Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатолем Рубінавым

    Удасканаленне працэсу правядзення ўступных іспытаў і прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі абмяркоўвалася 9 верасня на рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе Анатолем Рубінавым.

    "Я ў агульных рысах азнаёмлены з вынікамі і лічбамі. Мяне больш за ўсё хвалюе праблема ўдасканалення гэтага працэсу. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, іх трэба ўзнімаць і вырашаць", - сказаў Прэзідэнт.

    "Вядома, у нас няма таго, што адбываецца ў суседніх краінах, - скандалы, карупцыя вакол гэтага. Гэта ў нас наогул немагчыма. Але, можа, аб'ектыўна недзе трэба ўдасканальваць гэты працэс, звяртаць больш увагі на нейкія індывідуальныя рэчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Анатоль Рубінаў далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выніках уступнай кампаніі. Паводле яго слоў, у цэлым сістэма залічэння ў ВНУ і ССНУ наладжана і дапрацавана да высокага ўзроўню. "Сёння няма вялікіх праблем у гэтай справе. Карупцыя тут фактычна поўнасцю выключана, паколькі сам механізм уступных іспытаў, залічэння выключае магчымасць умяшання службовых асоб і каго б там ні было", - канстатаваў ён.

    Разам з тым на сустрэчы была адзначана і наяўнасць некаторых праблем. Так, не заўсёды атрымліваецца ўкамплектаваць асобныя, вельмі важныя для краіны спецыяльнасці ў сферы ваеннай, аграрнай, педагагічнай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць больш дасканала прадумаць сістэму мэтавага набору.

    Адначасова ў Беларусі склаліся не зусім аптымальныя суадносіны ў падрыхтоўцы кадраў рознай кваліфікацыі, намеціўся відавочны перабор спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Калі не рэгуляваць сітуацыю, то такія дыспрапорцыі могуць у канчатковым выніку пайсці на шкоду эканоміцы краіны. "Але гэта ў той жа час не павінна нейкім чынам уплываць на свабоду выбару чалавека. Калі ён здольны, імкнецца, можа пераадолець парог, значыць, няхай ідзе і атрымлівае адукацыю", - лічыць Анатоль Рубінаў.

    Па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб усе зацікаўленыя бакі сабраліся і дэталёва абмеркавалі неабходныя змяненні, пасля чаго павінна быць прынята новая рэдакцыя Правіл прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пры гэтым размова ідзе не аб карэнным змяненні правіл, а толькі аб новай іх рэдакцыі. Адно з магчымых новаўвядзенняў - электроннае залічэнне, калі перад паступленнем пры рэгістрацыі абітурыент адразу паведамляе, куды і на якія спецыяльнасці ён хацеў бы паступіць, а залічэнне на тую ці іншую спецыяльнасць пасля праводзіцца ў залежнасці ад набраных на экзаменах балаў.