Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў дзяцей краіны з надыходзячым Новым годам. Кіраўнік дзяржавы 27 снежня прыняў удзел у навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, якое прайшло ў Палацы Рэспублікі ў рамках акцыі "Нашы дзеці".

    "Мы, дарослыя, гэтак жа, як вы, дзеці, радуемся прыходу Новага года, – сказаў Прэзідэнт. – Мы радуемся таму, што вы прымушаеце нас сустракаць з радасцю гэта вялікае і добрае свята".

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, па традыцыі галоўная ёлка краіны з'яўляецца кульмінацыяй акцыі "Нашы дзеці": "Па ўсёй краіне ў кожным кутку да дзяцей прыходзяць дарослыя і прыносяць падарункі". "Гэта вялікая акцыя, і толькі ў Беларусі яна набыла такі маштаб", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падзякаваўшы ўсім дарослым, якія арганізавалі і маюць дачыненне да правядзення гэтай дабрачыннай акцыі.

    Звяртаючыся да прысутных у вялікай зале Палаца Рэспублікі хлопчыкаў і дзяўчынак, Прэзідэнт адзначыў, што права прысутнічаць на гэтым урачыстым мерапрыемстве яны заслужылі сваёй упартай працай і вучобай. Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што Новы год прыносіць з сабой яшчэ адну радасць – канікулы. Ён пажадаў дзецям, каб яны з карысцю правялі гэтыя дні, прысвяцілі сябе музыцы, чытанню і, асабліва, спорту, каб быць моцнымі і здаровымі. "Гэта будзе самая вялікая радасць для нас, дарослых", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Напярэдадні галоўнай ёлкі краіны дзеці, якія прыехалі на гэта свята з рэгіёнаў, мелі магчымасць наведаць самыя цікавыя аб'екты ў сталіцы Беларусі. "Вам жыць у 21 стагоддзі і хадзіць у гэтыя цудоўныя месцы. Вельмі спадзяюся, што яны натхняць вас да таго, каб вы яшчэ больш любілі нашу краіну, былі сапраўднымі патрыётамі нашай Айчыны", – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка таксама адрасаваў настаўнікам і выхавальнікам, прызнаўшы, што яны цяпер крыху абдзелены ўвагай дзяржавы. "Але мы гэту справу паправім у будучым годзе", – запэўніў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб у гэтыя выхадныя бацькі больш часу правялі са сваімі дзецьмі, ператварыўшы Новы год у сямейнае свята. "Няхай гэтыя дні прынясуць толькі добры настрой і эмоцыі", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    На галоўную ёлку краіны запрошаны 2 тыс. 370 дзяцей ва ўзросце 8–14 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. На свята таксама запрошаны пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце.

    Акрамя таго, на галоўнай ёлцы краіны прысутнічалі навучэнцы Беларускай сярэдняй школы імя Францыска Скарыны г.Вільнюса і Рыжскай беларускай школы.

    Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праводзіцца ў Беларусі з 10 снежня 2012 года па 11 студзеня 2013 года. У ёй прымаюць удзел рэспубліканскія органы дзяржкіравання, канцэрны, банкі і іншыя ведамствы, грамадскія аб'яднанні. Галоўная мэта акцыі – падарыць свята ўсім дзецям, каб на Новы год ніхто з іх не быў забыты і не застаўся без падарунка.