Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 снежня ў Маскве прыняў удзел у сесіі Савета Калектыўнай бяспекі АДКБ, пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, а таксама пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
На пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь выступае за планамернае ўмацаванне і ўдасканаленне ваеннага патэнцыялу АДКБ.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі своечасовым стала зацвярджэнне асноўных напрамкаў ваеннага супрацоўніцтва, прызначаных садзейнічаць далейшаму аб'яднанню ўсіх ваенных кампанентаў арганізацыі ў адзіны ўзгоднена функцыянуючы дом.
Кіраўнік беларускай дзяржавы спыніўся на некалькіх першачарговых пытаннях. У прыватнасці, наконт ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Прэзідэнт адзначыў, што яго неад'емнай часткай, акрамя напрамкаў, якія ўжо рэалізуюцца, павінна стаць стварэнне сумесных навукова-даследчых груп і канструктарскіх бюро, што змогуць распрацоўваць новыя ўзоры ўзбраенняў і тэхнікі.
Наконт вучэнняў Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яны павінны праводзіцца па рэальных, сучасных сцэнарыях. "Тых франтоў вайны, якія былі апошнія гады, ужо не будзе. Лоб у лоб ніхто сёння не наступае", - адзначыў беларускі лідар. Ён лічыць, што ваенныя прадстаўнікі АДКБ, якія прымаюць удзел у якасці наглядальнікаў у міжнародных вучэннях, павінны інтэграваць перадавы вопыт у дзейнасць арганізацыі.
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што АДКБ павінна пастаянна ўдасканальваць метады процідзеяння новым выклікам і пагрозам. "За некалькі гадоў мы фактычна з нуля стварылі сістэму рэагавання дзяржаў-членаў на надзвычайныя сітуацыі. Эфектыўна дзейнічаюць класічныя аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы, аднак і тут ёсць рэзервы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па меры колькаснага росту механізмаў АДКБ павялічваецца значэнне іх скаардынаванага функцыянавання. "Менавіта ўзгодненасць дзеянняў усіх кампанентаў сістэмы калектыўнай бяспекі дасць магчымасць АДКБ заставацца ў фарватары ключавых тэндэнцый міжнароднай палітыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Адыходзячы год для ўсіх нас выдаўся даволі напружаным. Былі як поспехі, так і даволі вялікія праблемы ўнутры самай вялікай арганізацыі, звязаныя з пазіцыяй асобных дзяржаў-членаў. Як паказвае практыка, нашы ацэнкі міжнароднай сітуацыі, тэндэнцыі яе развіцця ў цэлым супадаюць", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што цяпер важнейшая задача - дасягненне такой жа аднагалоснасці адносна мер па процідзеянню існуючым выклікам.
"Акрамя таго, нам неабходна ўзгадніць дзеянні па далейшаму развіццю арганізацыі. Аднак не ўсе сітуацыі, з якімі мы сутыкаемся ўжо цяпер, могуць быць урэгуляваны на падставе існуючай у нас прававой базы", - адзначыў Прэзідэнт. У прыватнасці, паводле яго слоў, такія калізіі ўзнікалі і з жаданнем Узбекістана аб прыпыненні членства ў АДКБ.
"Мы сёння прынялі гэта рашэнне і згадзіліся, задаволілі іх просьбу і прыпынілі членства Узбекістана ў АДКБ, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы дамовіліся аб тым, што ніякіх паслабленняў пры ўступленні, у тым ліку гэтай дзяржавы, больш не будзе. Выканалі ўсе дакументы, ратыфікавалі іх у сябе, сталі яны законам у краіне - калі ласка ў арганізацыю, яна адкрыта. Гэта класіка і ўмова для ўсіх жадаючых уступіць ў гэту арганізацыю".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што залог поспеху АДКБ - збалансаванае развіццё асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі. "У тым, што наступны перыяд будзе няпросты, сумнявацца не даводзіцца", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - На жаль, мы канстатуем, што канфліктны патэнцыял у міжнародных адносінах па-ранейшаму нарастае. Гэтаму садзейнічае шэраг аб'ектыўных фактараў, такіх як эскалацыя насілля на Блізкім Усходзе, абвастрэнне міждзяржаўных супярэчнасцей у энергетычнай сферы. Акрамя таго, адбыўся перакос існуючай сістэмы міжнароднай бяспекі з-за імкнення асобных дзяржаў адыгрываць у ёй вядучую ролю без уліку інтарэсаў іншых".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як вынік - захавана практыка аказання эканамічнага і палітычнага націску на суверэнныя краіны. Не апошнюю ролю ў існуючай сітуацыі адыгрывае дэградацыя дзеючай сістэмы кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе, у выніку чаго назіраецца з'яўленне прыкмет развязвання новай гонкі ўзбраенняў.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што для АДКБ значным з'яўляецца пытанне абароны ад пагроз, што ідуць з Афганістана. "Такім чынам, ускладзеная на АДБК місія забеспячэння нацыянальнай калектыўнай бяспекі, а таксама каардынацыі знешнепалітычных пазіцый па міжнародных рэгіянальных пытаннях цяпер запатрабавана як ніколі", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "У цэлым мы задаволены работай гэтых механізмаў узаемадзеяння", - сказаў ён, у той жа час дадаўшы, што калектыўныя ўказанні маюць патрэбу ў адаптацыі да сучасных выклікаў і пагроз.
"Эвалюцыя развіцця Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прадугледжвае забеспячэнне стабільнасці і бяспекі не толькі ў зоне адказнасці арганізацыі, але і па яе перыметры", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што за перыяд беларускага старшынства ў АДКБ ініцыятыва па стварэнню інстытута партнёрства і была арыентавана на пашырэнне ўплыву арганізацыі ўздоўж яе граніцы. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што пры гэтым улічваецца фактар 2014 года, калі значная частка кааліцыйных сіл будзе выведзена з Афганістана.
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што для паглыблення супрацоўніцтва АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі ёсць добры патэнцыял. Паводле слоў Прэзідэнта, па-першае, гэта датычыцца аптымізацыі ўзаемадзеяння з АБСЕ па тых напрамках, дзе набыты значны вопыт у абедзвюх структурах.
Па-другое, неабходна развіваць сувязі для ўдзелу ў міратворчых кампаніях пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. "Гэта тая ніша, якая цяпер найбольш актуальная, аднак тут мы яшчэ знаходзімся ў самым пачатку шляху", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што АДКБ ужо ў бліжэйшым будучым трэба падключыцца хаця б да адной місіі ААН, што не толькі ўмацуе ўзаемнае супрацоўніцтва, але і дасць бясцэнны вопыт правядзення сумесных аперацый па падтрыманню міру.
Трэцяй структурай, узаемадзеянне з якой неабходна развіваць, з'яўляецца НАТА. "Нават з НАТА, якое быццам бы не заўважае існавання нашай арганізацыі, ёсць магчымасць для развіцця дыялогу. Агульнавядома, што нягледзячы на дэманстратыўную непрыязнасць эксперты і аналітыкі альянсу пільна сочаць за нашай арганізацыяй, праводзімымі вучэннямі і іншай практычнай дзейнасцю АДКБ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы павінны не раз за разам заклікаць натаўцаў да супрацоўніцтва, а на практыцы дэманстраваць ім, што альтэрнатывы наладжванню прамога практычнага ўзаемадзеяння з АДКБ сёння няма", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Не павінна быць канкурэнцыі і дубліравання намаганняў у забеспячэнні бяспекі еўразійскага рэгіёну", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнікі дзяржаў на саміце абмеркавалі шырокае кола тэм, якія датычацца сучаснай міжнароднай сітуацыі і ўдасканалення сістэмы калектыўнай бяспекі.
Прэзідэнты прынялі рашэнне аб стварэнні Калектыўных сіл Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У іх будуць аб'яднаны ўсе ваенныя структуры, створаныя раней у арганізацыі, у тым ліку Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, міратворчыя сілы, а таксама розныя двухбаковыя воінскія кантынгенты.
Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнне аб стварэнні Калектыўных сіл рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Плануецца, што гэтыя сілы змогуць аператыўна аказваць дапамогу любому члену арганізацыі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый прыроднага або тэхнагеннага характару.
Па выніках праведзенай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прынята заява кіраўнікоў дзяржаў. У дакуменце падкрэсліваецца, што ў сферы ваеннага супрацоўніцтва першарадную ўвагу трэба і ў далейшым удзяляць стварэнню надзейнага патэнцыялу для калектыўнага адбіцця арэгрэсіі і любых іншых сілавых акцый супраць дзяржаў - членаў АДКБ. "На вырашэнне гэтай задачы накіраваны намаганні па далейшаму развіццю сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі, удасканаленню ваенна-тэхнічнага і ваенна-эканамічнага супрацоўніцтва", - адзначаецца ў заяве.
Прэзідэнты краін АДКБ лічаць неабходным нарошчваць намаганні па павышэнню эфектыўнасці сістэмы калектыўнай бяспекі арганізацыі з улікам існуючай міжнароднай сітуацыі, якая, як падкрэсліваецца ў дакуменце, характарызуецца захаваннем канфліктнага патэнцялу і спробамі абходу норм міжнароднага права.
АДКБ таксама рашуча выступае за ўмацаванне міжнародных механізмаў раззбраення, падтрымлівае рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі, захаванне і ўмацаванне рэжыму Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, кантролю над узбраеннем.
Акрамя заявы на саміце ў Маскве кіраўнікі дзяржаў прынялі 17 розных рашэнняў. Яны вызначылі асноўныя напрамкі развіцця ваеннага супрацоўніцтва ў АДКБ на перыяд да 2020 года, прыпынілі членства Узбекістана ў АДКБ, прадоўжылі на тры гады паўнамоцтвы Мікалая Бардзюжы на пасадзе Генеральнага сакратара арганізацыі, назначылі начальніка Аб'яднанага штаба АДКБ, а таксама прынялі некаторыя іншыя рашэнні. Старшынства ў Арганізацыі перайшло ад Казахстана да Кыргызстана.
Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС. Вырашана, што радыкальнай рэарганізацыі Еўразійскага эканамічнага супольніцтва пакуль не будзе. Беларускі бок зыходзіць з таго, што ЕўрАзЭС было карыснай структурай, але яно выканала свае функцыі і паступова страчвае сваю ролю. Аднак каб падтрымаць еўразійскае супрацоўніцтва Беларусь праявіла канструктыўную пазіцыю і згадзілася, што ЕўрАзЭС прадоўжыць работу да 2015 года, калі будзе сфарміраваны Еўразійскі эканамічны саюз.
Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, размова ішла аб Сакратарыяце Інтэграцыйнага камітэта ЕўрАзЭС. Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што калісьці была дасягнута дамоўленасць, што Інтэграцыйны камітэт ЕўрАзЭС не патрэбны, паколькі ёсць Еўразійская эканамічная камісія. "Гэта камісія вырашае ўсе пытанні. І мы прынялі рашэнне аб ліквідацыі структур ЕўрАзЭС. У перагаворным працэсе мы выйшлі на ўзаемапрымальныя рашэнні, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы выраслі са штаноў ЕўрАзЭС, ператварыліся ў паспяховую арганізацыю". У той жа час Казахстан прапануе захаваць Сакратарыят Інтэграцыйнага камітэта, скараціць яго колькасць да 22 чалавек за кошт скасавання дэпартаментаў, якія дубліруюць кампетэнцыю ЕЭК.
"Ад Беларусі нічога не трэба. Просяць толькі не блакіраваць вырашэнне пытанняў. Я сказаў: з беларусамі загваздкі не будзе", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што беларускі бок задавольвае, што ў свой час было сказана аб тым, што ён не ўдзельнічае ў фінансаванні гэтай структуры. Фінансуе Казахстан, дапамагае Расія. Беларусь будзе ўдзельнічаць у фінансаванні Суда ЕўрАзЭС, які выконвае функцыі і суда Мытнага саюза.
Што датычыцца Кыргызстана і Таджыкістана, то ўжо створана рабочая група па далучэнню Кыргызстана да Мытнага саюза. Чакаецца, што ў бліжэйшы час афіцыйную заяву наконт гэтага зробіць і кіраўніцтва Таджыкістана, і аналагічная рабочая група будзе створана па далучэнню гэтай краіны да Мытнага саюза.
На праведзеным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета абмяркоўвася праект дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Беларускі бок выступае за тое, каб у дагаворы былі замацаваны новыя напрамкі развіцця інтэграцыі для пабудовы поўнафарматнага эканамічнага саюза. У прыватнасці, Беларусь зацікаўлена ў правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі, адзінай транспартнай палітыкі, зняцці абмежаванняў на доступ да паслуг натуральных манаполій, а таксама ў стварэнні ўзгодненай платформы для перагавораў з трэцімі краінамі па пытаннях, перададзеных у кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Прэзідэнты краін Мытнага саюза даручылі сваім урадам распрацаваць план стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза да 1 мая 2013 года. Гэты план павінен быць прыняты ў сярэдзіне 2014 года, з тым каб ужо да 1 студзеня 2015 года ЕАЭС быў створаны.
Удзельнікі саміту таксама дамовіліся аб нарошчванні інфармацыйнай работы па пазіцыянаванню дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза на міжнароднай арэне.
"Мы дакладна далі зразумець тым, хто хацеў бы ўступіць у Адзіную эканамічную прастору, у будучым і ў Еўразійскі эканамічны саюз, - калі ласка, дзверы адкрыты, вось дакументы, вы іх прымаеце, робіце іх законамі ў сваіх краінах, калі ласка, прыходзьце, будзем працаваць, супрацоўнічаць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы па выніках праведзеных пасяджэнняў. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння не толькі Кыргызстан і Таджыкістан выказваюць інтарэс да інтэграцыі ў гэтыя структуры, але і ва Украіны вялікі інтарэс. "Але мы канстатавалі, што ніякіх выбарачных далучэнняў да нейкіх асобных дакументаў быць не можа", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, цікавасць да эканамічнага саюза вельмі вялікая з боку не толькі постсавецкіх дзяржаў, але і далёкіх краін. Напрыклад, В'етнама. Камісіі дадзены паўнамоцтвы на вядзенне перагавораў і наладжванне кантактаў. "Для нас вельмі важная гэта краіна ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, паколькі гэта ключавая краіна Паўднёва-Усходняй Азіі, якая бурна развіваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што кіраўнікі дзяржаў вызначыліся, як будзе весціся з імі дыялог, якія могуць быць этапы супрацоўніцтва з гэтымі дзяржавамі. "Гэта сведчыць аб тым, што наша інтэграцыйнае эканамічнае аб'яднанне стала вельмі прывабным для асобных дзяржаў", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што аб еўразійскай інтэграцыі гавораць сёння шмат у розных банкаўскіх, фінансавых аб'яднаннях сусветнага ўзроўню, ды і Еўрапейская камісія ўсё часцей мае розныя пункты гледжання на новае эфектыўнае ўтварэнне.
Пасля завяршэння самітаў адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, на якой бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, Прэзідэнты абмеркавалі правядзенне чарговага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У ходзе размовы быў закрануты шэраг пытанняў эканамічнага ўзаемадзеяння.
Кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі выдзяленне Беларусі чарговага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, пытанні супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, у тым ліку фарміраванне балансу нафты і нафтапрадуктаў у 2013 годзе.
Прэзідэнты абмеркавалі беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы экспарту калійных угнаенняў, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, якія маюць узаемны інтарэс.