Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурам.

    Кіраўніку дзяржавы даложана аб паводкавай сітуацыі ў сталічным рэгіёне. Паводле слоў губернатара, падтапленні чакаюцца ў Барысаўскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім і Стаўбцоўскім раёнах. Аднак нейкіх надзвычайных сітуацый не прагназуецца, у тым ліку дзякуючы загадзя праведзеным работам па падрыхтоўцы проціпаводкавых збудаванняў.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць меры, дзе гэта неабходна, для прадухілення падтапленняў жылых дамоў і прысядзібных участкаў талымі водамі.

    У цэнтры ўвагі таксама былі пытанні правядзення ў сціслыя тэрміны пасяўной кампаніі. Барыс Батура запэўніў, што Мінская вобласць да гэтага гатова і пры першай магчымасці ў рэгіёне пачнуцца палявыя работы.

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанаваны варыянт па рэканструкцыі аўтадарогі Мінск-Слуцк-Мікашэвічы, у адпаведнасці з якім яе плануецца давесці да параметраў першай катэгорыі. Прэзідэнту таксама даложана аб рэалізацыі шэрага іншых інвестыцыйных праектаў.

    Асобна Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пытанні навядзення парадку ў населеных пунктах. Ён запатрабаваў, каб гэтым працэсам былі ахоплены не толькі буйныя гарады і раённыя цэнтры, але і невялікія сельскія паселішчы.