Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў
- 12
Беларусь выбрала шматвектарны курс знешняй палітыкі і імкнецца да фарміравання трывалых адносін, заснаваных на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве і дружбе з замежнымі партнёрамі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.
Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Украіны, Фінляндыі, Харватыі, Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, Швейцарыі, Егіпта, Рэспублікі Карэя, Непала, Тайланда і Новай Зеландыі.
"Вельмі сімвалічна, што ваша адказная місія пачынаецца напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці. 3 ліпеня - святая для беларусаў дата вызвалення Мінска ад гітлераўскай акупацыі, стаўшая сімвалам незалежнасці беларускай дзяржавы. Гістарычная памяць аб стойкасці і гераізме нашага народа ў барацьбе з фашызмам, аб тых незлічоных ахвярах, прынесеных на алтар Вялікай Перамогі, аб'яднала людзей, вызначыла светапоглядныя асновы і маральныя каштоўнасці нацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да дыпламатаў.
"Павага права кожнага народа выбіраць свой шлях развіцця, міралюбнасць і салідарнасць, узаемаразуменне і супрацоўніцтва, непрыманне дыктату і несправядлівасці - усе гэтыя выпакутаваныя прынцыпы ляжаць у аснове нашага жыцця. Яны фарміруюць і падыходы Беларусі ў міжнародных адносінах, вызначаюць курс знешняй палітыкі нашай маладой і суверэннай дзяржавы. Таму не выпадкова Беларусь карыстаецца заслужанай рэпутацыяй донара рэгіянальнай і глабальнай бяспекі", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы выбралі шматвектарны курс знешняй палітыкі і імкнёмся да фарміравання трывалых адносін, заснаваных на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве і дружбе з замежнымі партнёрамі. Беларусь гатова падтрымаць любыя добрыя пачынанні, накіраваныя на карысць нашых народаў, і сама нярэдка становіцца ініцыятарам перспектыўных сумесных праектаў", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў актывізацыю дзелавога жыцця і ўзнікненне новых сфер узаемных інтарэсаў. "Мы рады пашырэнню кантактаў у розных кутках планеты, з'яўленню новых сяброў і партнёраў. Але асабліва цэнім тых, каму давяраем, з кім пастаянна супрацоўнічаем, маем добрыя традыцыі дружалюбных адносін", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Перш за ўсё, хачу адзначыць цвёрдую прыхільнасць да ўмацавання сувязей з Украінай - нашым бліжэйшым суседам і вельмі надзейным партнёрам. Мой нядаўні афіцыйны візіт ва Украіну яшчэ раз пацвердзіў узаемную зацікаўленасць і імкненне дзяржаў канструктыўна вырашаць актуальныя пытанні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы сыходзімся ў поглядах у тым, што датычыцца неабходнасці паглыблення палітычнага дыялогу, развіцця эканамічных сувязей і інтэнсіфікацыі ўсяго спектра міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Неабходна, каб такая двухбаковая работа арганічна ўлічвала новыя маштабныя інтэграцыйныя працэсы, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанні развіцця ўзаемаадносін з краінамі Еўропы нязменна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі беларускага боку. У прыватнасці, Беларусь разлічвае на паглыбленне інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Фінляндыяй і Швейцарыяй.
Фінляндыя з'яўляецца ключавым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі ў Паўночнай Еўропе. "У нас шмат агульных поглядаў, аб'ектыўная ўзаемная зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва па шэрагу канкрэтных напрамкаў. Мы чакаем прыцягнення фінляндскіх інвестыцый і тэхналогій у такія перспектыўныя сферы, як энергетыка, дрэваапрацоўка, машынабудаванне, будаўніцтва і банкаўска-крэдытны сектар", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што актыўнасць кантактаў відавочна не адпавядае аб'ектыўным патрэбнасцям бакоў.
"Мы вельмі разлічваем, што ўзважаная пазіцыя Фінляндыі, накіраваная на падтрыманне стабільнасці, актыўнага супрацоўніцтва і добрасуседства ў Балтыйскім рэгіёне, будзе садзейнічаць паглыбленню канструктыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час Беларусь і Фінляндыя пачалі рэалізоўваць праграму па развіццю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц паліва. "Хацелася б, каб у нас была доўгатэрміновая праграма. Мы гатовы закупляць у вас абсталяванне. Трэба дамаўляцца і пашыраць наша супрацоўніцтва. Мы вельмі зацікаўлены ў вашым вопыце гаспадарання, арганізацыі сваёй краіны, пачынаючы ад спорту і завяршаючы эканомікай", - прапанаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь настроена на развіццё поўнамаштабнага ўзаемадзеяння са Швейцарыяй. "Апошнія гады дзелавое супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі атрымала новы імпульс. На тэрыторыі Беларусі рэалізуецца шэраг швейцарскіх інвестыцыйных праектаў. Няхай іх поспех стане залогам далейшага паглыблення нашых кантактаў. І тут нам трэба рухацца далей. Перспектыўнымі сферамі бачацца прамысловасць, навука і інавацыі, крэдытная сфера, культура і турызм", - адзначыў беларускі лідар.
Гаворачы аб супрацоўніцтве са Швейцарыяй, Кіраўнік дзяржавы прывёў паспяховы прыклад стварэння ў Беларусі сумеснага сучаснага прадпрыемства па вытворчасці электрапаяздоў і трамваяў.
У якасці перспектыўных партнёраў на Балканах Беларусь разглядае Харватыю, Боснію і Герцагавіну, а таксама Чарнагорыю. "Нацэленасць вашых краін на цесную інтэграцыю з Еўрапейскім саюзам не павінна стаць перашкодай для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з нашай дзяржавай. Мы гатовы да пашырэння адносін ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу і павышэння ўзроўню кантактаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Перакананы, што паглыбленне двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з кожнай з вашых краін стане каталізатарам актывізацыі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ва ўсіх галінах, у тым ліку ў палітычнай сферы. Лічым неабходным паглыбленне кааперацыйных сувязей і інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як энергетыка, сельская гаспадарка, турызм, гасцінічны бізнес".
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі склаліся добрыя адносіны з Сербіяй і ў гэтым жа ключы неабходна развіваць супрацоўніцтва з іншымі краінамі рэгіёна: "У нас ёсць што сказаць адзін аднаму, у нас ёсць адкрытасць і давер. Я разумею вашу арыентацыю на Еўрапейскі саюз, але я не думаю, што гэта перашкода для нашага супрацоўніцтва".
Прэзідэнт падкрэсліў, што адносіны Беларусі з Рэспублікай Карэя традыцыйна вызначаюцца імкненнем бакоў да канструктыўнага дыялогу, а ў бягучым годзе новай тэмай гэтага дыялогу стала інфарматызацыя. Беларускія органы дзяржаўнага кіравання ўключыліся ў маштабную работу з карэйскімі партнёрамі па рэалізацыі ў Беларусі праекта "электроннага ўрада". "Разлічваю, што наша супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы прыме доўгатэрміновы характар. "Электронны ўрад" - гэта ўсяго толькі адзін з інавацыйных напрамкаў, якія маюць для нас вялікі інтарэс, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кіруючыся гэтым прыкладам, трэба шукаць новыя праекты для сумеснай работы. А іх знойдзецца нямала, асабліва ў кантэксце праводзімай у нашай краіне мадэрнізацыі".
Як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі ўважліва сочаць за развіццём падзей у Егіпце і разглядаюць гэту дзяржаву ў якасці аднаго з ключавых партнёраў у Паўночнай Афрыцы, актыўнага і ўплывовага ўдзельніка працэсу ўрэгулявання няпростых рэгіянальных праблем. "Спадзяюся, у бліжэйшым будучым мы зможам сумеснымі намаганнямі не толькі аднавіць ранейшы ўзровень двухбаковых сувязей, але і пайсці далей, пашыраючы сферы нашага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь таксама нарошчвае сваю прысутнасць у Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Акіяніі. "Прытрымліваючыся выбранага курсу, мы паслядоўна выбудоўваем дыялог з усімі дзяржавамі вялікага рэгіёна, да якіх належыць і Новая Зеландыя. Паміж нашымі краінамі няма рознагалоссяў, якія перашкаджалі б нам пашыраць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У той жа час нас збліжае шэраг тэм, блізкіх народам абедзвюх краін. У першую чаргу гэта сельская гаспадарка. Упэўнены, у працэсе дыялогу мы знойдзем яшчэ нямала агульных падыходаў і магчымасцей для кааперацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важным вектарам беларускай знешняй палітыкі ў гэтым рэгіёне з'яўляецца развіццё адносін з Тайландам. "Па выніках мінулага года менавіта Тайланд стаў нашым буйнейшым знешнегандлёвым партнёрам у рэгіёне. Але ў нас ёсць значны патэнцыял для пашырэння супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне машынабудавання, сельскай гаспадаркі, інфармацыйных тэхналогій, электроннай прамысловасці", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў зацікаўленасць беларускага боку ў паглыбленні кантактаў з Непалам: "Патэнцыял нашага супрацоўніцтва яшчэ не раскрыты ў поўнай ступені. Нам толькі трэба адшукаць перспектыўныя напрамкі будучага ўзаемавыгаднага партнёрства. Беларускі бок разлічвае на актывізацыю гэтага працэсу".
Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што
ўжо на пачатковым этапе сваёй дзейнасці ў Беларусі яны змогуць пераканацца ў
шчырай нацэленасці беларускага боку на паважлівы і канструктыўны дыялог. "З боку
беларускіх партнёраў вы сустрэнеце імкненне да плённай і рэзультатыўнай сумеснай
работы і гатоўнасць да вырашэння любых актуальных пытанняў. Няхай нашы адносіны
з краінамі, якія вы прадстаўляеце, стануць дастойным прыкладам дружбы і
сапраўднага дзелавога партнёрства", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.