Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці галерэі Міхаіла Савіцкага

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 верасня прыняў удзел у адкрыцці ў Мінску галерэі народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.

    Мастацкая галерэя размясцілася ў будынку на плошчы Свабоды, 15, узведзеным у XVIII стагоддзі. Гэты будынак як месца размяшчэння галерэі быў выбраны самім мастаком. З яго ж згоды ён рэканструяваўся і дабудоўваўся як музейны аб'ект двайнога прызначэння, які сумяшчае непасрэдна мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй гэтага будынка.

    Чатыры залы першага паверха адведзены пад рэканструкцыю інтэр'ераў жылых памяшканняў сядзібнага дома - гэта вялікая і малая гасціныя, кабінет, бібліятэка. Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Савіцкага, размешчана ў дзевяці залах другога паверха і на трэцім паверсе прыбудовы. Яна сфарміравана з работ, набытых у мастака або падораных ім, перададзеных на часовае захоўванне сям'ёй мастака, а таксама беларускімі музеямі. У галерэі дэманструюцца адноўленыя інтэр'еры майстэрні і рабочага кабінета Міхаіла Савіцкага, матэрыялы, звязаныя з яго біяграфіяй, - асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы, фатаграфіі, пісьмы, кнігі з аўтографамі і г.д. Усяго ў галерэі выстаўлена 98 работ мастака. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць серыі карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаных вязням канцлагераў, і "Чорная быль".

    У свой час Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне адрэстаўрыраваць будынак і стварыць тут паўнацэнную галерэю мастака. Прэзідэнт адносіўся да мастака з вялікай сімпатыяй, неаднаразова з ім сустракаўся.

    Аляксандр Лукашэнка прайшоў па ўсіх залах галерэі і застаўся задаволены праведзенай работай па яе стварэнню і па рэстаўрацыі будынка.

    Кіраўнік дзяржавы сустрэўся таксама з беларускімі мастакамі, вучнямі Міхаіла Савіцкага. Прэзідэнт лічыць, што іх работы таксама павінны выстаўляцца ў адной з залаў галерэі. Вядомы беларускі жывапісец Ігар Бархаткоў, які вучыўся ў Міхаіла Савіцкага, падарыў Аляксандру Лукашэнку сваю карціну, на якой адлюстраваны летні беларускі пейзаж.

    На памяць аб наведванні мастацкай галерэі Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "З пачуццём асаблівага хвалявання я наведаў галерэю Міхаіла Андрэевіча Савіцкага - чалавека, якога добра ведаў і глыбока паважаў, мастака, чыя творчасць стала новым словам у мастацтве і атрымала сусветнае прызнанне, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай жа галерэя твораў гэтага выдатнага сына роднай зямлі, якая адкрылася сёння ў Мінску, паслужыць духоўнаму ўзбагачэнню людзей, напаўняючы сэрцы гонарам за наш таленавіты народ, які падарыў чалавецтву такога Майстра".

    У будынку галерэі адбылася таксама размова аб перспектывах развіцця Мінска.

    У прыватнасці, мэр сталіцы Мікалай Ладуцька далажыў аб рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска. На гэты час завершана рэканструкцыя 114 аб'ектаў, больш як 70 уведзена ў эксплуатацыю, да канца года плануецца ўвесці яшчэ 7 аб'ектаў. Праект дэталёвага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў у 2005 годзе. Гэтыя работы вядуцца на тэрыторыі плошчай 115 га. Як адзначыў мэр, рэканструкцыя большай часткі гістарычнага цэнтра Мінска будзе завершана ў 2013 годзе.

    Пасля чэмпіянату свету па хакеі, які беларуская сталіца будзе прымаць у 2014 годзе, плануецца пачаць аднаўленне Мінскага замчышча, а менавіта будзе сфарміраваны археалагічны музей, музей гісторыі горада, адноўлена рэчышча ракі Няміга.

    Прэзідэнту было таксама даложана аб планах па стварэнню новага мінскага мікрараёна Зялёны Бор. Ён размесціцца ў раёне пасёлка Калодзішчы. Тут плануецца прымяніць новую схему забудовы: амаль 35% дамоў будуць вышынёй да дзесяці паверхаў, столькі ж - чатырох- і пяціпавярховыя, астатнія - нізкапавярховыя. Будаўніцтва мікрараёна пачнецца ўжо ў 2013 годзе.

    Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў 2013 годзе завяршыць добраўпарадкаванне Мінска, прычым не толькі яго цэнтральнай часткі, але і спальных мікрараёнаў. Да гэтай работы, на думку Прэзідэнта, павінны падключацца ўласнікі і арандатары будынкаў, жыхары горада.

    Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што больш адказна да здачы аб'ектаў павінны адносіцца і падрадчыкі, гарантуючы на працягу трох гадоў якасць пабудаванага аб'екта. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць адпаведны нарматыўна-прававы акт.

    Прэзідэнт таксама адзначыў, што пашыраць Мінск больш не трэба, неабходна асвойваць тэрыторыі ўнутры горада, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. "Мінск трэба рабіць утульным домам для гараджан", - сказаў Прэзідэнт.