Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з Андрэем Кабяковым і Наталляй Пяткевіч

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня правёў рабочую сустрэчу з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэем Кабяковым і сваім памочнікам Наталляй Пяткевіч, якія ўзначальваюць створаную ў кастрычніку 2012 года дзяржаўную камісію для выпрацоўкі прапаноў па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў.

    Камісіі, у якую таксама ўваходзіць шэраг кіраўнікоў дзяржорганаў, было даручана да 30 снежня мінулага года ўнесці Прэзідэнту адпаведныя прапановы. У час рабочай сустрэчы абмяркоўваліся папярэднія вынікі праводзімай работы, каб у далейшым можна было ўжо ў больш шырокім складзе вярнуцца да гэтых пытанняў і прыняць неабходныя рашэнні па скарачэнню апарату дзяржслужачых.

    "Мы дамаўляліся, што гэта будзе як мінімум 25%. Такі час настаў. Калі мы гаворым аб дэбюракратызацыі, то, зразумела, трэба, каб чыноўнікаў было менш. Калі чыноўнікаў шмат, яны ўсё роўна знойдуць сабе магчымасць займацца нават тымі пытаннямі, якія нам не патрэбны і якія якраз уваходзяць у пералік таго бюракратызму, супраць якога мы з вамі змагаемся, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – З іншага боку, гэта не павінна быць толькі механічна. Таму што мы можам нанесці ўрон дзяржаўнаму кіраванню. Ёсць пэўныя ўсталяваныя законы, няхай яны суб'ектыўныя, але яны выпакутаваны людзьмі, і трэба дакладна разумець, колькі ў арганізацыі павінна быць чалавек, каб яна эфектыўна працавала".

    Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што задача па скарачэнню на чвэрць апарату дзяржслужачых гэта толькі сярэдні паказчык: "Гэта не значыць, што мы павінны скараціць дзяржслужачых там, дзе яны перш за ўсё патрэбны і дзе скарачаць ужо немагчыма". У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў райвыканкамы, якія і цяпер невялікія па колькасці, але на іх усё ў большай ступені пераносіцца цэнтр цяжару ў кіраванні тымі ці іншымі працэсамі на месцах. "Таму тут трэба быць больш акуратнымі і асцярожнымі. Але ў той жа час я атрымліваю (і гаварыў аб гэтым) інфармацыю, што некаторыя нашы мясцовыя кіраўнікі ператвараюцца ва ўдзельных князькоў. Вось гэта ўжо, напэўна, мала мае адносіны да скарачэння колькасці дзяржслужачых, а да эфектыўнасці нашага кантролю за гэтымі структурамі, падраздзяленнямі і канкрэтнымі людзьмі, – заўважыў Кіраўнік дзяржавы. – Я гэта будуць мець на ўвазе ў сваёй рабоце, але вам непасрэдна трэба будзе гэтым займацца".

    "Словам, давайце яшчэ раз паглядзім, дзе мы правільна падышлі да гэтага пытання (я атрымаў вашы прапановы і ў цэлым іх падтрымліваю), а дзе, можа, яшчэ трэба правесці дадатковыя кансультацыі", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Наконт магчымасці скарачэння нейкіх міністэрстваў або ведамстваў Прэзідэнт падкрэсліў, што ў вырашэнні такіх пытанняў не павінна быць спешкі і да гэтага працэсу трэба падыходзіць узважана: "Што датычыцца скарачэння асобных органаў, міністэрстваў, ведамстваў, шчыра кажучы, я не гатовы па гэтаму напрамку прымаць рашэнне. Трэба яшчэ раз параіцца з Урадам і іншымі", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, згадаў прапанову скараціць Міністэрства гандлю. "Можа, калі зыходзіць з кабінетных, толькі рыначных выкладак. Але, з іншага боку, што найбольш хвалюе людзей сёння? Тыя праблемы, якія фарміруюцца ў сферы гандлю. Дык, можа, нам Міністэрства гандлю, напрыклад, перанацэліць на вырашэнне канкрэтных задач, якія хвалююць нашых людзей", – выказаў меркаванне Прэзідэнт.

    Ёсць прапанова і па скарачэнню Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што "да гэтага ўжо не аднойчы падыходзілі", але менавіта ў гэтай сферы сёння больш за ўсё праблем, якія хвалююць насельніцтва.

    "Таму давайце не будзем спяшацца сёння ў плане скарачэння гэтых арганізацый, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Я яшчэ раз кажу: трэба нам у пэўнай ступені адысці ад гэтых рыначных тэарэтычных разважанняў, а зыходзіць з канкрэтных задач і сітуацый, якія складваюцца ў нас у краіне, і калі міністэрствы працуюць неэфектыўна, у тым ліку названыя (я з вамі абсалютна тут згодны, яны сабе пакуль яшчэ і месца ў поўным аб'ёме не знаходзяць), ну дык трэба іх азадачыць так, каб яны вярцеліся, круціліся і вырашалі тыя праблемы, якія сёння хвалююць людзей".