Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні перспектыў развіцця навукі

  • 17
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад беларускіх вучоных прарыўных распрацовак сусветнага ўзроўню. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 31 сакавіка на нарадзе з вядучымі вучонымі па пытанні перспектыў развіцця навукі, якая прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў.

Перад пачаткам сустрэчы Прэзідэнт наведаў выстаўку беларускіх навуковых дасягненняў, на якой было прадстаўлена больш як 200 навуковых распрацовак па самых прарыўных напрамках не толькі вучоных Нацыянальнай акадэміі навук, але і іншых міністэрстваў, ведамстваў, устаноў. Сярод іх распрацоўкі ў касмічнай галіне, у сферах біятэхналогій, фармацэўтыкі, медыцыны, хіміі, сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб функцыянаванні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямлі. Ужо цяпер спадарожнік выконвае заказы ў інтарэсах 11 міністэрстваў. Як расказалі Аляксандру Лукашэнку, заключаны кантракты на суму прыкладна 25% сродкаў, укладзеных у стварэнне спадарожніка. Увазе Прэзідэнта быў таксама прадстаўлены ўзор беспілотнага лятальнага апарата.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з беларускімі ноу-хау ў галіне новых матэрыялаў, высокатэхналагічных вытворчасцей. Свае дасягненні прадставілі ААТ "Пеленг", Інстытут прыродакарыстання, Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН, Цэнтр аналітычных і генна-інжынерных даследаванняў, Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій, РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій і іншыя. Беларускія вучоныя пахваліліся ў тым ліку дасягненнямі ў галіне клетачных тэхналогій для рэгенератыўнай медыцыны.

Адкрываючы нараду, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што аб правядзенні такой сустрэчы дамаўляліся яшчэ ў жніўні 2013 года. Прэзідэнт падкрэсліў, што як заўсёды, працуючы з вучонымі, не падганяў падзеі, каб даць магчымасць новым кіраўнікам навуковай сферы ўвайсці ў курс справы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Нацыянальная акадэмія навук - гэта цэнтр прыкладной і вузаўскай навукі. На нарадзе размова ішла як аб перспектывах развіцця навукі ў цэлым, так і непасрэдна НАН.

На думку Прэзідэнта, асаблівасць гэтай сустрэчы ў тым, каб выслухаць меркаванні кіраўнікоў, а таксама прапановы саміх вучоных па перспектыўных напрамках навуковай дзейнасці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "гэта важна, таму што мы трацім вялікія грошы на навуковыя мерапрыемствы, і хацелася б, каб гэтыя грошы траціліся на тое, што патрэбна дзяржаве".

Прэзідэнт заклікаў прысутных кіраўнікоў і вучоных да адкрытай размовы: "Чакаю ад вас адпаведнай рэакцыі ў кантэксце сённяшняй сітуацыі, сітуацыі ў свеце. Настаў час для сур'ёзнай размовы. Паколькі ва ўзаемаадносінах навукі і грамадства нас многае не задавальняе. Я думаю, вас таксама".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь знаходзіцца ва ўмовах, падобных да тых, у якіх развіваліся Японія, Паўднёвая Карэя, Сінгапур. "Мы не багатыя на прыродныя рэсурсы, затое маем магутны інтэлектуальны патэнцыял, талковых спецыялістаў. Аднак пакуль у нашай краіне, як бы вас не пакрыўдзіць, няма прыкметных дасягненняў ні ў адным з высокатэхналагічных напрамкаў, - адзначыў Прэзідэнт. - Тое, што вы паказалі на выстаўцы, важна і здорава. Але ў гэтым выпадку я кажу аб прарыўных напрамках, маяках, на якія мы павінны арыентавацца, ідучы наперад".

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што, паводле справаздач, у краіне расце ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі. "Здавалася б, больш інавацый - больш продажаў. А на справе адбываецца наадварот: шмат прадукцыі на складах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў БелАЗ, які з'яўляецца не горшым прадпрыемствам. "Быццам бы высокія тэхналогіі, усё добра, велікагрузныя аўтамабілі, але вынік - вы бачыце", - адзначыў ён.

Закранаючы тэму затаваранасці складоў, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "За гэтым вялікія вынікі, аж да абменнікаў, куды вы таксама, напэўна, заглядваеце, асабліва пасля таго, як жоўтая прэса напалохае, што заўтра дэвальвацыя, заўтра абвал". "А гэта ўсё там - на БелАЗе, МАЗе, МТЗ, - прадукцыя ж прадпрыемстваў - валютная выручка", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што дасягненні беларускіх вучоных, аб якіх часта гаворыцца ў СМІ, напрыклад, па стварэнні суперкамп'ютара, спадарожніка, лякарства ад раку, цэнтра клетачных тэхналогій, вырошчванні трансгенных коз, з'яўляюцца важнымі навацыямі ў маштабе краіны, але далёка не вынікамі сусветнага ўзроўню. "Тое, чым цяпер займаюцца Акадэмія навук і іншыя навуковыя арганізацыі краіны, карысна, але дробязна, рэвалюцыйных адкрыццяў і распрацовак няма", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Ён задаў слушныя пытанні, чаму так адбываецца, у чым прычына, што трэба зрабіць, і заклікаў вучоных даваць канкрэтныя прапановы, што трэба змяніць і выправіць.

"Але пакуль прапаноў мала, - канстатаваў Прэзідэнт. - Мы чуем толькі старыя словы: дайце нам грошы, мы ўсё зробім. Не ўсе так гавораць, але ў большасці. Калі вы баіцеся сказаць, што трэба зрабіць, не бойцеся, гаварыце адкрыта. Я гатовы да любых, нават рэвалюцыйных, рашэнняў. Сёння патрэбна не толькі развіццё, патрэбны прарыў, хаця б па некалькіх напрамках".

Сярод галоўных праблем, якія тармозяць развіццё навуковай сферы ў Беларусі, эксперты называюць нізкую навукаёмістасць ВУП і спад прэстыжу кар'еры вучонага. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што сапраўды расходы ад ВУП на навуку ў Беларусі ніжэйшыя, чым у краінах - лідарах навукова-тэхнічнага прагрэсу, напрыклад, у Сінгапуры, Японіі або ЗША. Аднак, як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, за мяжой ільвіную долю расходаў на навуку складаюць не бюджэтныя грошы, а сродкі карпарацый і фірм, зацікаўленых непасрэдна ў выніках даследаванняў. "У нас жа такая крыніца фінансавання выкарыстоўваецца недастаткова, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У Беларусі доля інавацыйна актыўных прадпрыемстваў складае каля 26%, у краінах Еўрасаюза яна даходзіць да 80%".

"Чаму так адбываецца? Кіраўнікі не бачаць перспектыў ад прымянення навуковых вынікаў або сама якасць даследаванняў іх не задавольвае?" - пацікавіўся ў прысутных Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў параўнанні з 1985 годам колькасць вучоных у Беларусі зменшылася прыкладна на трэць. Пастаянна скарачаецца прыём у аспірантуру. Навука трымаецца за кошт вучоных старэйшага пакалення, а працэс узнаўлення навуковых кадраў у хуткім часе можа дасягнуць крытычнай кропкі. Аб гэтых і іншых вострых праблемах, якія перашкаджаюць навуцы паспяхова развівацца, і ішла размова на нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка сярод іншых пытанняў прапанаваў абмеркаваць тэму: ці рацыянальная існуючая сістэма кіравання навукай для такой дзяржавы як Беларусь, як рэфармаваць сістэму навуковых арганізацый.

Пры гэты Прэзідэнт растлумачыў, што калі ён гаворыць аб рэформе, то мае на ўвазе працэс удасканалення, паколькі рэформа ў многіх асацыіруецца з ломкай - разбурым усё дашчэнту і потым створым новае. "Я гэтага не прымаю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё трэба рабіць, грунтуючыся на вопыце папярэдніх пакаленняў, і выкарыстоўваць па максімуму тое, што да нас зроблена, браць лепшае і ўдасканальваць тое, што нам патрэбна. Цяпер і час непрыдатны для ломкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся ў вучоных і кіраўнікоў, на якіх напрамках даследаванняў трэба сканцэнтраваць рэсурсы, каб атрымаць эканамічны рост, або больш выгадна адаптаваць тэхналогіі, якія сябе паспяхова зарэкамендавалі.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася, якія фундаментальныя даследаванні патрэбны і для чаго, якіх вынікаў можа чакаць ад іх краіна. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, распрацоўкі якога з трох сектараў навукі: акадэмічнага, вузаўскага або галіновага - з'яўляюцца самымі запатрабаванымі, наколькі паспяхова гэтыя сектары ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.

"І адно з самых ключавых фундаментальных пытанняў: як стварыць сістэму эканамічных стымулаў, якія дадуць магчымасць неадміністрацыйнымі метадамі вырашыць задачу ўкаранення навуковых вынікаў у вытворчасць? Што зроблена ў Беларусі па фарміраванні сістэмы венчурнага фінансавання навуковых праектаў?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў вучоных да адкрытай размовы, выказвання прапаноў аб перспектывах развіцця навукі і аб тым, што трэба зрабіць для прарыву.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што беларуская навука стала прыкладной і дзейнічае разам з вытворчасцю. Так, у 2013 годзе каля 86% затрат на навуку ў НАН было накіравана на прыкладныя даследаванні і распрацоўкі. Практычна ўвесь аб'ём сродкаў, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту, вяртаецца ў мэтавыя бюджэтныя фонды ў выглядзе падаткаў і збораў, што выплачваюцца акадэмічнымі арганізацыямі.

У 2013 годзе менш як трэць агульнага аб'ёму работ, выкананых Акадэміяй навук, фінансавалася з бюджэту. Доля прыцягнутых пазабюджэтных сродкаў набліжаецца да 70%.

Уладзімір Гусакоў з задавальненнем заўважыў, што ў Беларусі ўдалося захаваць навуковыя школы, а вынікі працы беларускіх вучоных высока ацэньваюцца сусветнай навукай.

Разам з тым існуе і шэраг праблемных пытанняў. У прыватнасці, кіраўнік НАН звярнуў увагу, што ў шэрагу галін адсутнічаюць канструктарскія бюро, генеральныя канструктары і навукова-даследчыя структуры. "Трэба будзе вырашыць пытанні ўдасканалення арганізацыі кіравання навукай, павышэння якасці вынікаў даследаванняў па стратэгічна важных напрамках як у рамках дзяржзаказу, так і за кошт сродкаў арганізацый усіх форм уласнасці", - лічыць ён.

На думку Уладзіміра Гусакова, неадкладным з'яўляецца пытанне стварэння дзяржаўнай сістэмы камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці. Яго вырашэнне знаходзіцца ў пашырэнні магчымасцей па перадачы навуковых вынікаў як дзяржаўным, так і недзяржаўным камерцыйным арганізацыям для практычнага ажыццяўлення.

Акрамя таго, старшыня Прэзідыума НАН лічыць неабходным пашырыць паўнамоцтвы беларускага інавацыйнага фонду, надаўшы яму функцыі фарміравання венчурных сродкаў, у тым ліку пры ўдзеле замежных інвестараў. Паводле яго слоў, да гэтага часу не створана эфектыўная сістэма дзяржаўнай экспертызы, у тым ліку для прарыўных інавацыйных праектаў, што фінансуюцца з бюджэту і інавацыйных фондаў, захоўваецца значная дыспрапорцыя ў размеркаванні навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі паміж сектарамі навукі.

Акрамя таго, Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу на трывожную тэндэнцыю старэння кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Доля дактароў навук пенсійнага ўзросту складае звыш 76%. На яго думку, гэта звязана з невысокім прэстыжам навуковай працы ў моладзі.

Як адзначыў рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў, праца маладога вучонага ў Беларусі сёння не матываваны, таму адсутнічае прыток у аспірантуру лепшай моладзі, якая ўсё часцей выбірае работу ў бізнесе.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што галоўнае тут не колькасць, а якасць. "Мы да ўсяго падыходзім агулам: нам патрэбна моладзь у асяроддзі вучоных! А мне як Прэзідэнту і краіне не моладзь патрэбна, якую павінны выкрышталізаваць у ВНУ, а тыя алмазы, з якіх мы зробім брыльянты. А вось гэта вядзе нас да таго, што патрэбны абавязкова чалавек 20-30, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму мы ў ВНУ не вылучаем самых вялікіх? Нам патрэбны тыя адзінкі, якія прарвуцца дзесьці, а за імі пойдуць і іншыя".

"Чаму мы не зыходзім з якасці? Мы павінны пераасэнсаваць гэтыя падыходы і не гнацца за маштабамі. А вялікіх - адзінкі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму няпраўда, што мы не можам матываваць, трэба адбіраць сапраўды вучоных. Пара звярнуць увагу на якасць і разумець, што шмат вучоных не бывае, гэта адзінкі, трэба выкрышталізаваць іх".

Прэзідэнт дадаў, што для гэтых адзінак у дзяржавы знойдуцца і сродкі на дастойную зарплату, і магчымасць забяспечыць жыллём.

Старшыня Савета Рэспублікі акадэмік Анатоль Рубінаў таксама спыніўся на праблемных пытаннях функцыянавання Нацыянальнай акадэміі навук. На яго думку, НАН Беларусі павінна выпрацаваць аптымальныя формы арганізацыі навуковай працы. Гаворачы аб магчымасцях павышэння матэрыяльнага забеспячэння вучоных, Анатоль Рубінаў адзначыў, што гэта можа быць вырашана за кошт пазбаўлення ад дробных тэм і неперспектыўных напрамкаў і істотнага скарачэння персаналу. Ён таксама дадаў, што НАН павінна самастойна зарабляць грошы на навуковых даследаваннях.

Асаблівую ўвагу Анатоль Рубінаў звярнуў на гуманітарны складальнік. Ён лічыць, што сёння для краіны важна канцэнтрацыя на такіх пытаннях, як фарміраванне ідэалогіі, самаідэнтыфікацыі грамадзян, што, на яго думку, павінна вырашацца ў комплексе. Акадэмік прапанаваў стварыць тры буйныя гуманітарныя цэнтры замест асобных інстытутаў гуманітарнага дзялення: беларускай культуры і літаратуры, гісторыка-сацыяльных праблем і стратэгічных даследаванняў. Апошні, на яго думку, асабліва важны для прапрацоўкі перспектыўных планаў развіцця Беларусі і павінен забяспечыць аналітыку, прагнозы ў галіне эканомікі, краіназнаўства, міжнародных адносін, іншых пытанняў, звязаных з развіццём краіны, прычым даследаванні павінны мець незалежны характар. У гэтым плане вельмі значнай з'яўляецца дзейнасць вучоных для тлумачэння насельніцтву працэсаў, якія адбываюцца ў краіне і свеце.

"Хутка нам экзамен здаваць перад беларускім народам. Больш сур'ёзныя будуць выбары, чым у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дзякуй народу, што падтрымалі нас на гэтых выбарах, прыйшло столькі людзей. Гэта, вядома, сітуацыя насцярожыла, ды і прасіў я людзей, каб яны прыйшлі. Тое, што людзі прыйшлі на выбары, - для мяне значны аргумент. Я яго часта дастаю з кішэні і выкладваю на стол у час вялікіх перагавораў. І ўсе разумеюць: раз прыйшло амаль 80% чалавек - значыць давер да ўлады ёсць. Значыць у мяне сіла нейкая ёсць у гэтых перагаворах. Гэта вельмі вялікі аргумент", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка лічыць важным развіваць магутныя нацыянальныя лабараторыі, а таксама галіновую навуку, ствараць цесную сувязь навукі з вытворчасцю. На яго думку, неабходна ствараць часовыя калектывы, кластары, куды ўвойдуць і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы і якія будуць вырашаць задачы, актуальныя для Беларусі на сённяшні момант. Акрамя таго, ён прапанаваў стварыць пры Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях нейкую структуру, якая будзе выконваць функцыі своеасаблівага адбору ў навуцы распрацовак, запатрабаваных у вытворчасці, і наадварот: фарміраваць патрэбны для практыкі заказ.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў засяродзіў увагу на чатырох аспектах. У прыватнасці, ён лічыць неабходным сканцэнтраваць фундаментальную навуку пры ўніверсітэтах, што дасць магчымасць больш інтэнсіўна яе развіваць і выкладаць непасрэдна ў ВНУ. Ён таксама адзначыў, што адным з паказчыкаў работы ўніверсітэта з'яўляецца ўклад у кадравы патэнцыял навукі. Аляксандр Радзькоў звярнуў увагу таксама на недапрацоўку НАН у забеспячэнні перспектыў развіцця грамадства, выпрацоўкі нацыянальнай ідэі. Акрамя таго, ён лічыць, што з боку міністэрстваў і ведамстваў адсутнічае нацэленасць на фармуляванне задачы для навуковай супольнасці, што тармозіць развіццё і ўдасканаленне тэхналогій.

Рэктар Белдзяржуніверсітэта акадэмік Сяргей Абламейка лічыць, што сёння ўніверсітэты павінны быць не толькі адукацыйнымі, выхаваўчымі і культурна-асветнымі, але і магутнымі навукова-тэхнічнымі цэнтрамі, у якіх павінны праводзіцца фундаментальныя прыкладныя даследаванні, рыхтавацца кадры вышэйшай кваліфікацыі, ажыццяўляцца інавацыйная вытворчая дзейнасць. Ён падзяліўся з удзельнікамі нарады вопытам БДУ па развіцці навуковай дзейнасці ў ВНУ.

У цэлым нарада стала грунтоўнай размовай аб тым, якой павінна быць навука, па якім шляху развівацца, што неабходна зрабіць для прарыву. Сустрэча Кіраўніка дзяржавы з вучонымі прадаўжалася амаль пяць гадзін. Абмяркоўваліся як агульныя для навуковай сферы пытанні, так і якія датычацца непасрэдна таго ці іншага напрамку.

У прыватнасці, генеральны дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" Андрэй Дзюжаў падтрымаў меркаванне аб неабходнасці нейкай канцэнтрацыі навукова-інжынерных рэсурсаў у ствараемых холдынгах.

Дырэктар Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Віталь Лапа спыніўся на праблемах у сельскай гаспадарцы, у прыватнасці на пытаннях рэгулявання і павышэння ўрадлівасці глебы.

Дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Сяргей Усанаў закрануў задачы ў сферы фармацыі, якія патрабуюць вырашэння, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць паляпшэння матэрыяльнай базы ў галіне для павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай фармацэўтычнай прадукцыі.

Кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо выказаў сваё бачанне праблемы амаладжэння навуковых кадраў. Ён лічыць неабходным развіваць навуковыя школы, а таксама скарачаць распрацоўку незапатрабаваных у практычнай дзейнасці праектаў, сканцэнтраваўшы намаганні на прарыўных напрамках.

На пытаннях прыцягнення моладзі ў навуку засяродзіў увагу прысутных старшыня Савета маладых вучоных НАН Андрэй Іванец. На яго думку, моладзь прыцягвае сучасная, актуальная і адпаведная сусветнаму ўзроўню тэматыка навуковых даследаванняў, а таксама магчымасць павышэння сваёй кваліфікацыі праз міжнародную інтэграцыю ў навуковай сферы. Што датычыцца праблем матэрыяльнага плана, то Андрэй Іванец лічыць, што трэба дазволіць маладым вучоным выкарыстоўваць такія інструменты, як камерцыялізацыя навуковых распрацовак, работа над вырашэннем галіновых практычна важных задач за кошт сродкаў прадпрыемстваў, развіццё маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва, у тым ліку шляхам стварэння ў вядучых навуковых арганізацыях так званых стартап-цэнтраў. У якасці вырашэння жыллёвага пытання Андрэй Іванец прапанаваў разгледзець магчымасць пераводу арэнднага жылля для перспектыўных маладых вучоных у жыллё пастаяннага карыстання.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тыя прадпрыемствы і арганізацыі, якія бачаць праблему ў жыллі, могуць пабудаваць па адным доме для сваіх работнікаў. "Штосьці вы ўкладзеце, але большую частку мы можам прафінансаваць. Нам жа ўсё роўна трэба будзе будаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта будзе значна хутчэй, чым калі сталічныя ўлады прафінансуюць з бюджэту будаўніцтва двух дзясяткаў дамоў за некалькі гадоў. "А так вы кожны за паўтара-два гады атрымаеце дом. А мы вам з бюджэту пастараемся дапамагчы. Мы хутчэй вырашым гэту праблему", - адзначыў Прэзідэнт. Ён даручыў ураду сумесна з губернатарамі і мэрам Мінска вывучыць гэту магчымасць.

Падводзячы вынікі праведзенай размовы з вучонымі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па ўсіх узнятых пытаннях павінен быць вынік. "Перасцерагаю ўрад ад таго, каб пасля гэтай сустрэчы не атрымалася так, што сабраліся для птушачкі, гаварылі аб усім, а выніку няма. Вось гэта будзе зневажанне мяне асабіста, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта нарада павінна стаць няхай не этапам, але невялікай прыступкай руху наперад".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу таксама на фінансавы складальнік, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што сродкі павінны быць правільна размеркаваны і ўкладзены ў тыя напрамкі, якія забяспечаць прарыў у навуцы. Ён даручыў прэм'ер-міністру, кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыні Камітэта дзяржкантролю пракантраляваць гэты працэс. "Я вас вельмі прашу сумленна і справядліва размеркаваць сродкі паміж вузаўскай, вытворчай і акадэмічнай навукай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама паставіў задачу міністрам укладваць сродкі ў распрацоўку эфектыўных навуковых праектаў.

Прэзідэнт таксама выказаў свае меркаванні наконт таго, якая навука патрэбна сёння Беларусі.

Гаворачы аб ролі навукі ў беларускім грамадстве, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выгляд сучаснай цывілізацыі вызначаецца дасягненнямі навукі і тэхналогій, пры гэтым выйграюць тыя краіны, якія робяць новыя адкрыцці і прапануюць свету новыя прадукты.

Ён звярнуў увагу на тое, што развіццё глабальнай эканомікі ў XXI стагоддзі адбываецца пад уплывам двух сістэмных фактараў: з аднаго боку, імклівы характар навукова-тэхнічнага прагрэсу абумоўлівае бесперапынную змену тэхналогій і відаў прадукцыі, з іншага - ва ўмовах глабалізацыі абвастраецца барацьба як за рынкі збыту, так і за рынкі сыравіны і энерганосьбітаў.

З-за прыродных умоў у Беларусі няма іншых варыянтаў, як развівацца па інавацыйнай (несыравіннай) мадэлі. Аднак на гэтым шляху краіна, як і многія іншыя дзяржавы, сутыкаецца з шэрагам праблем, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Па аб'ектыўных прычынах далёка не ўсе вынікі навуковай працы рэалізуюцца і далёка не ўсе нават таленавітыя вучоныя і інжынеры аказваюцца запатрабаванымі. Але грошы ў навуку ўкладаць усё роўна мы вымушаны, калі хочам вытрымліваць канкурэнцыю на сусветных рынках і не апынуцца на абочыне прагрэсу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сваю стрымальную ролю адыгрывае і суб'ектыўны фактар: кіраўнікі прадпрыемстваў, праводзячы мадэрнізацыю, робяць стаўку на імпарт тэхналогій і абсталявання, апасаюцца ўкладваць сродкі ў стварэнне новых вытворчасцей, заснаваных на айчынных распрацоўках. А гэта, у сваю чаргу, павялічвае нашу залежнасць ад імпарту ідэй", - адзначыў Прэзідэнт.

"Што там граху таіць: некаторыя арыентуюцца не на распрацоўкі нашых вучоных і наша абсталяванне, а на тое, што калі там купіш, то там і адкат можна атрымаць пад выглядам камісійных, украсці і гэтак далей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў прыклад з нядаўнімі арыштамі ў сістэме "Беллегпрама".

"Мільёны долараў укралі на пастаўках імпартнага абсталявання! Дык гэта апошні прыклад. Я ўжо даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць шырокі антыкарупцыйны даклад, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мiнiстр - гэта ж такі чалавек! Вось я не разумею: чаго не хапае?! Чалавек сам у пятлю галаву засоўвае. Сам, яго ніхто туды не штурхае! Ведае ж, што рана ці позна ўсё роўна пападзецца".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння ў краіне могуць сканструяваць і вырабіць на БелАЗе вялікагрузны аўтамабіль-гігант, але, маючы ўласнаю шынную вытворчасць, пакуль не стварылі даўгавечныя шыны да яго, іх даводзіцца купляць за мяжой.

"Пры наяўнасці ў структуры канцэрна "Белнафтахім" уласнага інстытута азотнай прамысловасці будаўніцтва азотнага комплексу ў ААТ "Гродна Азот" даводзіцца ажыццяўляць па імпартнай тэхналогіі. Тады трэба вызначыцца. Вобразна кажучы, калі ёсць навуковы інстытут, дык чаму закупляем тэхналогію? А калі не можам стварыць сучасную тэхналогію самі, дык наогул нам гэты інстытут патрэбны?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных.

На думку Прэзідэнта, негатыўную ролю ў рэалізацыі інавацыйнай мадэлі часта адыгрываюць традыцыйнасць і інертнасць мыслення кіраўнікоў: "З аднаго боку, яны баяцца пусціць грошы на вецер, а з іншага - не вераць ва ўласныя сілы і таму ўхіляюцца ад адказнасці. Змена іх свядомасці з'яўляецца не менш важнай задачай, чым само ўкараненне найноўшых тэхналогій".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сучасная навука прызначана вырашаць трыадзіную задачу: па-першае, садзейнічаць інавацыйнаму развіццю і эканамічнаму росту краіны за кошт стварэння і ўкаранення новых тэхналогій і прадукцыі, па-другое, забяспечваць інтэлектуальную бяспеку дзяржавы - ад якасці адукацыі да правядзення мінімальна неабходнага аб'ёму ўласных навуковых даследаванняў, захавання інтэлектуальнай незалежнасці, па-трэцяе, служыць ідэйным фундаментам грамадска-палітычнага развіцця краіны, з'яўляцца інструментам выбудоўвання абгрунтаванай і адпаведнай сучасным патрабаванням стратэгіі дзяржаўнага кіравання, кансалідаваць людзей на аснове вывучэння і папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа.

Перспектывы развіцця навукі ў Беларусі павінны вызначацца зыходзячы з гэтага трыадзінства: эканоміка, інтэлект, дзяржаўнасць, - а не толькі выключна з імгненных патрэбнасцей эканомікі або інтарэсаў толькі навуковай творчасці, - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях кіравання навукай і яе фінансаванні.

У Беларусі функцыі кіравання навукай размеркаваны паміж НАН, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і іншымі структурамі. На справе ж нярэдка мае месца дубліраванне іх функцый у пытаннях фінансавання навуковай дзейнасці, кантролю за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, правядзення дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы.

"Вузкаведамасныя інтарэсы часта бяруць верх над агульнадзяржаўнымі. Так, галіновыя міністэрствы пры фарміраванні дзяржаўных праграм аддаюць перавагу падведамным навуковым арганізацыям. Хоць больш мэтазгодным з'яўляецца правядзенне сумесных даследаванняў з ВНУ, акадэмічнымі і галіновымі структурамі, якія маюць адпаведныя напрацоўкі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Міжведамаснай каардынацыяй у навуцы павінна займацца, відаць, Нацыянальная акадэмія навук. Аднак яна слаба спраўляецца з гэтай функцыяй, сканцэнтраваўшыся ў асноўным на ўнутраных праблемах. Незразумела, чаго не хапае: аўтарытэту, жадання працаваць або, магчыма, адміністрацыйнага рэсурсу?"

На думку Прэзідэнта, таму і чуваць галасы аб неабходнасці стварэння адзінага органа дзяржаўнага кіравання навуковай сферай, напрыклад, Міністэрства адукацыі і навукі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта пытанне трэба прапрацаваць.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду і Нацыянальнай акадэміі навук разгледзець пытанне аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання навукай у краіне. "Я гатовы пайсці на любыя рэформы, галоўнае, каб быў станоўчы вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прынцыпова іншымі павінны стаць узаемаадносіны дзяржавы і навуковых арганізацый: вучоныя павінны мець канкрэтную задачу і працаваць на той вынік, у якім зацікаўлена дзяржава.

Прыкладам эфектыўнасці такой практыкі, паводле яго слоў, з'яўляецца вопыт СССР, дзе спачатку дзяржава ставіла задачы, а пасля для іх вырашэння ствараліся інстытуты, закуплялася абсталяванне і прыцягваліся спецыялісты.

"Нам трэба адрадзіць сістэму дзяржаўнага заказу ў навуцы. Адсутнасць такой сістэмы ў Беларусі - віна не толькі вучоных, але перш за ўсё кіраўнікоў. На ўрад і міністраў ускладзена персанальная адказнасць за своечасовае выкананне навукова-тэхнічных праграм, мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне грашовых сродкаў. Менавіта яны павінны дакладна ставіць перад вучонымі задачы, выдзяляць на іх вырашэнне неабходныя сродкі і патрабаваць вынік. Калі гэтага не будзе, вучоныя так і будуць займацца даследаваннямі часта па надуманых тэмах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, пры выкананні дзяржзаказу трэба вызначаць, што выгадней, прасцей і танней: распрацоўваць тэхналогію або абсталяванне самім, што называецца з нуля, або капіраваць замежныя ўзоры. "А магчыма, браць адтуль ідэю, "ядро" і адаптаваць яе з улікам патрэбнасцей канкрэтнай вытворчасці. Пад кожную задачу павінна быць выбудавана найбольш рацыянальная схема дзеянняў. Гэта задача як для вучоных, так і для кіраўнікоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду распрацаваць і распаўсюдзіць сістэму фарміравання навуковага дзяржзаказу як для прыкладных, так і прыродазнаўчых, гуманітарных навук. Пры гэтым орган, які выступіў дзяржаўным заказчыкам, будзе абавязаны ўкараніць вынікі даследаванняў.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сістэма бюджэтнага фінансавання не заўсёды дастаткова гібкая і спрыяльная для навукі, паколькі ў адрозненне ад рэальнага сектара эканомікі, дзе эфект можна падлічыць загадзя, навука з'яўляецца зонай асаблівай інвестыцыйнай рызыкі.

"Як мяне інфармуюць, вучоныя за бюджэтныя грошы абгрунтавана баяцца брацца за прарыўныя, але рызыкоўныя праекты. А менавіта такія праекты ва ўсім свеце з'яўляюцца галоўным рухавіком прагрэсу. Значыць, патрэбны не толькі бюджэтныя крыніцы фінансавання", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Выйсце з сітуацыі, паводле слоў Прэзідэнта, бачыцца ў стварэнні сістэмы венчурнага фінансавання - сеткі вялікіх і малых фондаў, якія пачнуць укладваць уласныя сродкі ў навуковыя праекты, а пасля займацца продажам вынікаў даследаванняў. У гэтых фондах на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства можа прыняць удзел і бюджэт.

"Трэба прааналізаваць і адаптаваць да беларускіх рэалій заканадаўства краін - сусветных лідараў навукова-тэхнічнага прагрэсу па названым пытанні. Пры гэтым звярнуць асаблівую ўвагу на права вучонага стварыць уласную кампанію, фірму і самому ўкараняць свае дасягненні. Гэта таксама магчыма", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

"Няхай разумныя людзі становяцца багатымі. Дзяржава ад гэтага толькі выйграе", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і Нацыянальнай акадэміяй навук з улікам сусветнага вопыту прыняць вычарпальныя меры па забеспячэнні эфектыўнай абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасць, у тым ліку дзяржаўную, і пры неабходнасці ўдасканаліць беларускае заканадаўства ў гэтай сферы. Пры гэтым ён запатрабаваў не зацягваць працэс.

"Прапанаваная Канцэпцыя "Беларусь 2020: навука і эканоміка" мае крыху іншыя задачы. Яна цікавая як спроба распрацоўкі своеасаблівай інтэлектуальнай мадэлі развіцця краіны, заснаванага на максімальным прымяненні патэнцыялу навукі. Лічу, што закладзеныя ў ёй ідэі і падыходы мэтазгодна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні развіцця фундаментальнай навукі ў Беларусі.

Ён падкрэсліў, што фундаментальныя навукі ў Беларусі разглядаюцца перш за ўсё як сродак падтрымання інтэлектуальнага ўзроўню грамадства і як база вышэйшай адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з бюджэту прадоўжыцца фінансаванне толькі тых напрамкаў, дзе склаліся вядомыя навуковыя школы, напрыклад, оптыкі, лазернай фізікі, цеплафізікі, біяарганічнай хіміі і матэрыялазнаўства. "Аднак меркаваць аб рэзультатыўнасці вашай работы ў гэтай галіне будзем па міжнародных крытэрыях", - адзначыў Прэзідэнт.

У свеце сфарміравалася сістэма вызначэння ўзроўню даследаванняў. Яна базіруецца на адсочванні індэксаў цытавання вучоных, іх удзелу ў буйных міжнародных форумах, прысутнасці ў рэдкалегіях міжнародных часопісаў. "Гэтыя паказчыкі, а не апавяданні пра сябе любімых павінны стаць асновай аб'ектыўнай ацэнкі вынікаў вашай працы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да вучоных.

"Можна развіваць і іншыя напрамкі, усё, што вы палічыце патрэбным. Але з выкарыстаннем магчымасцей міжнароднага супрацоўніцтва і кааперацыі", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба падумаць аб прыцягненні да беларускіх праектаў замежных даследчыкаў з сусветнымі імёнамі, а таксама аб інтэграцыі беларускіх навуковых школ у міжнародную супольнасць за кошт вучоных-беларусаў, якія атрымалі прызнанне за мяжой.

"Але пры гэтым нельга забываць і аб "эфекце пыласоса", калі так званыя міжнародныя навуковыя праекты служаць сродкам выцягвання з краіны мазгоў. З такімі фактамі нам ужо давялося сутыкнуцца. Трэба стварыць сваю сістэму процідзеяння і адначасова "прыцягвання мазгоў", перадавых ідэй і тэхналогій", - адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што гэтымі пытаннямі трэба заняцца ўраду і НАН.

Што датычыцца самой Нацыянальнай акадэміі навук, то Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што яна займаецца пастаянным навуковым забеспячэннем развіцця народнай гаспадаркі: "Селекцыя сартоў раслін і парод жывёл, вывучэнне запасаў прыродных рэсурсаў, абгрунтаванне месц размяшчэння вытворчасцей, стварэнне новых тэхналогій, абсталявання, матэрыялаў - гэтыя справы, магчыма, знешне неэфектыўныя, але без іх эканоміка існаваць не можа. Такія напрамкі акадэмічнай навукі мы заўсёды будзем падтрымліваць".

На думку Кіраўніка дзяржавы, акадэмічная навука павінна забяспечыць апераджальныя тэмпы развіцця вытворчасцей пятага і шостага тэхналагічных укладаў, якія ў будучым дадуць максімальны эканамічны эфект, заставацца сферай правядзення фундаментальных даследаванняў, пашыраць узаемадзеянне з вузаўскім і галіновым сектарамі, падмацоўваючы іх ідэямі і распрацоўкамі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё сёння ставіць перад Акадэміяй навук новыя агульнадзяржаўныя задачы - гэта навуковае суправаджэнне маштабных інавацыйных праектаў, такіх як выкарыстанне сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямлі, будаўніцтва Беларускай АЭС, развіццё біятэхналагічнай галіны, нанаіндустрыі, вытворчасць мікра- і оптаэлектронікі.

"Мы разглядаем Нацыянальную акадэмію навук Беларусі як ядро ўсёй навуковай сферы, якое канцэнтруе ў сабе лепшыя навуковыя сілы і праводзіць самы шырокі ў краіне спектр даследаванняў. Таму ні аб якой рэарганізацыі Акадэміі, а тым больш аб яе пераўтварэнні ў грамадскую арганізацыю размовы не ідзе. І наўрад ці будзе ісці ў бліжэйшым будучым", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аднак Акадэміі трэба вырашыць пытанні аптымізацыі структуры і штатнай колькасці сваіх навуковых арганізацый. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэзервы тут вельмі вялікія: у Акадэміі навук працуюць больш як 17 тыс. чалавек, з якіх даследчыкі складаюць толькі трэць. "Я ўжо не кажу аб якасці гэтай трэці даследчыкаў", - дадаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу таксама на галіновай навуцы як правадніку перадавых ідэй у вытворчасць.

У галіновым сектары працуе больш як 50% работнікаў, занятых у навуковай сферы, і выконваецца амаль палавіна ўсіх даследаванняў і распрацовак у краіне. Аднак, як канстатаваў Кіраўнік дзяржавы, аддача ад іх пакуль слабая: толькі чвэрць прадпрыемстваў краіны ўкладваюць сродкі ў тэхналагічныя інавацыі, у той час як, напрыклад, у Германіі гэты паказчык даходзіць да 70%, доля штогод рэалізуемай інавацыйнай прадукцыі ў Беларусі не дасягнула парога навукова-тэхналагічнай бяспекі 20%.

"Значная частка кіраўнікоў проста не праяўляе зацікаўленасці як у фінансаванні даследаванняў, так і ва ўкараненні іх вынікаў. Гэту сітуацыю трэба выпраўляць", - лічыць Прэзідэнт.

"Ва ўсім свеце прыкладная навука ствараецца ў карпарацыях. Гэта зразумела: паколькі прадпрыемства ў адрозненне ад галіновага міністэрства лепш уяўляе, у які навуковы праект яму больш выгадна ўкласці грошы. Але і міністраў нельга скідаць з рахунку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што цяпер ствараюцца ўсялякія холдынгі - аналагі замежных карпарацый. "Але вельмі рэдка ў іх прысутнічаюць даследчыя структуры. Без затрат уласных сродкаў на навуковыя прапрацоўкі свайго прадукту канкурыраваць на рынках ужо немагчыма. Холдынг без навукі - гэта, вобразна кажучы, калека", - адзначыў Прэзідэнт. Ён даручыў ураду заняцца вырашэннем гэтага пытання.

"У нашых сённяшніх холдынгах і нават міністэрствах роля прыкладной навукі мізэрная. Не будзем карміць уласную прыкладную навуку - давядзецца карміць чужую, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Адсюль задача ўраду: павінны быць распрацаваны дакладныя патрабаванні да развіцця прыкладной навукі ў рэальным сектары эканомікі".

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным забяспечыць стварэнне навукай і вытворчасцю інавацыйных прадпрыемстваў (інжынірынгавых структур), якія змогуць у кароткія тэрміны ствараць навукаёмісты прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, падумаць аб увядзенні статусу малога інавацыйнага прадпрыемства з пэўнымі прэферэнцыямі.

На думку Кіраўніка дзяржавы, трэба больш актыўна прыцягваць у навукова-інавацыйную сферу прыватны капітал, развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў рэалізацыі інавацыйных праектаў, асабліва з удзелам малога і сярэдняга бізнесу.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду забяспечыць рэалізацыю гэтых і іншых мер, накіраваных на актывізацыю галіновай навукі і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання яе вынікаў для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Гаворачы аб вузаўскай навуцы як сродку падтрымання высокага адукацыйнага ўзроўню ў краіне, Прэзідэнт адзначыў, што развіццё навукі ў ВНУ павінна быць накіравана перш за ўсё на забеспячэнне непарыўнай сувязі навуковых даследаванняў з адукацыйным працэсам і практычнай дзейнасцю.

"Трэба развіваць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па ўсіх напрамках падрыхтоўкі ў ВНУ, уключаць у іх студэнтаў і вучоных-практыкаў. Сапраўдны вучоны нараджаецца ва ўніверсітэце", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Перад вышэйшай адукацыяй сёння пастаўлена задача - карэнным чынам узмацніць практычную падрыхтоўку спецыялістаў, павысіць узровень авалодання імі сучаснымі тэхналогіямі і абсталяваннем. Таму адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці вузаўскай навукі становіцца стварэнне ўмоў для фарміравання прафесійных навыкаў студэнтаў у сферы навукаёмістых тэхналогій вытворчасці, абслугоўвання і кіравання. У гэтых мэтах неабходна пашырыць сетку навучальна-навукова-вытворчых комплексаў і філіялаў кафедраў ВНУ ў арганізацыях, адкрываць у профільных універсітэтах галіновыя лабараторыі з базавым фінансаваннем са сродкаў інавацыйных фондаў, забяспечваць перадачу ВНУ доследных узораў новай тэхнікі, ствараць пры ВНУ кампаніі, якія займаліся б камерцыялізацыяй вынікаў іх даследаванняў", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што такое зроблена ўжо на базе Беларускай сельгасакадэміі, БДАТУ і іншых ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Міністэрству адукацыі сумесна з іншымі галіновымі міністэрствамі забяспечыць вырашэнне гэтых пытанняў.

Што датычыцца гуманітарных даследаванняў, то Прэзідэнт прызнаў, што грамадазнаўчым даследаванням і гуманітарнай адукацыі ўдзяляецца неабгрунтавана мала ўвагі. На яго думку, сітуацыю неабходна змяняць. "Трэба адкрыта прызнаць, што гуманітарныя навукі - гэта перш за ўсё навукі ідэалагічныя. Ідэалогія ж з'яўляецца дарожнай картай грамадскага развіцця. Дзяржаўную ідэалогію мы фарміравалі пераважна эмпірычным шляхам. Настаў час абагульніць вопыт існавання суверэннай Беларусі, вылучыць, сістэматызаваць і выкарыстоўваць у ідэалагічнай рабоце ўсё тое, што дапаможа кансалідацыі грамадства і ўмацаванню адзінства нацый", - лічыць Прэзідэнт.

"Даследаванням у галіне эканомікі, права, паліталогіі і сацыялогіі трэба надаць экспертна-аналітычную накіраванасць. Праекты прававых актаў, дзяржаўных праграм і маштабных рашэнняў у розных галінах, якія закранаюць інтарэсы многіх простых грамадзян, павінны быць дакладна абгрунтаваны і абапірацца на навуковы фундамент", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

 "У гістарычных даследаваннях неабходна процістаяць спробам скажэння і палітызацыі гісторыі Беларусі, тэндэнцыйнай ацэнкі асобных яе перыядаў, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны. Вучоным таксама трэба ўсямерна папулярызаваць гістарычную спадчыну як аснову патрыятычнага выхавання грамадзян", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, сацыёлагам, псіхолагам і педагогам трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу праблеме ўмацавання статусу сямейных каштоўнасцей і інстытута сям'і ў грамадстве.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі сканцэнтраваць намаганні вучоных-грамадазнаўцаў на гэтых напрамках даследаванняў.

Закранаючы тэму прыцягнення ў навуку моладзі, Прэзідэнт канстатаваў, што інтарэс моладзі да даследаванняў не стаў меншым: з 2005 года па 2013 год колькасць студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у навукова-даследчай рабоце, павялічылася на 15 тыс. чалавек. "Аднак усё менш становіцца жадаючых зрабіць навуку сваёй прафесіяй. Калі ў 2011 годзе ў аспірантуру паступілі больш як паўтары тысячы чалавек, то ў 2013 годзе - толькі крыху больш як тысяча. У нас колькасць аспірантаў на тысячу жыхароў у два разы меншая, чым у Расіі, і ў пяць разоў меншая, чым у Германіі. Зразумела, што нежаданне ісці ў навуку ў многім звязана з невысокімі даходамі вучоных. Вырашаць гэту праблему трэба комплексна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэба ствараць умовы для заработку ў навуцы, арыентаваць вучоных на выкананне навукова-вытворчых праектаў за кошт сродкаў заказчыка, павышаць узровень камерцыялізацыі вынікаў даследаванняў з выплатай узнагароджання іх аўтарам.

"У мэтах натуральнага абнаўлення кадраў трэба разгледзець магчымасць захавання выплат за вучоныя ступені і званні даследчыкам і выкладчыкам ВНУ, якія пайшлі на пенсію, за кошт пазабюджэтных сродкаў арганізацый. На першым этапе паўдзельнічаем і бюджэтам, калі вы прапануеце нармальную мадэль", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду стварыць сістэму сацыяльнай падтрымкі выпускнікоў аспірантуры, напрыклад, шляхам прысваення статусу маладога вучонага (па аналогіі з маладым спецыялістам), магчыма, з адпаведнымі прэферэнцыямі, выдзяленнем інтэрната або арэнднага жылля і прыняццем іншых мер.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе агучаныя ідэі і прапановы будуць прааналізаваны.

"Упэўнены, што вашымі намаганнямі беларуская навука будзе і далей развівацца ў інтарэсах грамадства, садзейнічаючы росту эканомікі і якасці жыцця людзей", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.