Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні ўдасканалення сістэмы збору другаснай сыравіны і яе перапрацоўкі

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе павысіць эфектыўнасць сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў краіне. Аб гэтым ён заявіў 18 сакавіка на нарадзе па пытанні ўдасканалення адпаведнай сістэмы.

"Нельга забываць, што ўзровень развіцця сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны - гэта, па сутнасці, красамоўны паказчык не толькі нашай агульнай культуры, але і цывілізаванасці эканомікі ў цэлым. Да таго ж ад эфектыўнасці работы ў сферы абыходжання з адходамі залежыць непасрэдна экалагічная бяспека дзяржавы. У гэтым наша адказнасць перад будучымі пакаленнямі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што з надыходам вясны асаблівую актуальнасць набывае навядзенне парадку на зямлі, і даручыў адказным чыноўнікам ужо на бягучым тыдні заняцца адпаведным пытаннем. Гэта тэма была разгледжана на нарадзе ў больш шырокім сэнсе. "Забяспечыць парадак на зямлі - гэта не толькі сабраць смецце, камунальныя бытавыя адходы, але і рацыянальна іх выкарыстоўваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для Беларусі гэтыя пытанні асабліва актуальныя, паколькі краіна не багата на прыродныя рэсурсы, аднак часам бяздумна, не па-гаспадарску выкідваюцца і закопваюцца ў зямлю многія віды другасных рэсурсаў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "А гэта ж важная сыравінная крыніца, якую нам неабходна максімальна выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў краінах Еўропы з адходаў атрымліваецца і перапрацоўваецца да 50% другасных матэрыяльных рэсурсаў. Асабліва павучальны вопыт Швейцарыі і Германіі, дзе цвёрдыя камунальныя адходы наогул не закопваюць у зямлю. Там усё збіраецца і перапрацоўваецца, а тое, што не можа быць перапрацавана, або спальваецца для атрымання цеплавой энергіі, або кампасціруецца для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. "Вось да гэтага трэба імкнуцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што больш як паўтара года таму па прапанове ўрада спецыяльным указам была ўведзена дзеючая сёння ў Беларусі сістэма збору і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў. "Тады мяне запэўнівалі, што мы ўкараняем так званы прынцып пашыранай адказнасці, які добра зарэкамендаваў сябе ў многіх краінах свету. Чакалася, што будзе просты і празрысты механізм, які забяспечыць прыцягненне сродкаў вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і тары (як дзяржаўных, так і прыватных) для фінансавання развіцця сістэмы перапрацоўкі другаснай сыравіны, - адзначыў Прэзідэнт. - Аднак аналіз сітуацыі ў гэтай сферы паказвае, што пакуль сістэма не працуе так, як мы хацелі б і як чакалі. Як мне дакладваюць, больш як 2 тыс. суб'ектаў гаспадарання проста ігнаруюць гэту сістэму".

Ёсць, вядома, і станоўчыя вынікі. Нарыхтоўчыя арганізацыі сталі збіраць больш другаснай сыравіны, значна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу, пачалося будаўніцтва перапрацоўчых вытворчасцей. "Але ўзровень атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў застаецца вельмі нізкім. Паводле самых аптымістычных падлікаў, мы перапрацоўваем толькі крыху больш як 12% цвёрдых камунальных адходаў супраць 30-50% у перадавых краінах Еўропы. Паглядзіце, што адбываецца вакол. Па-ранейшаму ў дварах шматпавярховых дамоў можна ўбачыць перапоўненыя кантэйнеры са смеццем, зваленым у адну кучу. Праўда, кантэйнеры зрабілі рознакаляровымі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ горшая сітуацыя з утылізацыяй адпрацаваўшых свой тэрмін лямпаў дзённага святла, энергазберагальных лямпачак, батарэек. "Калі іх проста выкідваюць, наносіцца вельмі вялікі ўрон экалогіі і здароўю людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што робіцца на палігонах. Многія арганізацыі разам са смеццем вывозяць і закопваюць там адходы вытворчасці, парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства і ўхіляюцца ад належных плацяжоў. "Гэта недапушчальная сітуацыя, якую трэба рашуча спыняць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Задача дзяржавы - стварыць эканамічныя, арганізацыйныя і сацыяльныя ўмовы для ўдасканалення працэсу збору і перапрацоўкі адходаў, узняць яго на ўзровень перадавых краін. Даводзіцца прызнаць, Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), што пакуль з гэтай задачай мы не спраўляемся так, як трэба".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, разумеючы праблемы ў гэтай сферы, даручыў дэталёва вывучыць усе аспекты работы з адходамі, прааналізаваць міжнародны вопыт і падрыхтаваць адпаведныя прапановы. "Ведаю, што яны разглядаліся ва ўрадзе. Аднак лічу, што іх трэба ўсебакова абмеркаваць на сённяшняй нарадзе", - сказаў Прэзідэнт.

"Я прачытаў вашы пярэчанні. Звычайная для ўрада сітуацыя: усё не падыходзіць, гэта не тое, а вось раптам, калі... А хто з вас здымае функцыі кантролю і кіравання гэтым працэсам? - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада. - Смешна атрымліваецца: той жа ўрад мне амаль кожны дзень уносіць прапановы аб прыватызацыі і распродажы дзяржаўнай уласнасці амаль з малатка, а тут раптам спалохаліся, што ў прыватныя рукі трапіць працэс арганізацыі гэтай справы".

"Я зноў жа не настойваю на сістэме, якую прапанавалі. Дзякуй, што прыватнікі гэта прапанавалі непасрэдна на ўзровень Прэзідэнта, узнялі гэта пытанне. Я не кажу, што гэту сістэму трэба прымаць, але мяне здзіўляюць пярэчанні ўрада", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца пытання аб тым, ці трэба ў прынцыпе Беларусі займацца работай па зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне рытарычнае. "Мы павінны гэтым займацца. У нас няма лішніх рэсурсаў. Увесь свет гэтым займаецца", - сказаў ён.

"Гэта ж вялікі рэсурс, які мы проста бяздарна выкідваем, не задумваючыся, захламляем прыроду, наносім урон здароўю, а потым трацім мільярды долараў, каб лячыць людзей. І для вытворчасці не выкарыстоўваем такія аб'ёмы рэсурсаў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг пытанняў, у тым ліку як павысіць эфектыўнасць сістэмы работы з адходамі, павялічыць збор і ўзровень атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Прэзідэнт таксама пацікавіўся, што прадугледжваецца для забеспячэння поўнай загрузкі дзеючых і стварэння новых сучасных магутнасцей па перапрацоўцы адходаў. "Мы да гэтага часу неапраўдана транжырым валюту на закупку макулатуры, шклабою і іншых другасных рэсурсаў, якія маем у дастатковай колькасці. Сваё закопваем у смецце, а потым плацім валюту, каб завезці гэта з іншых краін. Ці ж гэта па-гаспадарску?" - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні элементарнай арганізаванасці: навядзенне парадку на палігонах для пахавання камунальных адходаў, павышэнне адказнасці суб'ектаў гаспадарання за парушэнні правіл утылізацыі адходаў. "Відаць, санкцыі, дзеючыя сёння, не выконваюць сваю функцыю. Відаць, патрэбна іх значнае ўзмацненне", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Мяне інфармуюць, што Расія і Казахстан ствараюць уласныя механізмы работы з адходамі. У якім напрамку плануюцца іх і нашы дзеянні? Ці будзем мы інтэгравацца ў Еўрапейскую арганізацыю па ўтылізацыі ўпакоўкі або ствараць сваю сістэму ў Еўразійскім эканамічным саюзе?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ні ў якім выпадку не павінны таптацца на месцы. Гэта датычыцца любых праблем і працэсаў. Спыненне - гэта неадкладны застой. Мы павінны мэтанакіравана і энергічна ўдасканальваць усе этапы работы па выкарыстанні другасных рэсурсаў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, з 2009 года ў краіне сістэмна праводзіцца работа ў рамках дзяржпраграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны. У 2012 годзе ў краіне ўтварылася больш як 43 млн т адходаў, у тым ліку ад вытворчасці - 40 млн т. Асноўную масу складаюць адходы хімічных вытворчасцей, якія практычна не выкарыстоўваюцца, адходы мінеральнага паходжання, з 8,5 млн т якіх выкарыстоўваецца 6,9 млн т. Адходы расліннага і жывёльнага паходжання практычна поўнасцю перапрацоўваюцца.

Цвёрдыя камунальныя адходы ў аб'ёме 3,7 млн т фарміруюцца з адходаў спажывання насельніцтва і адходаў дзейнасці гандлю, сацыяльных аб'ектаў. Аналіз іх марфалагічнага складу паказвае, што ў іх знаходзіцца каля 85 тыс. т прыдатных для выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, ёсць значны рэзерв для павышэння эфектыўнасці работы ў гэтым напрамку. Так, са складу камунальных адходаў у мінулым годзе было атрымана і выкарыстана 454 т другасных рэсурсаў, такіх як папера, шкло, пластмаса, тэкстыль. Гэта складае больш як 50% ад магчымага аб'ёму атрымання такіх рэсурсаў, а ў аб'ёме ўтварэння складае 12,3%. Анатоль Калінін адзначыў, што ў 2013 годзе заданне дзяржаўнай праграмы ў цэлым выканана на 103% з ростам да ўзроўню 2012 года на 19%.

Параўноўваючы сітуацыю ў гэтай сферы ў Беларусі з перадавымі краінамі Еўропы, віцэ-прэм'ер заўважыў, што на Захадзе сістэма стваралася на працягу больш як 20 гадоў. Анатоль Калінін лічыць, што ў Беларусі ідуць у правільным напрамку, але рухаюцца не так імкліва, як хацелася б. Паводле яго слоў, ствараць такую базу ў Беларусі неабходна, аднак для гэтага спатрэбяцца значныя фінансавыя рэсурсы.

"Сёння ў краіне ёсць сфарміраваная сістэма перапрацоўкі шын, пластмас, макулатуры і кардону. Такім чынам, вытворчасць можа перапрацоўваць усю сыравіну, якую атрымліваюць у краіне", - сказаў Анатоль Калінін.

Паводле яго слоў, работа праводзіцца паэтапна. Спачатку была арганізавана сістэма перапрацоўкі, у тым ліку і складанабытавой тэхнікі. У бягучым годзе ўводзіцца ў строй завод у Смалявічах. Плануецца, што на працягу двух гадоў ён выйдзе на поўную загрузку магутнасцей.

"Мы дамаўляліся аб тым, што ствараем пілотны праект у Брэсце, а потым будуем у кожнай вобласці і 2-3 заводы ў Мінску. Як вырашана гэта пытанне?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Анатоля Калініна, створаны ў Брэсце завод атрымлівае амаль 20% усіх другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія ўтвараюцца ў горадзе і вобласці. "Такім чынам, гэта характэрны прыклад для іншых абласцей, каб у кожнай з іх быў буйны завод па комплекснай перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку па спальванні і выкарыстанні ў вытворчасці біягазу", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што перапрацоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў - для багатых эканомік, паколькі пры гэтым вельмі вялікія затраты. На думку прэм'ер-міністра, у краіне неабходна ўводзіць механізмы платы для тых, хто фарміруе гэтыя матэрыяльныя другасныя рэсурсы, і за кошт гэтых сродкаў кампенсаваць расходы па зборы і перапрацоўцы, такім чынам ажыццяўляючы глыбокую перапрацоўку не на шкоду эканоміцы.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац адзначыў, што ў цэлым гэта сфера даходная, падтрымкі патрабуе толькі закупка другаснай сыравіны ў насельніцтва. Ён дадаў, што рэнтабельнасць гэтага напрамку магчыма за кошт павелічэння аб'ёмаў, арганізацыі сістэмы раздзельнага збору, павышэння закупачных цэн, а таксама пэўнай аптымізацыі працэсу.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася магчымасць перадачы гэтай сферы ў рукі прыватных кампаній. Так, адна з іх прапанавала стварыць у Беларусі некамерцыйнае грамадскае аб'яднанне імпарцёраў і вытворцаў, якое ў будучым змагло б увайсці ў еўрапейскую сістэму маркіроўкі тавараў спецыяльным знакам "Зялёная кропка", які азначае, што ўпакоўка тавару пасля выкарыстання будзе абавязкова ўтылізавана з мінімальнай шкодай для навакольнага асяроддзя. Самі ж вытворцы і імпарцёры атрымліваюць кампенсацыю за ўтылізацыю другасных матэрыяльных рэсурсаў.

У той жа час у Беларусі распрацоўваецца свая маркіроўка тавараў знакам якасці, цяпер ідуць патэнтныя даследаванні, і на працягу 6 месяцаў гэта працэдура будзе завершана.

Акрамя таго, Расія і Казахстан таксама ўводзяць прынцып пашыранай адказнасці вытворцы за аб'ёмы збору і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. На думку ўрада, Беларусі трэба выбудоўваць схему работы, сумяшчальную з партнёрамі па Адзінай эканамічнай прасторы.

Аляксандр Лукашэнка слушна заўважыў, што пакуль у Беларусі яшчэ дакладна не адпрацавана існуючая сістэма, няма неабходнасці яе кардынальна змяняць на новую, а таксама адыходзіць у гэтай сферы ад дзяржаўнага кіравання.

На думку Кіраўніка дзяржавы, сёння ў Беларусі атрымліваюць вельмі мала другасных матэрыяльных рэсурсаў з адходаў.

Прэзідэнт паставіў задачу пад персанальную адказнасць міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі давесці існуючую сістэму збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны да належнага ўзроўню.

"Вы не гатовы працаваць так, як трэба. Вы гэтым напрамкам ва ўрадзе не займаліся! Гэта пушчана на самацёк! Так, у вас ёсць нейкія вынікі, але нават тыя планы, што вы даводзіце, не кожны год выконваеце па асобных відах сыравіны", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэю Кабякову і старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандру Якабсону ўзяць пад строгі кантроль выкананне задання па зборы другаснай сыравіны. "Выпрацуйце сістэму. Не зрабілі гэтыя працэнты, штрафы павінны быць разаральнымі для прадпрыемства!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

"У нас пад нагамі вялікія рэсурсы, незлічоныя багацці, а мы ходзім і сябе супакойваем, што мы - малайцы, з 2009 года на 100-200% павялічылі аб'ёмы. Дык мы тады амаль нічога не рабілі, а цяпер хоць штосьці, але гэтага мала. Таму трэба давесці па ўсіх напрамках вельмі напружаныя паказчыкі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта жывыя грошы, жывыя рэсурсы, якія мы раскідваем".

"Калі ёсць тэхналогія атрымання газу са смеццясховішча, то атрымайце гэты газ, выпрацуйце электраэнергію, аддайце ў сетку, па-гаспадарску. Няўжо цяжка прабурыць свідравіну, атрымаць гэты газ, спаліць яго і атрымаць электраэнергію?! - заўважыў Прэзідэнт. - А калі б вы яшчэ зрабілі нармальныя кантэйнеры, звярнуліся да насельніцтва, дзесьці заплацілі народу даражэй - быў бы вынік і тут".

Падводзячы вынікі размовы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Вы ўсе ведаеце, як дадаткова атрымаць тут грошы, як забяспечыць збор смецця, каб краіну не засмечваць і ў вытворчасць накіраваць другасныя рэсурсы. Зрабіце аптымальную сістэму, пакуль пад строгім кантролем дзяржавы".

Прэзідэнт канстатаваў няпростую сітуацыю ў свеце ў эканоміцы, адзначыўшы, што Беларусь як частка гэтай сусветнай эканомікі вельмі залежыць ад гэтага цэлага. На думку Кіраўніка дзяржавы, крызісы заўсёды ставяць умовы, якія прымушаюць павышаць якасць прадукцыі. На гэта павінны звярнуць пільную ўвагу беларускія вытворцы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы паслоў "заціснулі", каб прадавалі прадукцыю, а прадаваць жа не хочацца. Хочацца, ведаеце: беленькія манжэты, беленькія каўнерыкі, сядзець у Францыі і прадстаўляць нейкія палітычныя інтарэсы, займацца балбатнёй і карціны на сценках развешваць, паказваючы гэтым сваю работу. Калі іх прыціснулі па продажах прадукцыі, што ў гэтым годзе трэба будзе перад Прэзідэнтам даваць справаздачу, яны завылі, што прадукцыя не тая, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але гэта ўжо не праходзіць. Я працую прэзідэнтам 20 гадоў, не першы год. Мяне можна было тады, у 30 гадоў, увесці ў зман, але ўжо не сёння".

"Такую ж пазіцыю занялі ў нас некаторыя міністры, - адзначыў Прэзідэнт. - Ну, дык у вас усё ў руках - узнімайце гэту якасць!"

Звяртаючыся да губернатараў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў ім аб будучай пасяўной кампаніі. "У вас надыходзіць пасяўная - не ў мяне, і нават ужо не ў Мясніковіча - у вас. Мы вам далі ўсё для таго, каб пасеяць: грошы ў вас, трактары ў вас, паліва ў вас. Дзейнічайце! - сказаў Прэзідэнт. - У гэтым годзе я вам заўваг рабіць не буду. Адразу пойдзеце туды, дзе Барыс Васільевіч Батура, не горшы губернатар на той час. Таму пачынайце варушыцца і іншых разварушвайце".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што завяршаецца першы квартал - кантрольны перыяд, па выніках якога будзе дадзена ацэнка праведзенай рабоце па разгрузцы складоў. Прэзідэнт адзначыў, што мае намер асабіста наведаць асноўныя прадпрыемствы.