Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці "Славянскага базару ў Віцебску"

    "Славянскі базар у Віцебску" даў магчымасць народам еўразійскай прасторы захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня ў час адкрыцця ХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску.

    "Несумненна, віцебскі форум стаў адным з тых зярнят, з якіх прарастае еўразійская інтэграцыя. Бо ён даў магчымасць нашым народам захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Гэтаму форуму самім лёсам было наканавана стаць цэнтрам прыцягнення розных культур. Бо нават у яго назве - "Славянскі базар" - чуецца водгук і еўрапейскай, і ўсходняй цывілізацыі", - лічыць Прэзідэнт.

    На думку Аляксандра Лукашэнкі, невыпадкова і месцам правядзення фестывалю выбраны Віцебск, дзе "на багатай глебе, створанай з перапляцення традыцый і культур, з'явіліся на свет і расцвіталі геніі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пачатку мінулага стагоддзя горад на Дзвіне трапна назвалі беларускім Парыжам: "Нягледзячы на знешнюю непадобнасць, гэтыя гарады ўнутрана вельмі блізкія. Іх вуліцы і плошчы напаўняе атмасфера натхнення, якая акрыляе людзей мастацтва і нараджае шэдэўры".

    Менавіта Віцебск сфарміраваў непаўторны характар "Славянскага базару", зрабіўшы яго галоўнымі рысамі шчырасць, адкрытасць, інтэлігентнасць і імкненне адстойваць эстэтычныя ідэалы, лічыць Прэзідэнт. "Вось тут Парыж ад Віцебска ў гэтым адстае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Фестываль не ламае творчых асоб, не заганяе іх у рамкі стандартаў і фарматаў. Ён прызнае права на асобны погляд у мастацтве, цэніць у любым творы перш за ўсё арыгінальнасць задумы, дасканаласць формы і глыбіню зместу. І пры гэтым застаецца адданы вялікай місіі мастацтва, якая дайшла да нас яшчэ з эпохі Адраджэння: рабіць высакароднай душу чалавека, сцвярджаць яго годнасць, несці ў свет прыгажосць і гармонію", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўвесь фестываль прасякнуты павагай да творчай унікальнасці кожнага народа і садзейнічае нараджэнню новых мастацкіх ідэй. "У сучасным свеце "Славянскі базар" служыць маяком духоўнасці і дабра, - лічыць Прэзідэнт. - Імкненне да братэрства і ўзаемапавагі, адкрытасць, шчодрасць складаюць сутнасць славянскай душы. Мы заўсёды гатовы дзяліцца лепшым і гасцінна прымаць усіх, хто прыходзіць да нас з адкрытым сэрцам, да нас, рускіх, беларусаў, украінцаў".

    Прэзідэнт адзначыў, што ў фестывальныя дні горад на Дзвіне "становіцца сталіцай сусветнага кірмашу мастацтваў, куды з'язджаюцца таленты з усёй Зямлі, уплятаючы ў святочны вянок яркія кветкі сваіх самабытных культур".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, размяняўшы трэці дзясятак гадоў, фестываль не застыў у сваім развіцці, а пастаянна адкрывае новыя грані свету сучаснага мастацтва.

    Кіраўнік дзяржавы параўнаў "Славянскі базар" з Алімпіядай. "Па колькасці ўдзельнікаў і разнастайнасці праграмы "Славянскі базар" можа прэтэндаваць на званне летняй культурнай Алімпіяды, - сказаў Прэзідэнт. - Тут дзейнічае галоўны алімпійскі прынцып: мастацтва, як і спорт, па-за палітыкай. На сцэнічных пляцоўках пануе дух сумленнай барацьбы і шчырага захаплення талентам, якой бы нацыі, веры і колеру скуры ні быў яго ўладальнік".

    "Алімпіяда вельмі адстае ад нашага "Базару". Яна палітызавана, там шмат праблем. А "Славянскі базар" - гэта астравок свабодамыснасці, незалежнасці, і ў нашага "Славянскага базару" можна гэтаму павучыцца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Менавіта таму, на думку Прэзідэнта, "Славянскі базар" стаў адной з самых папулярных у Еўропе стартавых пляцовак для маладых артыстаў.

    "Нават ёсць прыкмета: хто ўпершыню дабіўся поспеху на віцебскай сцэне, абавязкова стане зоркай. Прыклад Таісы Павалій, Русланы, Алёны Ланской і многіх іншых лаўрэатаў - лепшае таму пацвярджэнне", - сказаў Прэзідэнт.

    "У кожнай краіны ёсць свой галоўны культурны сімвал. Для суверэннай Беларусі гэта, без сумнення, "Славянскі базар". І мы ніколі не пакідалі і не пакінем фестываль без увагі і дзяржаўнай падтрымкі, каб гэты маштабны форум заўсёды захоўваў уласцівыя яму шырыню і размах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за апошнія 20 гадоў на фестывалі ўзнікла нямала добрых традыцый. Адна з іх - уручэнне спецыяльнай узнагароды "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". "Яна стала такой прэстыжнай, што ператварылася ў эстрадны "Оскар", за які разгараецца сапраўдная барацьба", - лічыць Прэзідэнт.

    У бягучым годзе Аляксандр Лукашэнка ўручыў гэту галоўную ўзнагароду "Славянскага базару" народнаму артысту Расіі Льву Лешчанку.

    Прымаючы ўзнагароду, Леў Лешчанка адзначыў: "Я вельмі люблю Беларусь, беларускі народ. Нягледзячы на тое, што мы сёння жывём у розных дзяржавах, усё роўна знаходзімся ў адной гуманітарнай прасторы: спяваем адны і тыя ж цудоўныя песні, глядзім фільмы, чытаем адны і тыя ж кнігі і ідзём побач па адной дарозе. Я хачу, каб гэта дарога ніколі не сканчалася", - сказаў ён. Мэтр расійскай эстрады таксама падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за захоўванне на постсавецкай прасторы такога фестывалю, які аб'ядноўвае брацкія славянскія народы.

    "Мы жывём у розных дзяржавах. Але калі паглядзець на мастацтва, мы сталі яшчэ бліжэй, і мы будзем жыць у гэтай адной дзяржаве, аснова якой - культура", - адзначыў Прэзідэнт.

    Акрамя таго, прэміямі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва адзначаны народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі і рускі паэт Глеб Гарбоўскі "за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - ўдзельніцамі Саюзнай дзяржавы".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў лаўрэатам натхнення і новых поспехаў, а Глебу Горбоўскаму, які па стану здароўя не змог прыехаць у Віцебск, хутчэй набрацца сіл і пабываць на беларускай зямлі.

    Прэзідэнт павіншаваў усіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю з яго адкрыццём. "І няхай гэты "Славянскі базар" стане незабыўнай падзеяй для кожнага з нас. Няхай запаліць новыя зоркі і падорыць усім нам добры настрой", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.