Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў

  • 9
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 мая прыняў даверчыя граматы паслоў васьмі замежных дзяржаў.

Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Аўстраліі, Грэцыі, Італіі, Камбоджы, Кітая, Сербіі, Судана і Чэхіі.

"Спадзяюся, што ваша актыўнасць, ініцыятыўнасць, аб'ектыўнасць дадуць значныя практычныя вынікі ў Беларусі, дадуць магчымасць узяць новую вышыню ў двухбаковым супрацоўніцтве. У вашых сілах пашырыць яго рамкі, прыўнесці больш пазітыву і разнастайнасці, пазнаёміць, зблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, садзейнічаць актывізацыі бізнесу і проста чалавечых кантактаў", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што замежныя паслы на беларускай зямлі сустрэнуць гатоўнасць да вырашэння абсалютна любых пытанняў, імкненне да плённай і рэзультатыўнай сумеснай работы. "Мы зробім усё, каб адносіны з краінамі, якія вы прадстаўляеце, сталі дастойным прыкладам дружбы і дзелавога партнёрства", - запэўніў беларускі лідар.

"Я зраблю ўсё для таго, каб, калі настане час ратацыі і вашага ад'езду з Беларусі, вы аб гэтым вельмі пашкадавалі. Я хачу, каб наша Беларусь стала вашым другім домам. Так было амаль з усімі пасламі, якія былі ў нас у краіне, прадстаўлялі вашы дзяржавы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што цырымонія ўручэння даверчых грамат праходзіла ў святле дзвюх знакавых для Беларусі падзей. Адна з іх - святкаванне Дня Перамогі. "Яе лёсавызначальнае значэнне для Беларусі, для гісторыі ўсяго чалавецтва цяжка пераацаніць. Гераізм нашага народа, яго вялікі ўклад у разгром фашызму, вызваленне Еўропы ад "карычневай чумы" - вось той маральны стрыжань, дзякуючы якому мы ідзём наперад па выбраным намі шляху з горда ўзнятай галавой. Разуменне таго, якой дарагой цаной беларускаму народу, які страціў трэць сваіх сыноў і дачок, далася Вялікая Перамога, дапаможа і вам зразумець сутнасць беларусаў, наша непрыняцце насілля і выпакутаванае імкненне жыць у міры і згодзе са сваімі суседзямі, паслядоўна адстойваць свае інтарэсы на міжнароднай арэне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Другой знакавай падзеяй з'яўляецца чэмпіянат свету па хакеі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі з вялікай адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі і правядзення гэтага сусветнага першынства. "Для Беларусі вялікі гонар прымаць гэты буйнейшы міжнародны спартыўны форум, якія аб'ядноўвае краіны і кантыненты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і краіны, якія яны прадстаўляюць, аб'ядноўвае зразумелае імкненне зрабіць свае дзяржавы квітнеючымі, а свет вакол - больш стабільным і справядлівым. "Менавіта такі падыход можа стаць трывалай асновай эфектыўнага двухбаковага ўзаемадзеяння, раўнапраўнага і канструктыўнага дыялогу", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў далейшым развіцці супрацоўніцтва са сваімі замежнымі партнёрамі, гатоўнасць да абмеркавання любых сумесных праектаў і ініцыятыў, якія дадуць магчымасць вывесці ўзаемадзеянне паміж краінамі на новы ўзровень. "Разлічваем на ваш актыўны ўдзел у гэтым працэсе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Хачу падкрэсліць, што асаблівыя надзеі мы ўскладаем на далейшую актывізацыю работы з КНР. Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі набыло характар усебаковага стратэгічнага партнёрства. Яно вызначаецца актыўным палітычным дыялогам на вышэйшым і высокім узроўнях", - адзначыў Прэзідэнт. - Мы цэнім тое, што заўсёды можам разлічваць на падтрымку Вялікага Кітая літаральна ва ўсіх сферах. Нас ужо звязваюць дзясяткі буйных інвестыцыйных праектаў, і мы гатовы да дынамічнага нарошчвання ўзаемадзеяння".

Аляксандр Лукашэнка папрасіў кітайскага пасла перадаць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя цёплыя пажаданні. "Лічу, што мы ў бліжэйшы час зможам пабачыцца з ім і абмеркаваць кола пытанняў, якія нас цікавяць. Я вам вельмі ўдзячны за падтрымку нашай краіны", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь выступае за ўсямернае развіццё адносін з Камбоджай. "Наша дзелавое ўзаемадзеянне толькі набірае абароты, але мы бачым добрыя перспектывы. Перакананы, што адкрытая ў бягучым годзе сумесная вытворчасць беларускіх трактароў у гэтай краіне стане першай ластаўкай у паглыбленні ўзаемавыгадных сувязей", - адзначыў беларускі лідар.

"Думаю, што ў бліжэйшы час мы ўжо на вашай зямлі сустрэнемся і з вашым кіраўніцтвам", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да пасла Камбоджы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў наяўнасць усіх перадумоў для плённага развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Аўстраліяй. "У бягучым годзе мы плануем адкрыць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Канберы. Разлічваем, што гэты крок дасць магчымасць у поўнай меры задзейнічаць патэнцыял эканамічнага, навуковага, адукацыйнага і культурнага ўзаемадзеяння", - сказаў Прэзідэнт.

Сербію Беларусь разглядае ў якасці ключавога партнёра і шчырага сябра не толькі ў Балканскім рэгіёне, але і ў Еўропе ў цэлым. "Беларусь гатова да прадаўжэння рэгулярных кантактаў з Сербіяй на вышэйшым і высокім узроўнях", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перспектыўным бачыцца паглыбленне традыцыйных сувязей у сферы прамысловасці, нафтахіміі, будаўніцтва, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, турызму, гасцінічнага бізнесу.

Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што плануе ў бліжэйшы час наведаць Сербію.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў значнасць беларуска-італьянскага ўзаемадзеяння з улікам будучага старшынства Італіі ў Еўрасаюзе і фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). "Мы зацікаўлены ў далейшым нарошчванні тэмпаў двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх фарматах. Асаблівую значнасць беларуска-італьянскае ўзаемадзеянне набывае з улікам маючага адбыцца ў другім паўгоддзі 2014 года старшынства Італіі ў Еўрасаюзе і стварэння ў 2015 годзе Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Італію звязваюць цёплыя адносіны. "Гэта краіна першая працягнула нам руку дапамогі пры арганізацыі аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі. Яна па гэты дзень з'яўляецца нашым асноўным партнёрам у гуманітарнай сферы", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб зацікаўленасці ва ўсямерным пашырэнні сфер узаемадзеяння з Грэцыяй і Чэхіяй. "Асноўнымі задачамі на бліжэйшую перспектыву лічу арганізацыю стабільнага палітычнага дыялогу і пашырэнне эканамічных сувязей, турыстычнага і культурнага абмену", - сказаў Прэзідэнт.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адным з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца паглыбленне супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. Тут Беларусь разлічвае на актывізацыю гандлёва-эканамічных адносін з Суданам. "Спадзяёмся на інтэнсіфікацыю двухбаковых кантактаў і рэалізацыю захадаў па развіцці ўсіх напрамкаў супрацоўніцтва, і ўжо ў бліжэйшым будучым", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з беларускага боку плануецца наведванне краін афрыканскага кантынента, у тым ліку Судана, і ў гэтым плане рыхтуецца адпаведная праграма для візітаў.

У час размовы Прэзідэнта з дыпламатамі закраналіся розныя пытанні палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння. Не засталася ўбаку і спартыўная тэматыка, у прыватнасці, чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіць у Беларусі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, правядзенне ў Мінску сусветнага хакейнага першынства пасадзейнічае фарміраванню ў іншаземцаў уласнага непрадузятага меркавання аб Беларусі. "Для нас было вельмі важна, каб тыя людзі, якія ў нас не былі, а гэта вельмі актыўныя людзі - фанаты, аматары хакея - прыехалі сюды і сваімі вачамі паглядзелі на нашу краіну. Шмат дрэннага напісана пра нас. Таму ў мяне была задача, каб вы самі аб'ектыўна паглядзелі нашу краіну", - адзначыў беларускі лідар.