы супраць пустой рыторыкі!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Наша мэта - гэта ўзаемадзеянне, накіраванае на дасягненне канкрэтных і адчувальных вынікаў!" - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што магчымасці для павышэння эфектыўнасці АДКБ далёка не вычарпаны. У бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве для далейшага ўдасканалення і развіцця АДКБ неабходна прыняць шэраг мер.
У прыватнасці, беларускі бок прапануе павысіць бяспеку і эфектыўнасць абароны дзяржаў - членаў АДКБ ад тэрарызму, наркатрафіку, нелегальнай міграцыі, выклікаў у інфармацыйнай сферы.
Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным умацаваць ваенную састаўную частку арганізацыі з акцэнтам на развіццё высокамабільных сучасных спецпадраздзяленняў. Гэта калектыўныя сілы хуткага рэагавання, аператыўнага разгортвання, міратворчы кантынгент.
Беларускі бок выступае таксама за наладжванне цеснага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі аб'яднаннямі. "Пры гэтым, на наш погляд, не трэба абмяжоўвацца толькі ўзаемадзеяннем у сферы бяспекі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Каардынацыя таксама павінна ажыццяўляцца і з эканамічнымі, і з палітычнымі структурамі. Асабліва дзеючымі на прасторы былога СССР".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, комплексны падыход да пытанняў супрацоўніцтва дасць магчымасць вывесці ўзаемадзеянне дзяржаў АДКБ на якасна новы ўзровень.
Яшчэ адной задачай, якую, на думку Прэзідэнта Беларусі, трэба рэалізаваць Арганізацыі, з'яўляецца неабходнасць гарманічнага ўбудавання ў сучасную архітэктуру глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.
"Для паспяховага выканання пастаўленых мэт АДКБ не трэба замыкацца ў самой сабе, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - У XXI стагоддзі ніводная рэгіянальная арганізацыя не можа паасобку процістаяць усім выклікам сучаснасці".
"Дыялог, роўныя партнёрскія адносіны, сумесныя праекты і праграмы з іншымі арганізацыямі і краінамі - гэта залог поспеху ў процістаянні транснацыянальным пагрозам", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што Беларусь будзе, як і раней, усяляк садзейнічаць якаснаму развіццю АДКБ, яе ўдасканаленню, універсалізацыі і гарманічнай адаптацыі ў сучасным свеце.
На думку Прэзідэнта Беларусі, АДКБ у будучым можа пашырыць склад краін-удзельніц. Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што за за невялікі гістарычны перыяд Арганізацыя выйшла далёка за межы класічнага абароннага блока і на сучасным этапе можа рэагаваць практычна на любыя пагрозы. "І гэта не толькі нашы ацэнкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пацвярджэннем таго, што з АДКБ лічацца і Арганізацыя выбрала правільны напрамак развіцця, з'яўляецца зацікаўленасць іншых дзяржаў, міжнародных і рэгіянальных арганізацый, у тым ліку ААН, у наладжванні цеснага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што рост аўтарытэту АДКБ у свеце стаў магчымы дзякуючы не толькі актыўнай пазіцыі краін-удзельніц, але таксама і павышэнню ўзаемадзеяння і з'яднанасці ўнутры самой арганізацыі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што планамерна паглыбляецца супрацоўніцтва па ўсіх напрамках дзейнасці. У многім з падачы Беларусі на пляцоўках іншых міжнародных арганізацый дзяржавы-члены сталі шырока прымяняць механізм знешнепалітычнай каардынацыі.
"Выступленне з агульных для ўсіх нас пазіцый па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня добра дэманструе нашым партнёрам, што сёння мы адзіныя", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
У ходзе пасяджэння кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі меры па калектыўным процідзеянні глабальным і рэгіянальным выклікам бяспецы, падвялі вынікі дзейнасці АДКБ за дзесяцігоддзе і намецілі прыярытэтныя напрамкі далейшага развіцця арганізацыі. Прэзідэнты таксама разгледзелі абстаноўку ў розных рэгіёнах планеты, у тым ліку ў Сірыі, і пытанне, звязанае з іранскай ядзернай праблемай.
Па выніках пасяджэння кіраўнікі дзяржаў прынялі дэкларацыю, у якой даецца калектыўная ацэнка асноўных тэндэнцый развіцця міжнароднай абстаноўкі, дзейнасці АДКБ, пацвярджаецца прыхільнасць мэтам і прынцыпам Дагавора аб калектыўнай бяспецы, гатоўнасць развіваць і паглыбляць саюзніцкія адносіны ў знешнепалітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах, сферы процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы і стабільнасці.
За 10 гадоў АДКБ стала ключавым інструментам падтрымання калектыўнай бяспекі ў зоне сваёй адказнасці, адэкватнага рэагавання на шырокі спектр сучасных выклікаў і пагроз. Сярод асноўных прыярытэтаў дзейнасці арганізацыі - пытанні ўдасканалення сістэмы калектыўнай бяспекі, уключаючы аптымізацыю ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама нарошчванне каардынацыі знешнепалітычнай дзейнасці краін АДКБ.