Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея
- 13
Дзясятаму юбілейнаму Каляднаму міжнароднаму турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь надаецца асаблівае значэнне ў сувязі з маючым адбыцца чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 студзеня на адкрыцці гэтага міжнароднага турніру.
"Юбілейнаму турніру мы надаём асаблівае значэнне яшчэ і таму, што гэта своеасаблівы экзамен перад правядзеннем у Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Уся краіна рыхтуецца да гэтай маштабнай падзеі ў Год гасціннасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з 2014 годам, які будзе вельмі багатым на спартыўныя падзеі сусветнага маштабу. "Глыбока сімвалічна, што мы па добрай традыцыі пачынаем яго ўнікальным спаборніцтвам - Калядным міжнародным турнірам аматараў хакея. Упэўнены, што нашы лядовыя дружыны пакажуць сваё высокае гульнявое майстэрства і зададуць баявы тон іншым маючым адбыцца спартыўным баталіям", - сказаў ён.
Беларускі лідар выказаў удзячнасць пастаянным удзельнікам першынства і павітаў дэбютанта - зборную Францыі.
"Сёння ў нашага турніру юбілей. Помніцца, як дзесяць гадоў таму, упершыню сабраўшы восем каманд, мы спадзяваліся, што наш пачын атрымае права на жыццё і прызнанне ў грамадстве. Цяпер мы бачым, што ён набраў сілы, стаў традыцыйным і трывала заваяваў рэпутацыю неафіцыйнага чэмпіянату свету па хакеі сярод аматарскіх каманд", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым канстатаваў, што пашырыўся склад удзельнікаў, і ў гэтым турніры прымаюць удзел ужо 12 каманд. Павялічылася і колькасць спартыўных аб'ектаў, на пляцоўках якіх праходзяць спаборніцтвы. Так, каманды Аўстрыі, Расіі, Чэхіі і Швейцарыі апрабуюць лёд новага спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна". Акрамя таго, павялічыўся напал спаборніцтваў і цікавасць гледачоў да іх. "Мы ўсё часцей і часцей на вуліцах, у працоўных калектывах чуем: а ці няма лішняга білеціка. Гэта заслугоўвае павагі. Гэта тое, у імя чаго і ствараўся гэты міжнародны турнір", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нязменная высакародная мэта турніру - папулярызацыя хакея, прыцягненне да здаровага ладу жыцця як мага большай колькасці людзей рознага ўзросту. "Мы высока цэнім спорт за тое, што ён збліжае людзей, дапамагае лепш разумець адзін аднаго. Гэта форма народнай дыпламатыі, якая адкрывае новыя шляхі да супрацоўніцтва зусім розных краін", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў гасцям і балельшчыкам яркіх уражанняў ад гульні, а ўдзельнікам турніру - удачных і рэзультатыўных матчаў.
На заканчэнне свайго выступлення Кіраўнік дзяржавы аб'явіў Х Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі адкрытым.
Пасля Аляксандр Лукашэнка выйшаў на лёд у складзе каманды Прэзідэнта Беларусі ў матчы супраць лядовай дружыны з Францыі.
У турніры прымаюць удзел дванаццаць каманд з Аўстрыі, Германіі, Канады, Расіі, Славакіі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Беларусі.
Турнір складаецца з папярэдняга і фінальнага этапаў. На папярэднім гульні праводзяцца ў адзін круг у трох групах па 4 каманды ў кожнай.
У квартэт А ўвайшлі каманда Прэзідэнта Беларусі і лядовыя дружыны з Германіі, Славакіі і Францыі. Матчы гэтай чацвёркі пройдуць у Палацы спорту.
У групу В уключаны каманды Расіі, Аўстрыі, Чэхіі і Швейцарыі. Яны правядуць свае матчы на лёдзе "Чыжоўка-Арэны".
Трэцюю групу С склалі каманды Канады, Фінляндыі, Швецыі і Украіны. Гэта чацвёрка правядзе свае матчы ў Лядовым палацы на вуліцы Прытыцкага.
У фінальны этап выйдуць пераможцы трох квартэтаў, а таксама лепшая каманда з заняўшых другія месцы.
Фінальны матч і гульня за 3-е месца пройдуць на лёдзе шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна" 7 студзеня.
Папярэднія гады пераможцам Каляднага турніру сем разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (у 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012 і 2013 гадах). Двойчы поспех святкавала расійская дружына.