Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў
Беларусь паслядоўна прытрымліваецца збалансаванага і міралюбівага курсу ў знешняй палітыцы і гатова да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету без выключэння. Аб гэтым 5 кастрычніка заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін.
Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Германіі, Венгрыі, В'етнама, Грузіі, Зімбабвэ, Інданезіі, Казахстана, Літвы, Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Туркменістана.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусаў вылучае адкрытасць, добрасардэчнасць, спагадлівасць, гасціннасць і міралюбівасць. Менавіта гэтыя якасці пакладзены ў аснову знешнепалітычнай дактрыны краіны. "Наша асноўнае крэда ва ўзаемаадносінах з замежнымі партнёрамі – раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялог", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы не прымаем націску і ўмяшання ва ўнутраныя справы", – падкрэсліў Прэзідэнт, асабліва звярнуўшы на гэта ўвагу кіраўнікоў дыпмісій краін Еўрасаюза.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння еўрапейская эканоміка сутыкнулася з сур'ёзнымі выклікамі. Можна пачуць нават меркаванні аб пагрозах цэласнасці Еўрапейскага саюза. "У гэтых умовах як ніколі важна аб'яднанне намаганняў краін усяго кантынента для барацьбы з фінансава-эканамічнымі цяжкасцямі, а таксама новымі трансгранічнымі праблемамі, – лічыць Прэзідэнт Беларусі. – І ўсе неабыякавыя і разважлівыя людзі гэта разумеюць, як і тое, што па суседству з Еўрасаюзам дынамічна развіваецца канструктыўна настроены еўразійскі інтэграцыйны праект".
"У гэтай сітуацыі здзіўляе тая ўшчэрбнасць і тэндэнцыйнасць, з якой асобныя дзеячы ў Бруселі, якія, дарэчы, усё больш адрываюцца ад рэальных патрэб еўрапейскіх народаў, ацэньваюць падзеі ў нашай краіне", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ментарскі тон і нібыта адзіна правільны заходні светапогляд колькі хочаце могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучым часткай Еўрасаюза. Але гэта не пра Беларусь, – падкрэсліў Прэзідэнт. – На шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў, або, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сістэмы, у інтарэсах нашага народа мы не будзем дзейнічаць па нечай указцы звонку".
"У той жа час мы адзіныя з еўрапейцамі ў разуменні канчатковай мэты нашых рэформ: умацаванне пазіцый Беларусі як сучаснай, адказнай, дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы. У нашым характары заўсёды адказваць узаемнасцю на добрае і паважлівае стаўленне", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы чакаем, што Еўрасаюз адмовіцца ад бессэнсоўнага націску на нашу краіну, зробіць захады для аднаўлення даверу да сябе як да вельмі сур'ёзнага партнёра і добрага суседа. І роля ў гэтым працэсе кіраўнікоў дыпмісій краін – членаў ЕС вялікая", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што Беларусь – неад'емная частка сучаснай вялікай Еўропы: "І мы падзяляем агульную адказнасць за яе будучае, гатовы актыўна ўзаемадзейнічаць з еўрапейскімі дзяржавамі ў інтарэсах працвітання і бяспекі ўсяго кантынента".
Звяртаючыся да дыпламатаў з краін Еўрасаюза, і ў прыватнасці да Пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытанія і Паўночнай Ірландыі Бруса Бакнела, Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў: "Мы гатовы, калі вы да гэтага гатовы, з вамі супрацоўнічаць. Думаю, пара нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачванняў з боку Еўрасаюза ў адрас Беларусі. Пара ўжо шукаць агульныя інтарэсы, я думаю – гэта галоўнае".
У той жа час у кароткай размове з Паслом Літвы Лінасам Лінкявічусам Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што бакі справяцца з усімі праблемамі. "Думаю, нам нікуды не дзецца ад нашага супрацоўніцтва", – дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі па-ранейшаму вельмі важнае значэнне мае ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей на постсавецкай прасторы.
Прымаючы даверчыя граматы Пасла Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенава, Прэзідэнт адзначыў, што Казахстан – даўні сябар і важнейшы стратэгічны партнёр Беларусі ў Цэнтральнай Азіі. Ён звярнуў увагу на тое, што за апошні час удалося надаць якасна новую дынаміку двухбаковаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
"Мы зацікаўлены ў максімальным выкарыстанні пераваг еўразійскай інтэграцыі. І ў бліжэйшы час разлічваем выйсці на сумесныя праекты не толькі ў прамысловай кааперацыі, але і ў энергетычнай сферы, у галіне новых тэхналогій і тэлекамунікацый, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадарцы", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Нашы еўрапейская і еўразійская інтэграцыі павінны быць адзіныя", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў надзею, што ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы значна актывізуецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва.
Звяртаючыся да Пасла Грузіі ў Беларусі Давіда Катарыя, Аляксандр Лукашэнка выказаў вялікую зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемавыгаднага дыялогу па самым шырокім спектры пытанняў. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што трывалым фундаментам для гэтага з’яўляюцца дружалюбныя адносіны паміж народамі дзвюх краін. Ён таксама выказаў удзячнасць за тую каласальную падтрымку, якую Грузія аказвае Беларусі на міжнароднай арэне.
"Лічу, што сёння неабходна актывізаваць двухбаковыя кантакты па ўсіх напрамках. І, у першую чаргу лакаматывам гэтаму павінна паслужыць эканоміка", – адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што разлічвае на больш цесныя кантакты з грузінскім бокам.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў, што будзе ўсяляк старацца, каб Грузія вярнулася ў СНД. "Хтосьці там сказаў, што ў Грузіі ў парадку дня не стаіць пытанне па СНД. Я думаю, што калі сёння не стаіць, то заўтра можа з'явіцца", – лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Тым больш што СНД – гэта сёння арганізацыя без якіх-небудзь вялікіх канкрэтных абавязацельстваў. Тут можна весці дыскусіі па пытаннях, якія датычацца ўсёй постсавецкай прасторы. А Грузію і я, і беларускі народ ніколі не адрывалі ад нашага мінулага, ад таго, што мы былі ў адной краіне. Думаю, гэта будзе нядрэнна, калі ваш прадстаўнік будзе працаваць у СНД", – сказаў Прэзідэнт.
"Я яшчэ раз пацвярджаю, што буду ўсяляк старацца, калі Беларусь, як гэта плануецца, будзе працаваць на чале СНД у будучым годзе, каб Грузія выкарыстала і гэты шлях нармалізацыі адносін не толькі з Расіяй, але і з усімі постсавецкімі дзяржавамі, з якімі ёй трэба нармалізаваць адносіны", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, сапраўды даверныя канструктыўныя адносіны звязваюць Беларусь і Туркменістан.
Сустрэчы на вышэйшым узроўні, якія сталі за апошнія гады рэгулярнымі, пацвярджаюць высокую ступень узаемаразумення і дружалюбны характар сувязей паміж двума народамі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што рэалізацыя дасягнутых прэзідэнтамі дзвюх краін дамоўленасцей надала беларуска-туркменскім адносінам стратэгічны характар. "Нашы адносіны з Туркменістанам – гэта прыклад для іншых. Мы па ўсіх напрамках у апошнія гады разгарнулі супрацоўніцтва. Мы гатовы дзейнічаць па тых напрамках, аб якіх была дамоўленасць з вашым Прэзідэнтам", – запэўніў Кіраўнік дзяржавы дыпламата гэтай краіны.
У прыватнасці, за апошнія чатыры гады тавараабарот паміж дзвюма краінамі павялічыўся практычна ў пяць разоў, што абумоўлена высокімі тэмпамі росту беларускага экспарту. Беларускія арганізацыі ажыццяўляюць маштабныя пастаўкі тэхнікі, актыўна ўдзельнічаюць у будаўнічых праектах у Туркменістане. У беларускіх ВНУ навучаюцца больш як 5 тыс. туркменскіх студэнтаў. Найбольш значны сумесны праект – будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў.
Прэзідэнт бачыць перспектывы ў развіцці прамых сувязей паміж прадпрымальнікамі, актыўным выкарыстанні патэнцыялу рэгіянальных кантактаў, новых формах эканамічнай кааперацыі з Туркменістанам, уключаючы рэалізацыю сумесных прамысловых і інфраструктурных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод дзяржаў, якія знаходзяцца ад Беларусі на вялікай адлегласці, у нашай краіны ёсць шмат надзейных і перспектыўных партнёраў.
"Шчырая дружба паміж народамі, змацаваная дзесяцігоддзямі плённага супрацоўніцтва, узаемнай сімпатыі і падтрымкі, звязвае Беларусь з В'етнамам. Прыемна, што адносіны асаблівага даверу паміж кіраўніцтвам нашых дзяржаў пастаянна ўмацоўваюцца", – сказаў беларускі лідар. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта з'яўляецца надзейным фундаментам паспяховага супрацоўніцтва як у эканамічнай, так і ў знешнепалітычнай сферы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь была, ёсць і застанецца надзейным і шчырым сябрам В'етнама ў Еўропе.
"Мы гатовы да дынамічнага нарошчвання ўзаемадзеяння ў сферы навукова-тэхнічнай, прамысловай кааперацыі для выхаду на больш высокі ўзровень у двухбаковых адносінах", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У рэгіёне Персідскага заліва і на Блізкім Усходзе ў якасці аднаго з самых перспектыўных партнёраў Аляксандр Лукашэнка назваў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Прэзідэнт падкрэсліў вялікую зацікаўленасць у паступальным пашырэнні ўсіх сегментаў узаемадзеяння з Абу-Дабі, у першую чаргу інвестыцыйнага і гандлёва-эканамічнага, а таксама ў яго напаўненні канкрэтнымі ўзаемавыгаднымі праектамі. Звяртаючыся да Пасла ААЭ Мухамеда Абдалы Мухамеда аль-Гафлі, Прэзідэнт падзякаваў ААЭ за падтрымку і сумесныя пачынанні ў эканамічнай сферы. "Думаю, у бліжэйшы час мы зможам пасля слоў, намераў значна рушыць наперад у нашым супрацоўніцтве. Мы хацелі б мець апору ў Персідскім заліве", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Важнейшым элементам беларускай знешняй палітыкі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ў цэлым з'яўляюцца адносіны з Інданезіяй, адзначыў Прэзідэнт.
"Паміж намі адсутнічаюць штучныя праблемы, якія перашкаджалі б пашырэнню ўсебаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння", – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Так, аб'ём беларускага экспарту ў 2011 годзе дасягнуў амаль $161 млн. пры дадатным сальда гандлёвага балансу ў суме амаль $103 млн. У 2012 годзе ў Інданезію пачалі пастаўляць беларускія кар'ерныя самазвалы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на той факт, што для больш поўнага выкарыстання патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва ў мінулым годзе было адкрыта беларускае пасольства ў Інданезіі. "І ў бліжэйшы час мы плануем правесці абмен візітамі на вышэйшым узроўні", – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прымаючы даверчыя граматы Пасла Зімбабвэ ў Беларусі Баніфейса Гувы Брыта Чыдзьяўсіку, Аляксандр Лукашэнка назваў перспектыўным супрацоўніцтва з гэтай краінай у рэгіёне Паўднёвай Афрыкі. Прэзідэнт выказаў зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі дыялогу з гэтай дзяржавай. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вельмі ўзаемавыгаднымі могуць стаць сумесныя праекты ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, разведкі і здабычы карысных выкапняў.
Звяртаючыся да ўсіх дыпламатаў, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што сумленная і адкрытая пазіцыя дасць магчымасць ім камфортна жыць і паспяхова працаваць на беларускай зямлі і адкрые перад імі ўсе дзверы. "Прынамсі, я буду гэтаму ўсяляк садзейнічаць, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Ваша эфектыўная штодзённая работа стане залогам канкрэтных вынікаў і дамоўленасцей, якія адлюстроўваюць сапраўдную зацікаўленасць нашых народаў у развіцці ўзаемавыгадных адносін".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў дыпламатам поспехаў і падкрэсліў, што разлічвае на іх аб'ектыўнае і паважлівае стаўленне да Беларусі і перш за ўсё яе народа.