Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў шэрагу замежных дзяржаў
Беларусь высока цэніць партнёрства і дружалюбнасць ва ўзаемаадносінах з усімі дзяржавамі і не прымае дыктату. Аб гэтым заявіў 20 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў дзевяці дзяржаў.
Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Ізраіля і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Таксама Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў Аргенціны, Люксембурга, Эфіопіі і Японіі, якія працуюць у Расійскай Федэрацыі і Беларусі па сумяшчальніцтве.
Акрамя таго, даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі пасол Нарвегіі (працуючы ва Украіне і Беларусі па сумяшчальніцтве), пасол Сан-Марына (з рэзідэнцыяй у Сан-Марына) і апостальскі нунцый у Беларусі.
"На нашу думку, кожная краіна незалежна ад займаемай тэрыторыі або эканамічнага патэнцыялу мае права самастойна вызначаць шлях развіцця і выбудоўваць адносіны са знешнім светам на раўнапраўнай і справядлівай аснове", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на міжнароднай арэне Беларусь нязменна рэалізуе прынцыпы мнагавектарнасці і збалансаванасці. "Мы высока цэнім партнёрства і дружалюбнасць ва ўзаемаадносінах з усімі дзяржавамі і не прымаем дыктат", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, сучасная Беларусь - маладая, адкрытая свету дзяржава, якая дынамічна развіваецца. "Мы планамерна і паслядоўна развіваем і ўмацоўваем дзяржаву і яе суверэнітэт, паляпшаем умовы жыцця людзей, забяспечваем сацыяльную стабільнасць і згоду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы даверчыя граматы пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Гуна Цзяньвэя, Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў нацэленасць краіны на далейшае ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з КНР.
Прэзідэнт адзначыў, што беларуска-кітайскія адносіны характарызуюцца даверным палітычным дыялогам на вышэйшым узроўні, гандлёвымі і інвестыцыйнымі сувязямі, якія дынамічна развіваюцца.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што такія знакавыя і пілотныя праекты, як запуск спадарожніка сувязі і стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, - толькі пачатак поўнамаштабнага выкарыстання патэнцыялу міждзяржаўнага супрацоўніцтва.
"З Кітаем у нас няма абсалютна ніякіх напружанасцей. Ну, нехта напружваецца наконт нашых адносін з кітайскай дзяржавай, але гэта іх праблемы. Мы дружым з вамі не супраць кагосьці, мы выбудоўваем супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы павінны помніць, што ёсць зямля, дзе кітайцаў чакаюць. Мы заўсёды будзем вас вітаць тут, нягледзячы ні на якія папрокі і павучанні адносна Беларусі, таму што ваш лідар заўсёды ў цяжкую мінуту нас падтрымліваў, і мы гэта помнім", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь заўсёды будзе добрай апорай для кітайскага народа і дзяржавы. Прэзідэнт падзякаваў кітайскаму боку за ўсё тое, што ён зрабіў і робіць для Беларусі. "Мы ў вас шмат чаму навучыліся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Унікальная міжканфесіянальная згода ў Беларусі з'яўляецца асновай для адкрытага дыялогу па ўсіх актуальных пытаннях узаемадзеяння з Ватыканам, заявіў Прэзідэнт Беларусі, прымаючы даверчыя граматы апостальскага нунцыя ў Беларусі архіепіскапа Клаўдыа Гуджэроці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё адносін са Святым Прастолам мае асаблівае значэнне для Беларусі, паколькі хрысціянскія маральныя каштоўнасці ляжаць у аснове культуры беларускага народа, яго духоўных традыцый.
"Мы выступаем з вельмі блізкіх пазіцый у справе міру і ўзаемаразумення паміж народамі, раўнапраўя дзяржаў, падтрымання традыцыйных рэлігійных вераванняў", - адзначыў Прэзідэнт.
"Унікальная міжканфесіянальная згода ў Беларусі з'яўляецца трывалай сувязной ніццю паміж нашымі краінамі і асновай для адкрытага дыялогу па ўсіх актуальных пытаннях узаемадзеяння", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў Папе Рымскаму Бенядзікту XVI самыя цёплыя пажаданні.
Архіепіскап Клаўдыа Гуджэроці адзначыў, што яго асноўная мэта - умацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі. "У першую чаргу гэта датычыцца вялікай павагі да беларускага народа, які на працягу ўсёй гісторыі перанёс вельмі цяжкія выпрабаванні, але кожны раз станавіўся яшчэ больш моцны і магутны", - сказаў ён.
Прымаючы даверчыя граматы ад паслоў Люксембурга П'ера Ферынга, Сан-Марына Марына Дзаноці і Нарвегіі Ёна Елведала Фрэдрыксена, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсебаковае развіццё адносін з еўрапейскімі партнёрамі з'яўляецца натуральным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі.
"Беларусь гатова да больш поўнага выкарыстання патэнцыялу ўзаемадзеяння з вашымі краінамі, перш за ўсё, у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. Мы зацікаўлены ў прыцягненні перадавых еўрапейскіх тэхналогій і капіталу для мадэрнізацыі эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь нацэлена на развіццё палітычнага дыялогу ў імя забеспячэння стабільнасці, бяспекі і ўстойлівага развіцця агульнага еўрапейскага дома. "Але выключна на раўнапраўнай аснове", - адзначыў ён.
"Калі ў Еўропе хтосьці думае аб тым, што нас па-ранейшаму яшчэ можна нахіліць нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі - гэта дарога нікуды. Нават, калі мы застанемся адны без Расіі, Кітая, без іншых нашых сяброў, паверце, мы будзем на смерць стаяць тут, як калісьці ў 1941-1945-м, абараняючы сваю незалежнасць і суверэнітэт, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаў. - Гэта не нейкая бравурная пазіцыя. Мы проста хочам быць такімі, як вы - свабодалюбівымі, незалежнымі і адказнымі перад сваім народам. Мы зыходзім з пажаданняў нашага народа".
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь не стварае праблем ні суседзям, ні краінам далёкага замежжа. "Якія могуць быць да нас прэтэнзіі? Сяму-таму не падабаецца тое, што мы тут робім, але нам таксама дзесьці, можа, штосьці не падабаецца. Але мы вельмі спакойна вытрымліваем пазіцыю, мы ніколі ні на кога не наступаем, не спрабуем кагосьці павучаць. Кожная дзяржава мае права развівацца так, як яна лічыць патрэбным, ні ў якім выпадку не ствараючы праблем суседзям і іншым дзяржавам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь не менш дэмакратычная, чым еўрапейскія дзяржавы. "Толькі вы паглядзіце больш уважліва на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы хочам спакою і стабільнасці", - заўважыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да пасла Нарвегіі Ёна Елведала Фрэдрыксена, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе як Беларусь, так і Нарвегія перажылі страшныя трагедыі. "І мы ведаем цану гэтай стабільнасці. Мы хочам чаго б гэта ні каштавала яе захаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахвае перад нашым носам, мы пакуль церпім. Але як толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы ў цэнтры Еўропы. 100 млн. т грузаў перамяшчаецца з Усходу на Захад цераз нас, прытым у поўнай бяспецы. Мы будуем тэрміналы на граніцы, прапускаем грузы туды-назад, забяспечваем іх бяспеку. Ніводнай скаргі не было за гэтыя гады, пакуль я Прэзідэнт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Што яшчэ трэба еўрапейцам? Патрэбна нестабільная Беларусь? Не патрэбна. Вам не падабаецца Лукашэнка і той курс, які ён праводзіць? Але ад гэтага мы не адступім, пакуль мяне выбіраюць Прэзідэнтам. Калі народ галасуе за гэтага Прэзідэнта, значыць, ён падтрымлівае яго курс. Мой курс адзіны - я адданы свайму народу".
"Паглядзіце ўважліва на нашу краіну і не рабіце гадасцей адносна Беларусі. Мы ж гэтага не заслужылі. Мы яшчэ даваенны ўзровень насельніцтва не аднавілі. І што было б, калі б мы ў свой час не перамаглі? - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт. - Таму трэба паважаць людзей, таму што ў нас яшчэ жывыя тыя, хто бачыў гэту страшную вайну".
"Наша пазіцыя заснавана не на нейкіх там асабістых амбіцыях. Нам гэта не трэба. Яна заснавана на тых глыбінных прычынах, якія зыходзяць з нашага грамадства, нашага беларускага народа", - падкрэсліў беларускі лідар.
"А сяброў у нас шмат. І сёння тарпедаваць нашы адносіны з Еўропай і спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць - бесперспектыўна. Для нашай краіны, шчыра кажучы, супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй - больш чым дастаткова. Мы забяспечым нармальнае жыццё нашых людзей. Але мы не хочам быць стрэмкай у еўрапейцаў, таму што тут цэнтр Еўропы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы даверчыя граматы ў пасла Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала, Прэзідэнт адзначыў, што Ізраіль займае асаблівае месца ў знешняй палітыцы Беларусі. "Там жывуць сотні тысяч выхадцаў з нашай краіны і іх патомкі. Для нас вельмі прыемна, што яны з цеплынёй ставяцца да беларускага народа. У сваю чаргу мы лічым іх сваімі людзьмі. Гэты бясцэнны чалавечы капітал трывала цэментуе беларуска-ізраільскія сувязі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама выказаў адабрэнне ініцыятыў пасла Ізраіля, якія накіраваны на далейшае паглыбленне міждзяржаўных адносін. "Наша краіна адкрыта для нарошчвання інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Ізраілем як з адным з сусветных лідараў у развіцці высокатэхналагічных
вытворчасцей", - сказаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ізраільскаму паслу за тую пазіцыю, якую ён займае адносна Беларусі. "Я вельмі спадзяюся, нават нягледзячы на цесныя саюзніцкія адносіны Ізраіля з некаторымі дзяржавамі, што Беларусь усё ж будзе займаць асаблівае месца не толькі ў вашым сэрцы як пасла (ведаю, што вы ад гэтага нікуды не дзенецеся). Я чуў ваша інтэрв'ю адной з нашых тэлекампаній. Я гатовы падпісацца практычна пад усім, што вы сказалі. Мне здаецца, што ў нас будзе пасол Ізраіля ў Беларусі з нейкім не толькі асаблівым поглядам, але і асаблівай пазіцыяй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Іосіфа Шагала.
Паводле слоў Прэзідэнта, назначэнне паслоў у Беларусі і Японіі знамянуе важны этап у развіцці двухбаковых сувязей. "Да гэтага часу наша супрацоўніцтва канцэнтравалася пераважна ў гуманітарнай сферы. І мы зацікаўлены ў яго далейшым паглыбленні", - сказаў Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы ў пасла Японіі Цікахіта Харада.
"Мы гатовы да больш сур'ёзнага супрацоўніцтва з Японіяй. Тут вас чакаюць з вашымі тэхналогіямі, арганізацыяй вытворчасці, вашым вопытам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Прыйшоў час рэалізаваць патэнцыял узаемадзеяння ў эканамічнай і навукова-тэхнічнай галінах".
У якасці аднаго з цікавых праектаў, які можна было б рэалізаваць, Аляксандр Лукашэнка назваў будаўніцтва ў Беларусі завода па вытворчасці японскіх легкавых аўтамабіляў. "Мы самыя льготныя ўмовы прадаставім. Рабіце ў Беларусі машыны і прадавайце на агульнай мытнай прасторы, гандлюйце з Еўропай. Мы дастойна будзем з вамі працаваць, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта так на першы погляд. А праектаў вельмі шмат. Таму калі ласка. Мы вам створым умовы лепшыя, чым яны існуюць у Японіі для сваіх вытворцаў".
Кіраўнік дзяржавы таксама не выключыў магчымасці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Японіяй у сферы атамнай энергетыкі. "Калі вы вырашыце недзе пабудаваць атамную станцыю, Беларусь павінна быць у спісе першых", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова і ў далейшым дзяліцца вопытам у пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, прымаць на аздараўленне японскіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на АЭС "Фукусіма". "Вы практычна першыя прыйшлі да нас на дапамогу пасля чарнобыльскай катастрофы. Цяпер бяда прыйшла на вашу зямлю, і мы гатовы гэты агульны вопыт выкарыстоўваць на карысць нашых народаў і дзяржаў", - адзначыў Прэзідэнт.
Беларусь таксама хоча наладзіць самае цеснае супрацоўніцтва з Аргенцінай, заявіў Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы ў пасла гэтай краіны Хуана Карласа Крэклера.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Аргенціна - адзін з вядучых партнёраў Беларусі ў Лацінскай Амерыцы. "Але, нягледзячы на дадатную дынаміку ўзаемнага гандлёвага абароту ў апошнія гады, магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Аргенціны пакуль не задзейнічаны ў поўнай ступені. У інтарэсах нашых дзяржаў - актывізаваць сумесную работу па дыверсіфікацыі двухбаковага гандлю, ажыццяўленню доўгатэрміновых праектаў у прамысловай і навукова-тэхнічнай сферах", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў дыпламата перадаць Прэзідэнту Аргенціны пажаданні стойкасці і здароўя. "Я вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час мы зможам і на палітычным узроўні больш цесна супрацоўнічаць з вашай краінай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы даверчыя граматы ў пасла Эфіопіі Касахуна Дэндэра Мелесе, Прэзідэнт адзначыў, што гэта краіна з'яўляецца традыцыйным палітычным і гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі ў Афрыцы. "Мы гатовы да значнага павелічэння аб'ёмаў вытворчасці нашай прадукцыі ў вашай краіне, далейшага развіцця прамысловай кааперацыі і сумеснага выхаду на рынкі іншых краін рэгіёну", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Думаю, што ў бліжэйшы час у Эфіопіі мы сустрэнемся. Нам трэба ўспомніць усё добрае, што было раней. У нас ёсць гісторыя нашых адносін, але нам трэба глядзець у будучае. Мы гатовы на эфіопскай зямлі ствараць беларускі астравок і разам з вамі працаваць на афрыканскім рынку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Не сумняваюся, што вы зможаце непрадузята і аб'ектыўна ацаніць нашы рэаліі, пераканацца, што Беларусь не толькі надзейны і прадказальны партнёр, але і верны сябар, гатовы ў цяжкую хвіліну падставіць сваё плячо", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да паслоў замежных дзяржаў.
"Заклікаю вас выбудоўваць не проста ўзаемавыгадныя, а па-сапраўднаму шчырыя, даверныя адносіны паміж нашымі краінамі. І тады ваша дзейнасць тут будзе сапраўды паспяховая", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паабяцаў, што як Кіраўнік дзяржавы будзе максімальна садзейнічаць эфектыўнай рабоце дыпламатаў на беларускай зямлі.
"Упэўнены, пасля больш блізкага знаёмства з нашай краінай, яе багатай гісторыяй, культурай, традыцыямі, вы станеце шчырымі сябрамі беларускага народа, прыхільнікамі ідэй узаемавыгаднага супрацоўніцтва, раўнапраўнага і паважлівага дыялогу", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць кожнага з дыпламатаў стане важкім укладам ва ўмацаванне менавіта такіх адносін і будзе садзейнічаць збліжэнню дзяржаў, нарошчванню практычнага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах.