Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з Міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з Міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. Сустрэча прайшла з удзелам першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Радзькова.
Абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі сістэмы адукацыі да новага навучальнага года, вынікі ўступнай кампаніі ў беларускія навучальныя ўстановы, падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў адпаведнасці з патрэбнасцямі народнай гаспадаркі, у цэлым развіццё адукацыі ў краіне.
У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы з падрыхтоўкай да пачатку навучальнага года.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава пры неабходнасці гатова дапамагчы сем'ям, выдзеліўшы сродкі на тое, каб сабраць дзяцей у школу. Але сродкі павінны выдзяляцца мэтава. "Калі трэба некаму дапамагчы, значыць, трэба дапамагчы непасрэдна дзецям. Таму што вы ведаеце, у якіх бацькоў не хапае сродкаў на тое, каб адзець дзяцей. Большасць з іх, мы ведаем, што гэта за бацькі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: не павінна быць такой сітуацыі, што няўдалым бацькам грошы на падрыхтоўку дзяцей да школы выдзеляць, а да 1 верасня яны не змогуць ні адзець, ні абуць іх, ні купіць неабходныя школьныя рэчы.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні бяспекі: у школах з гэтага пункту гледжання ўсё павінна быць зроблена належным чынам і павінны быць няўхільна рэалізаваны адпаведныя даручэнні Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць узровень дысцыпліны і арганізацыі работы ў педагагічных калектывах.
Другі комплекс пытанняў, абмеркаваных на сустрэчы, датычыўся вынікаў уступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
На сустрэчы разглядалася таксама выкананне даручэнняў Прэзідэнта па далейшаму развіццю адукацыі ў краіне. "Што не выканана і якія праблемы?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Міністр далажыў аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта адносна сярэдняй адукацыйнай школы, а таксама развіцця прафесійнай адукацыі.
Што датычыцца спецыяльнай адукацыі, то на сустрэчы абмяркоўвалася фарміраванне рэгіянальных каледжаў, задача якіх - забяспечваць у рэгіёне (на ўзроўні раёна або некалькіх раёнаў) падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
Прэзідэнт даручыў распрацаваць спецыяльную праграму, у якой будуць улічаны патрэбнасці рэгіёнаў краіны ў кадрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Размова ідзе аб фарміраванні ўстаноў адукацыі, сучасных каледжаў, якія на высокім прафесійным узроўні павінны рэалізоўваць адпаведныя адукацыйныя праграмы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на развіцці вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, на неабходнасці далейшай зладжанай работы па падрыхтоўцы практыка-арыентаваных спецыялістаў. Міністэрству адукацыі даручана разгледзець пытанне мэтавай кантрактнай падрыхтоўкі для ўдасканалення правіл прыёму ў навучальныя ўстановы.