Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспубліканскім балі выпускнікоў ВНУ

  • 4
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заклікае выпускнікоў звязваць сваю будучыню з Беларуссю, а не шукаць уяўнага шчасця за яе межамі. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў на рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў.

"Звязвайце сваю будучыню абавязкова з Беларуссю. Не шукайце ўяўнага шчасця за яе межамі. Паколькі па-сапраўднаму можна быць шчаслівым толькі на Радзіме, у асяроддзі сваіх сяброў і блізкіх. Яшчэ выдатны філосаф Вальтэр гаварыў, што людзі нярэдна ідуць далёка шукаць тое, што маюць у сябе дома", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У заўтрашні дзень вы можаце глядзець упэўнена і смела. Суверэнная і незалежная Беларусь - дзяржава маладая і ўяўляе сабой вялікую прастору для прыкладання вашых сіл і дараванняў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да выпускнікоў.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, атрыманне дыплома аб вышэйшай адукацыі, а разам з ім і трывалых ведаў адкрывае перад выпускнікамі шырокія перспектывы. "Дзейнічайце, стварайце, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты і старайцеся дасягаць іх. Толькі не будзьце пасіўнымі і, самае галоўнае, не пужайцеся жыццёвых цяжкасцей. Смела, мэтанакіравана ідзіце наперад. Тады прыйдзе да вас і поспех у справах, і прызнанне калег", - даў наказ Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць як для кожнага з выпускнікоў, так і для ўсёй краіны таго факта, што яны папоўняць рады  спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй - людзей, ад умення і энергіі якіх у многім залежыць дабрабыт дзяржавы і грамадства, развіццё эканомікі, культуры і іншых сфер жыццядзейнасці. "Інжынеры і тэхнолагі, аграномы і эканамісты, педагогі і ўрачы, юрысты, журналісты - усе вы запатрабаваны ў нашай краіне. Галоўнае цяпер - старанне і праца, адданасць выбранаму шляху, набыццё  прафесійнага майстэрства. Пакажыце на практыцы, чаму вас навучылі студэнцкія гады. І помніце: добры пачатак працоўнай біяграфіі - гэта шлях да поспеху ў кар'еры, ды і ва ўсім жыцці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Дзяржава са свайго боку імкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы для станаўлення маладых спецыялістаў, павышэння іх кваліфікацыі і кар'ернага росту. Таму актыўна падключайцеся да мадэрнізацыі эканомікі, распрацоўкі і ўкаранення найноўшых тэхналогій, рэалізацыі перспектыўных сацыяльных і культурных пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў помніць і берагчы вялікія заваяванні мінулых пакаленняў, падкрэсліўшы гераічную гісторыю беларускага народа. "Мы з вамі напярэдадні лёсавызначальнай даты - 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакаленне пераможцаў дзякуючы неймавернай самаадданасці і мужнасці прынесла мір і спакой не толькі на беларускую зямлю, яно  пазбавіла ўсю Еўропу і чалавецтва ад фашысцкага прыгнёту, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Не ў кожнага народа ёсць такая Вялікая Перамога. Таму аб ёй заўсёды трэба помніць, глыбока шанаваць подзвіг ветэранаў вайны і працы, якія абаранілі краіну ад ворага і ўзнялі яе з руін і попелу. І не толькі помніць, але і быць дастойнымі іх, прадаўжаць традыцыі любві і служэння нашай Айчыне".

"Дабівайцеся поспеху і помніце, што нашым агульным здабыткам з'яўляецца моцная і працвітаючая краіна. І толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам пабудаваць шчаслівую будучыню для нашай роднай Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў рэктарам ВНУ і выкладчыкам за дастойных вучняў, у выхаванне якіх укладзена вялікая педагагічная праца. "Жадаю ўсім вам новых здзяйсненняў і навуковых адкрыццяў. Няхай развіваюцца лепшыя традыцыі беларускай вышэйшай школы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Лукашэнка ўручыў 10 лепшым выпускнікам ВНУ спецыяльныя лісты аб аб'яўленні падзякі Прэзідэнта за выдатныя поспехі ў вучобе, прыкладная паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.