Удзел у галасаванні на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў
- 1
- 1:14
Кіраўнік дзяржавы 23 верасня прыняў удзел у галасаванні на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на выбарчым участку № 476 Старавіленскай выбарчай акругі № 105, размешчаным у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з замежнымі наглядальнікамі, якія прысутнічалі на гэтым выбарчым участку, азнаёміўся з тым, як арганізаваны выбарчы працэс.
Потым па ўжо існуючай традыцыі Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парламенцкія выбары ў Беларусі праводзяцца ў першую чаргу для беларускага народа, а не для Захаду.
Адказваючы на пытанне, ці разлічвае Кіраўнік дзяржавы на прызнанне выбараў Захадам, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што "павінен заўсёды разлічваць на лепшае".
"Яшчэ раз хачу паўтарыць: выбары мы праводзім сёння не для Захаду. Галоўны аўтар выбараў у Беларусі - беларускі народ, усё, што ён напіша ў кабінах для тайнага галасавання, таму і быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы разлічваем на лепшае, а што будзе - пажывём - убачым", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтай выбарчай кампаніі па сутнасці прычапіцца няма да чаго.
"Калі ўжо і на гэты раз хто-небудзь усумніцца ў выбары беларускага народа, то тады я не ведаю, як ужо выбары праводзіць, па якіх стандартах і якіх законах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "У нас асноўнае "шоу" заўсёды, вы ж разумееце, пачыналася пасля выбараў, таму ўсялякае можа быць, але, вядома, не дай бог. Заўсёды здараліся ў нас розныя палітычныя недарэчнасці пасля аб’яўлення вынікаў. Здаецца, і выбары добра прайшлі, людзі задаволены былі, усё нармальна, святочны настрой, а падлічылі, сёй-той праслязіўся, не сарыентаваўся, расхваляваўся, і пачынаецца "шоу". Гэта калі зыходзіць з вопыту".
Каменціруючы агучаныя выказванні аб тым, што цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць сумна і спакойна, Прэзідэнт адзначыў, што гэта шчасце для народа і ўлады.
"Што датычыцца таго, што ў нас сумна... Няхай зайздросцяць! Выбары ў тых дзяржавах, дзе яны праходзяць сумна і спакойна, - гэта шчасце для народа, ужо не гаворачы пра ўладу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Выбары ў цывілізаванай дзяржаве, дзе жыве цывілізаванае грамадства, павінны праходзіць такім чынам".
"Нам не патрэбны рэвалюцыі, узрушэнні, сутычкі, узрывы, мардабой", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларускі Парламент прыйдуць людзі, якія павінны быць адукаванымі, дасведчанымі і ствараць законы, і ў гэтым іх асноўная задача.
Ён таксама заўважыў, што "не вельмі ўключаны ў гэту кампанію з-за сваёй занятасці".
Аляксандр Лукашэнка параіў тым, хто абвінавачвае беларускі бок у несумленнасці правядзення выбараў, павучыцца ў Беларусі праводзіць іх сумленна, прынцыпова і дастойна, у інтарэсах народа.
"У чым несумленнасць беларускіх выбараў? - спытаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да польскай журналісткі. - Перадайце сваім польскім наглядальнікам (якія крытыкуюць нас) і ўсім, хто ў вас выбары праводзіць, каб яны вучыліся ў Беларусі праводзіць выбары сумленна, прынцыпова і дастойна, у інтарэсах народа. Вось вам мая парада".
"А са сваім статутам у чужы агарод лезці не трэба. Перадайце гэта польскім палітыкам. Мы тут усё ж неяк самі разбяромся, як нам уладкоўваць наша жыццё. Мы, па-мойму, для вас праблем не ствараем", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вялікая яўка выбаршчыкаў у Беларусі сведчыць аб даверы да ўлады.
Адказваючы на пытанне фінскага журналіста, аб чым можа сведчыць слабая яўка людзей на выбарчыя ўчасткі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Калі народ мала галасуе, значыць, ён проста не верыць у палітычную сістэму і тую ўладу, якая функцыянуе ў той ці іншай дзяржаве. У нас у два разы больш народу галасуе на выбарах, чым у той жа Фінляндыі. Таму вы параўноўвайце ўжо самі".
Прэзідэнт лічыць, што высокая яўка беларускіх выбаршчыкаў сведчыць аб тым, што "наша грамадства больш свядомае, у нас людзі больш вераць у сваю перспектыву, будучае і тым уладам, якія праводзяць гэтыя выбары, прынамсі, таму органу, які выбіраецца".
Па просьбе нямецкага журналіста Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё меркаванне наконт адмовы некаторых кандыдатаў прадаўжаць удзел у гэтай выбарчай кампаніі.
На думку Прэзідэнта, такое рашэнне сведчыць аб іх поўнай няслушнасці як палітыкаў.
"Я раблю вывад аб іх поўнай няслушнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка параіў уявіць такую сітуацыю ў Германіі, дзе такое фактычна немагчыма.
"Ну зняліся і зняліся, бог з імі. Там засталося яшчэ з гэтай "пятай калоны" нямала прэтэндэнтаў. Перамогуць - будуць у Парламенце, не перамогуць - зноў у Германію паедуць або ў Польшчу прасіць грошай на тое, каб хлеб, соль купіць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб сваім стаўленні да кандыдатаў, якія прапануюць байкатаваць гэтыя выбары, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Гэта проста баязліўцы, якім няма чаго сказаць народу. Бо палітычная барацьба праходзіць па пэўных законах. І аб гэтым усе ведаюць. Таму, калі ты аб гэтым ведаеш, то навошта наогул туды ўмешваешся?"
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі палітык уключыўся ў палітычную барацьбу, то павінен змагацца, а калі не можа гэтага зрабіць, спужаўся, значыць, няслушны палітык. "Прайдзі да канца свой шлях! Калі ў цябе ёсць нейкія негатыўныя факты, якія вынікаюць з гэтага працэсу, потым ужо заяўляй, гавары, але, прынамсі, паглядзі свой рэйтынг: ведаюць цябе людзі або не, трэба табе ў далейшым кіраваць партыяй, удзельнічаць у партыйным жыцці або ўступіць месца іншаму. Напэўна, перспектывы няма, а пусціць замест сябе больш дастойных не хочуць", - лічыць Прэзідэнт.
Адзін з прадстаўнікоў замежных СМІ пацікавіўся меркаваннем Прэзідэнта наконт будучыні яго малодшага сына. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу спытаў: "У вас ёсць дзеці? І як вы бачыце іх перспектывы? Добрыя, так? Я таксама хацеў бы, каб ва ўсіх маіх сыноў былі добрыя перспектывы. Яны залежаць ад таго, як будзе развівацца наша краіна".
"Я толькі за добрыя перспектывы, асабліва для дзяцей, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Вы ведаеце маё стаўленне да дзяцей, тут няма абсалютна ніякай палітыкі. Я хачу, каб і мае, і вашы дзеці, і дзеці той жа Фінляндыі, усяго свету, жылі і бачылі свае перспектывы. У імя гэтага мы павінны жыць і працаваць".
Яшчэ адно пытанне не датычылася тэмы выбараў, аднак яно таксама актуальнае на гэты момант для беларусаў: ці збіраецца наша краіна вяртацца да пераходу на зімовы час.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам сезонных пераводаў стрэлак. "Я не прыхільнік такіх пераводаў. Але, думаю, мы разам з расіянамі вызначымся, што нам рабіць у гэтым выпадку. Напэўна, для Беларусі (гэта ж не Расія, дзе некалькі часавых паясоў) гэта не так важна", - лічыць Прэзідэнт.
"Добра мы, дарослыя. Але мы ж дзяцей тузаем: ім у школу, дзіцячы сад на гадзіну раней прачынацца трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён растлумачыў, што ў гэтым пытанні зыходзіць выключна з бытавых прычын. "А што датычыцца эканомікі, то наўрад ці мы ўжо шмат выйграем. Таму я не прыхільнік вярцець гадзінамі туды-сюды", - выказаў сваё стаўленне да пытання Прэзідэнт.