Аляксандр Лукашэнка прыняў с дакладам намесніка Прэм'ер-міністра Пятра Пракаповіча

    Пытанні комплекснай мадэрнізацыі беларускай эканомікі былі ў цэнтры ўвагі ў час даклада Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку 12 жніўня намесніка Прэм'ер-міністра Пятра Пракаповіча.

    Мадэрнізацыя з'яўляецца важнейшым пытаннем для краіны, паколькі дае магчымасць за кошт павышэння прадукцыйнасці працы забяспечыць рост жыццёвага ўзроўню насельніцтва і вырашыць праблему дасягнення ўстойлівага дадатнага сальда знешняга гандлю, яго збалансаванасці, павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў.

    Таму Кіраўнік дзяржавы трымае на пастаянным кантролі пытанні правядзення комплекснай мадэрнізацыі і патрабуе з Урада за правядзенне гэтай работы.

    Як было даложана Прэзідэнту, у цэлым за першае паўгоддзе ўдалося дабіцца станоўчых крокаў у гэтым напрамку. Распрацаваны і рэалізуюцца праграмы мадэрнізацыі на 3680 прадпрыемствах з дзяржаўнай доляй уласнасці і каля 1 тыс. прыватных. Гэты працэс ахоплівае таксама развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Акрамя таго, вырашаюцца пытанні са стварэннем новых буйных вытворчасцей на базе замежнага і беларускага капіталу.

    У той жа час віцэ-прэм'ер са шкадаваннем канстатаваў, што паказчыкі за першае паўгоддзе яшчэ далёкія ад запланаваных у цэлым па году. Так, выручка на аднаго занятага ў эканоміцы за гэты перыяд вырасла на 11,5% адносна паказчыкаў мінулага года, у той жа час па выніках года яна павінна складаць не менш як 25%. Сярод вытворчасцей, якія не выконваюць гэты паказчык, прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, канцэрна "Белнафтахім".

    Па выніках работы за 6 месяцаў бягучага года інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 108,8% адносна першага паўгоддзя мінулага года. Гэта крыху вышэй, чым прагнозныя паказчыкі (106%), аднак таксама недастаткова для забеспячэння выканання запланаванага праграмай мадэрнізацыі па ўсіх прадпрыемствах. Паводле слоў Пятра Пракаповіча, фактычна на гэты дзень менш як палавіна прадпрыемстваў выконваюць графік.

    На яго думку, для вырашэння задач мадэрнізацыі неабходна прымаць дадатковыя меры.

    Аднак самае значнае адставанне, адзначыў віцэ-прэм'ер, - у правядзенні арганізацыйна-эканамічнай мадэрнізацыі. "Ніякае самае дасканалае абсталяванне, тэхналогіі не будуць эфектыўна працаваць, калі не выбудавана сістэма кіравання, сістэма матывацыі работнікаў, захавання вельмі строгай дысцыпліны і тэхналогій. Калі мы гэтага не зробім, то не зможам эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ўкладзём у тэхнічную мадэрнізацыю", - сказаў Пётр Пракаповіч.

    Ён падкрэсліў, што задача ў тым, каб стварыць сістэму эканамічнага кіравання, якая забяспечыць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, яе адпаведнасць лепшым сусветным паказчыкам. "Сёння, на жаль, мы больш за ўсё адстаём менавіта з-за адсутнасці строгага захавання тэхналогій, што і прыводзіць да тых пытанняў, у якіх мы з'яўляемся па многіх напрамках неканкурэнтаздольнымі", - сказаў віцэ-прэм'ер.

    Кіраўнік дзяржавы даручыў прыняць усе неабходныя меры для таго, каб у цэлым па году ўсе запланаваныя праграмай мадэрнізацыі паказчыкі былі выкананы ў поўным аб'ёме па ўсіх напрамках. Гэта дасць магчымасць у тым ліку зрабіць добры зачын на 2014-2015 гады ў мадэрнізацыі ўсёй эканомікі. Пётр Пракаповіч запэўніў, што Урад прыме ўсе неабходныя меры для выканання даручэння Прэзідэнта.