Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для расійскіх рэгіянальных СМІ
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ.
Прэс-канферэнцыяй Кіраўніка дзяржавы па традыцыі завяршыўся прэс-тур расійскіх журналістаў па Беларусі. У бягучым годзе ў ім прынялі ўдзел 90 журналістаў з 80 расійскіх СМІ 48 суб'ектаў усіх федэральных акруг Расіі. Агульны тыраж прадстаўленых у прэс-туры друкаваных выданняў – амаль 3 млн. экзэмпляраў, патэнцыяльныя радыё- і тэлеаўдыторыі з улікам шэрагу федэральных СМІ – больш як 130 млн. чалавек.
У ходзе прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, Прэзідэнт адказаў на пытанні, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі на сучасным этапе, беларуска-расійскіх адносін. Таксама былі закрануты тэмы інтэграцыі на прасторы СНД, у тым ліку ў фармаце Адзінай эканамічнай прасторы.
"За мінулае дзесяцігоддзе мы з вамі сталі сведкамі многіх, я нават сказаў бы, лёсавызначальных падзей у жыцці нашых дзяржаў. Нашы краіны прайшлі на гэтым адносна кароткім адрэзку часу няпросты шлях. Тут было ўсё – ад вострых спрэчак, нават канфліктаў у адносінах паміж Расіяй і Беларуссю да брацкай падтрымкі ў вельмі складаныя моманты гісторыі", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Самае галоўнае: мы пераканаліся ў праваце фундаментальнага тэзіса аб тым, што нам, Беларусі і Расіі, у гэтым бурным свеце, які вечна канкурыруе, адзін без аднаго проста ніяк нельга, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Моцнымі і незалежнымі нашы краіны, як аказалася, нікому не патрэбны, акрамя нас саміх. Канкурэнцыя сёння вострая як ніколі. І ўладары свету адкрыта грэбуюць правіламі, пісанымі і няпісанымі. Таму беларусы і расіяне проста вымушаны змагацца за сваё месца пад сонцам, прычым дастойнае месца, якога нашы народы, безумоўна, заслугоўваюць. І жыццё ўжо даказала, што разам мы гэтага можам дабіцца".
Гаворачы аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Прэзідэнт адзначыў, што гэты працэс трэба ацэньваць як абсалютна правільны і дальнабачны. "Павінен сказаць, што пакуль на постсавецкай прасторы гэты працэс дасягнуў такой глыбіні, якой мы не дасягнулі па іншых праектах супрацоўніцтва, у тым ліку ў Адзінай эканамічнай прасторы. Пакуль што глыбіня нашых адносін у беларуска-расійскім аб'яднанні значна вышэйшая", – канстатаваў Прэзідэнт.
"Гэта сапраўды ўнікальнае інтэграцыйнае ўтварэнне. І мы тут маем ужо не толькі парасткі, але сістэму і структуру, якая дасць магчымасць нам пры жаданні эліт нашых дзяржаў вельмі хутка перайсці да стварэння магутнага дзяржаўнага аб'яднання", – упэўны Кіраўнік дзяржавы.
Пры фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арыентавацца менавіта на вопыт інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве: "Калі мы маем магчымасць глыбінна дзейнічаць на гэтым напрамку – АЭП і Еўразійскі эканамічны саюз, то трэба даводзіць яго да ўзроўню Саюзнай дзяржавы, у прамым сэнсе выключаючы граніцы, візы і іншае (як у нас з расіянамі), і ісці далей".
Гаворачы аб унутрыпалітычнай сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што палітычная сістэма беларускага грамадства ў прынцыпе нічым не адрозніваецца ад расійскай. Аднак і з боку некаторых палітыкаў у Расіі часам можна пачуць крытыку ў адрас мажарытарнай сістэмы парламенцкіх выбараў у Беларусі. "Я выбіраўся не адзін раз і дэпутатам быў. Я добра ведаю, што такое партыйная сістэма, гледзячы на Расію, і што такое мажарытарная сістэма, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Партыйная сістэма – гэта калі два-тры чалавекі наверсе ўсім вядомы, а ўсіх астатніх ніхто не ведае, або там ледзь не бандытаў і алігархаў, якія нажылі багацце незразумела за якія грошы, выбіраюць, і людзі гэтага не ведаюць. Гэта што, нармальная сістэма выбараў? Я лічу – не".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што ў Беларусі існуюць 15 палітычных партый, людзі рэальна ведаюць толькі вельмі нямногіх з іх. "Я лічу, што партыйная сістэма павінна скласціся. Партыі не павінны з'яўляцца з падачы ўлады – праўладныя партыі – зразумела, якое стаўленне да іх. Таму я гэты працэс у Беларусі не падтрымліваю. І паколькі мы яшчэ не сфарміравалі гэту партыйную сістэму, няхай людзі выбіраюць сваіх дэпутатаў па акругах. І мы далі права любой партыі, нават калі ў гэтай акрузе няма яе прадстаўніка, вылучаць сваіх людзей".
"Але ў далейшым, можа, і трэба ісці да гэтай партыйнай сістэмы. Мы гэты працэс не стрымліваем. І я паабяцаў, што не буду падштурхоўваць працэс фарміравання палітычных партый і іх станаўлення, не буду гэтаму перашкаджаць і буду яго падтрымліваць", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца ўнутрыдзяржаўнай палітыкі ў Беларусі, Прэзідэнт сказаў: "Вы яе бачыце. Усё павінна быць сарыентавана і рабіцца для народа. Гэта – галоўнае. І гэта не папулізм". "Гэта мая палітыка, народ мяне выбраў, і для яго мы павінны рабіць усё, не панукаючы і не патураючы народу, не ствараючы нейкіх празмерных прэферэнцый для гультайства, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Але мы дакладна разумеем, што правы людзей павінны быць захаваны. І сапраўдныя правы!"
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў крытыку наконт захавання правоў чалавека ў Беларусі і прывёў прыклад падзей у Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, Германіі, Францыі. "Затрымлівалі па 200-300 чалавек", – адзначыў ён. "Лічу, што права чалавека – гэта, перш за ўсё, права на жыццё. І вакол жыцця чалавека мы павінны стварыць, найперш, бяспеку. Гэта – права на працу, нармальную заработную плату, каб гэты чалавек мог аплаціць камунальныя паслугі і пракарміць сваю сям'ю, – адзначыў беларускі лідар. – Хочаш багатым быць – гэта ўжо не клопат дзяржавы. Мы павінны ўмовы ствараць, але, каб быць багатым або алігархам, тут трэба ўключацца на поўную моц і працаваць".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у Беларусі ідзе работа над дыверсіфікацыяй эканомікі, нарошчваннем аб'ёмаў вытворчасці на мясцовай сыравіне.
"Прыкладна 80-85% нашай эканомікі – гэта экспарт, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы зусім няшмат спажываем з таго, што вырабляем унутры Беларусі. Такая структура склалася яшчэ з савецкіх часоў. Мы ад яе не адмовіліся, але дыверсіфікаваць яе пачалі. Адна з найважнейшых задач, якая сёння стаіць перад краінай, і, вядома, яе Прэзідэнтам, – дыверсіфікацыя нашай эканомікі".
"Мы прынялі рашэнне дыверсіфікаваць эканоміку і пачаць мадэрнізацыю і нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці і прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовай сыравіне", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Інтэнсіўна развіваецца і сельская гаспадарка, дасягнуты пэўныя поспехі. "Мы не толькі накармілі свой народ, але і ў бягучым годзе на $5 млрд. экспартуем сельскагаспадарчай прадукцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Праз два гады экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі дасягне $7 млрд".
Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў, што з'яўляецца катэгарычным праціўнікам варварскай прыватызацыі. "Я – катэгарычны праціўнік варварскай прыватызацыі, якую назвалі ў вас і ў нас "прыхватызацыяй". Тое, што створана народам, функцыянуе нармальна і прыносіць дывідэнды дзяржаве (чытай: народу), навошта нам сёння прадаваць?!"
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі адмовіліся ад спіса прадпрыемстваў, якія прыватызуюцца: "У нас можа быць прададзена – поўнасцю або па частках – любое прадпрыемства. Але за канкрэтную рэальную рыначную цану".
Усяго прэс-канферэнцыя прадаўжалася амаль чатыры з палавінай гадзіны. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь і Расія павінны трымацца адна адной: "Мы не можам страціць тое, што мы з вамі набылі".