Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ

  • 13

Прэс-канферэнцыя
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі расійскім рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі
11 кастрычніка 2013 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Беларуска-расійская інтэграцыя садзейнічае ўмацаванню адзінства на ўсёй еўразійскай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 кастрычніка на прэс-канферэнцыі расійскім рэгіянальным СМІ. 

Прэс-канферэнцыя прадаўжалася пяць з палавінай гадзін і праходзіла ў фармаце адкрытага і давернага дыялогу, які часам пераходзіў у жывую дыскусію і абмен думкамі. Кіраўнік дзяржавы адказаў больш як на 30 пытанняў, большасць з якіх закраналі да 5-7 розных тэм. Яны датычыліся беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў розных сферах, удзелу краіны ў інтэграцыйных працэсах. Прадстаўнікі СМІ актыўна цікавіліся вопытам дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі, сацыяльнымі пераўтварэннямі, падыходамі да развіцця эканомікі і вытворчай сферы. Прагучала шмат пытанняў адносна перспектыў супрацоўніцтва Беларусі з канкрэтнымі расійскімі рэгіёнамі, якія прадстаўлялі журналісты. Адкрытая размова дапамагла выявіць і шэраг праблемных момантаў у такім двухбаковым узаемадзеянні. Адпаведныя задачы па іх хутчэйшаму вырашэнню Аляксандр Лукашэнка паставіў перад Урадам.

Аб значэнні адзінства на Еўразійскай прасторы

- Глабальны фінансавы крызіс закрануў усе краіны, і нас у тым ліку. Гэта негатыўна паўплывала на тэмпы эканамічнага развіцця, ускладніла экспарт прадукцыі і паслуг, асабліва з другой палавіны бягучага года. У сувязі з гэтым Расіі і Беларусі як ніколі важна быць разам, каб больш паспяхова пераадольваць тыя праблемы, якія падкідае нам сусветны рынак. Мы ведаем, што цяпер няпроста і ў Расіі, асабліва рэальнаму сектару эканомікі. А як вы пераканаліся, мы не такія багатыя, як вы, на падарункі ад Госпада Бога. Таму ўся наша краіна - гэта рэальны сектар эканомікі, тое, што ствараецца розумам і рукамі нашых людзей. Таму нам цяпер няпроста.

Важна і тое, што беларуска-расійская інтэграцыя садзейнічае ўмацаванню адзінства на ўсёй еўразійскай прасторы. У гэтым гістарычнае значэнне беларуска-расійскіх адносін у сучасных умовах. Мы з расіянамі былі першыя, хто пасля распаду Савецкага Саюза пайшоў на такую вельмі глыбокую інтэграцыю, якой мы не дасягнулі ні ў Мытным саюзе, ні ў АЭП. Сёння мы паступальна, прыкладаючы сумесныя намаганні, рухаемся да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Хачу падкрэсліць, што гэтыя інтэграцыйныя працэсы не пусты гук. Дзякуючы цесным эканамічным, палітычным і іншым сувязям паміж нашымі дзяржавамі мы ўжо маем цудоўную магчымасць не толькі рэалізоўваць тавары на вялікім рынку, але і сумесна абараняць інтарэсы сваіх краін ад знешніх пагроз. Адчуваючы брацкае плячо, лягчэй праходзіць праз новыя палітычныя і эканамічныя выклікі, а іх наперадзе будзе нямала...

З кожным годам у свеце абвастраецца канкурэнцыя, моцныя дыктуюць свае ўмовы ўсяму свету, часта не звяртаючы ўвагі не толькі на міжнародныя нормы, але і элементарную логіку і ўсялякія правілы прыстойнасці. Беларусь - міралюбівая краіна, якая перажыла шмат пакут за сваю гісторыю. Але ніхто не папракне нас за стварэнне праблем перш за ўсё нашым суседзям. Мы самастойна будуем сваю суверэнную незалежную дзяржаву, мы адкрытыя для супрацоўніцтва з усімі, хто разумее нас і гатовы паважаць нашы нацыянальныя інтарэсы. Упэўнены, у Расіі ўсведамляюць, што дружалюбная Беларусь, якая дынамічна развіваецца, - надзейны саюзнік у сучасным непрадказальным свеце...

Беларусь высока цэніць падтрымку і плённае ўзаемадзеянне са сваім стратэгічным партнёрам у эканамічнай, абароннай, знешнегандлёвай, сацыяльна-культурнай і іншых сферах. У час цяперашняга прэс-тура вы наведалі адзін з заводаў, у развіццё якога ўкладзены расійскія інвестыцыі. Усяго ў нашай краіне больш як дзве з палавінай тысячы прадпрыемстваў з расійскім капіталам. Прычым іх колькасць пастаянна павялічваецца, як і аб'ём нашага ўзаемнага гандлю. Аб гэтым красамоўна сведчыць той факт, што за перыяд з 1996 па 2012 год тавараабарот вырас амаль у 7 разоў - з 6,5 мільярда долараў да 44 мільярдаў. Параўнальна невялікая Беларусь выйшла на другое месца ў знешнім гандлі Расіі з партнёрамі па СНД і на шостае - з усімі краінамі свету. Пры захаванні ўражальнай дынамікі ў бліжэйшым будучым нам поўнасцю пад сілу дасягнуць рубяжа тавараабароту ў памеры 50 мільярдаў долараў...

Вы бачылі рэальную карціну - тое, як жыве Беларусь кожны дзень. Мы ганарымся сваімі поспехамі, але не ўтойваем і недахопы, якія таксама ёсць, і іх нямала. І вельмі лёгка ў сучасным свеце нікому не жывецца.

Аб сутнасці размовы

- Я гатовы адказаць на любыя пытанні. І не дзеля піяру. Увесь мой піяр - гэта мая Беларусь і мая работа... Сяму-таму ў Беларусі піярыцца лягчэй, чым мне ў Расіі, паколькі вы бачыце, што мы не закрыты для сродкаў масавай інфармацыі Расіі. Усе, нават гадкія, каналы трансліруюцца ў Беларусі. І прыстойныя каналы, якія юбілей адзначаюць, таксама трансліруюцца ў нашай Беларусі з рознымі "Бацька 1", "Бацька 2", тры, чатыры... Мы не закрываем прастору для іх трансляцыі. Кожны дзень нашы грамадзяне бачаць Расію такой, якой вы яе прадстаўляеце нам праз СМІ...

Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, якія вы прадстаўляеце, вялікая аўдыторыя на прасторы ад Калінінграда да Уладзівастока даведваецца, як жывуць і аб чым думаюць нашы людзі, як працуюць прадпрыемствы і арганізацыі, што рэальна даюць нам - і расіянам, і беларусам - інтэграцыйныя праекты...

На жаль, калі б не вы, у Расіі калі не наогул, то вельмі мала ведалі б пра Беларусь. Таму адзіная мая мэта сустрэч з вамі і вашых камандзіровак у Беларусь - каб вы яе паказалі такой, якая яна ёсць. Каб рускі чалавек, жывучы да або за Уралам, на Далёкім Усходзе ведаў, што тут жывуць моцныя людзі з моцнай дружбай, добрымі адносінамі да рускага чалавека, расіяніна. І што абсалютна нічога пасля той страшнай вайны, дзе мы былі разам, паміралі ў акопах, не змянілася. Мы як былі разам, так і застаёмся, і я вельмі спадзяюся, што будзем і ў далейшым насуперак некаторым сілам развіваць наша супрацоўніцтва. Каб тыя, хто хацеў разарваць нашы адносіны, ніколі не былі б рады ўласным поспехам. Вось увесь піяр.

Аб адносінах з Прэзідэнтам Расіі

- Важна не тое, што абмяркоўваем, важна тое, як мы абмяркоўваем пытанні. Гэта абсалютна дружалюбнае абмеркаванне. Мы заўсёды можам сесці за стол і вельмі шчыра, што часам нават недапушчальна ў адносінах, напрыклад, Расіі з Амерыкай, з іншымі дзяржавамі, вельмі адкрыта, як сябры абмяркоўваць праблемы. Гэта таксама вялікае дасягненне. Таму што, ведучы перагаворы з той ці іншай дзяржавай, заўсёды прытрымліваешся канонаў, пратакольных, дыпламатычных рэчаў. Тут мы абсалютна пазбаўлены гэтага, мы як у адной дзяржаве жывём. У нас вельмі добрыя адносіны, хоць я не скажу, што яны заўсёды бязвоблачныя. У нас заўсёды хапала праблем, былі і сутыкненні, вы іх помніце, мы не ўтойвалі, па якіх прычынах гэта здарылася, але важна тое, як мы выходзілі з гэтай сітуацыі. Выходзілі таксама заўсёды па-сяброўску, не наносячы вялікага ўрону адзін аднаму. Нашы адносіны і дыялог - гэта злепак праблем, якія існуюць паміж нашымі дзяржавамі. І не толькі праблем, ёсць і добрыя рэчы. Мы з вялікім задавальненнем адзначаем іх. Сустракаючыся, заўсёды прыемна абмяркоўваць такія пытанні...

Праблемы ў адносінах заўсёды ў сваёй аснове маюць аб'ектыўны характар. Апошнім часам вялікую ўвагу ўдзяляем інтэграцыйным працэсам - у Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, працэсам, звязаным з фарміраваннем Адзінай эканамічнай прасторы, і ў будучым - Еўразійскага эканамічнага саюза. Тут шмат праблем, і прыціркі ідуць, і ўсё гэта не так проста, таму што гэтыя працэсы закранаюць інтарэсы трох канкрэтных дзяржаў: Беларусі, Казахстана і Расіі, пачынаючы ад простых грамадзян і завяршаючы буйнымі холдынгамі і аб'яднаннямі.

Мы абмяркоўваем і шмат сумесных беларуска-расійскіх мерапрыемстваў. У прыватнасці, нядаўняе маштабнае вучэнне "Захад-2013". Не ведаю толькі, чаму яны ўзбударажылі ўсю натаўскую машыну, яны так перажывалі за гэтыя вучэнні. Усё вельмі проста і можна растлумачыць: ёсць армія, ёсць ваенныя, якія рыхтуюцца да таго, каб прафесійна выконваць свае абавязкі, калі гэта спатрэбіцца, трэба вучыцца. Вось мы і вучыліся разам. У Беларусі і Расіі дзейнічае сумесная групоўка ўзброеных сіл у гэтым рэгіёне, асновай якой з'яўляецца беларуская армія. І ў выпадку нейкага канфлікту або, не дай бог, вайны, у нас ёсць планы, па якіх першы ўдар прымае беларуская армія, яе адразу ж, у той жа дзень, у тую ж гадзіну падмацоўваюць часці арміі Расійскай Федэрацыі і ўваходзяць у Беларусь для абароны нашай сумеснай прасторы.

Аб Саюзнай дзяржаве

- Сёння ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы сам працэс служыць не толькі арыенцірам, а нейкай праграмай, калькай, лякалам для таго, каб ствараць новыя інтэграцыйныя аб'яднанні, у тым ліку Еўразійскі эканамічны саюз...

Праект Саюзнай дзяржавы быў ініцыіраваны як першы інтэграцыйны на постсавецкай прасторы. Мы шмат у гэтым плане зрабілі. Я прывяду просты прыклад: калі мы сёння ў Мытным саюзе і АЭП абмяркоўваем тое ці іншае пытанне, я проста ад іх дыстанцыруюся. Мы гэта прайшлі. Калі трэба, то неабходна сёння падключацца Казахстану.

Нядаўна прайшло пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета. Праўда, па незразумелых прычынах ваш Урад адмяніў і не паехаў на саюзны Саўмін, які, на мой погляд, павінен быў быць у верасні, з крыўдай на тое, што Керымава пакрыўдзілі і іншых. Ну калі гэта прычына, то мы, вядома, пачакаем. Гэта сведчыць аб тым, што і ў нас праблем хапае ў Саюзнай дзяржаве.

Аб рэгіянальным узаемадзеянні

- Яны мяне просяць, каб я сустрэўся з імі (расійскія губернатары, калі прыязджаюць у Беларусь. - Заўвага рэд.). Добра, гэта не майго ўзроўню кіраўнікі. Але, думаю, прыехаць у любую краіну і сустрэцца з першым чалавекам у дзяржаве - гэта прэстыжна для палітыка. Я іх разумею, я гатовы на іх аўтарытэт працаваць - у падзяку за тое, што яны выратавалі калісьці нашы адносіны з Расіяй...

Быў час, калі мы маглі разысціся, і вельмі далёка. І тады, разумеючы, што не ўсё вырашаецца ў Крамлі, у цэнтры, я сказаў: мы выходзім непасрэдна на рэгіянальнае супрацоўніцтва. Добра, што потым прыйшло працверажэнне, палітыкі ў Крамлі, у Маскве зразумелі, што перашкаджаць гэтаму нельга, і гэта вылілася ў глабальнае супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі...

Мы не зацыкліваемся на тым, каб стварыць тавараправодныя сеткі з Масквой, з цэнтрам. Наадварот - і я да гэтага заахвочваю прадпрыемствы, і міністры гэта ведаюць - мы з вялікім задавальненнем будзем з вамі ствараць сумесныя прадпрыемствы на месцах, каля спажыўца. Каб там перапрацоўваць, дапрацоўваць, збіраць прадукцыю і праз вас прадаваць, праз гэтыя сумесныя прадпрыемствы. Чаму? Таму што тады будуць большы інтарэс і ваша адказнасць, у нас будуць контрагенты, што будуць займацца той справай, якая нас цікавіць. Нам гэта вельмі выгадна. Калі ёсць якія-небудзь праблемы ў гэтых адносінах, мы гатовы іх вырашаць.

Аб вучэннях НАТА

- Мы ведаем аб тым, што НАТА ў хуткім часе будзе праводзіць вучэнні ў Балтыйскім рэгіёне. Мы зробім заяву наконт гэтага, але адзін раз. Мы не будзем крычаць. Я думаю, што Міністэрства замежных спраў, можа, прэс-служба Міністэрства абароны або сам Міністр аб гэтым скажа, але так, у чалавечым ключы. "Мужыкі, ну вы чаго? Гвалтам крычалі наконт нашых вучэнняў, а самі праводзіце свае каля граніц Беларусі. І задума іх якая?" Вось і ўсё, што мы ім скажам. У іншым выпадку гэта будзе праяўленне слабасці. Чаго нам крычаць?..

Майце на ўвазе, напрыклад, палякі - чаму яны так крычалі (рэакцыя на вучэнне "Захад-2013". - Заўвага рэд.)? Калісьці амерыканцы і палякі прынялі рашэнне аб размяшчэнні сістэмы проціракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы. Потым па нейкіх прычынах яны прыпынілі гэты працэс. Але палякам жа да гэтага часу хочацца вярнуць гэты праект на тэрыторыю сваёй краіны, і як мага хутчэй. Не ведаю толькі, навошта ім падстаўляць сябе, таму што ПРА - гэта аб'ект, які ў выпадку канфлікту падлягае першачарговаму знішчэнню. І ў нас, і ў расіян дастаткова сродкаў для таго, каб вывесці яго са строю. І магчымасцей такіх дастаткова.

Для палякаў - гэта грошы. Польшча - гэта апора амерыканцаў сёння на еўрапейскім кантыненце - гэта ўсім вядома. І яны крычалі гвалтам: "Вы паглядзіце, агрэсар гэты Лукашэнка, дыктатар, і другі там, у Маскве сядзіць - вось яны ледзь не Польшчу хочуць захапіць". А мэта якая? Атрымаць грошы. Атрымаць грошы і ПРА як мага хутчэй на тэрыторыю Польшчы. Таму што калі сістэма гэта проціракетнай абароны будзе пабудавана ў Польшчы, то, зразумела, і эканамічныя "пернікі", падачкі будуць. Таму што амерыканцы вымушаны будуць падкормліваць частку тэрыторыі або Польшчу ў цэлым, каб там было ціха і спакойна адносна Амерыкі і яны маглі абслугоўваць сістэму ПРА. Гэта значыць прычын шмат для гэтага гвалту. Але мы не збіраемся патураць ім і паўтараць тое, што было...

Большасці сітуацыя вядома толькі са СМІ, а беларускія і расійскія ваенныя ведаюць на самай справе, што там адбывалася. Яны ж на вушы паставілі ўсе свае сілы, сродкі, не ведаю толькі навошта. Яны кантралявалі паветраную прастору да космасу. Мы ж не збіраліся запускаць балістычныя ракеты - навошта такі кантроль? Мы гэта ўсё бачылі. Цяпер сучасныя сродкі назірання даюць гэту магчымасць. Мы бачылі іх рэакцыю нервовую, але ўсё гэта ўспрымаем спакойна.

Аб падтрымцы

- Калі бяда абрушылася на Амурскую вобласць (нядаўняя паводка. - Заўвага рэд.), мы, вядома, прыйшлі на дапамогу. - Ваш губернатар вызначыў тыя параметры, па якіх мы павінны працаваць, дапамагаючы вам. Тое, што Беларусь аказала гуманітарную дапамогу - прадуктамі харчавання і іншым, - крупінка таго, што мы плануем зрабіць для вашай вобласці.

Вобласць распрацоўвае праграму пераадолення вынікаў паводкі. Мы прапанавалі губернатару: добра, калі вам цікава будзе, уключайце нас у любы раздзел гэтай праграмы, мы будзем удзельнічаць і дапамагаць сур'ёзна... А за аказаную дапамогу дзякаваць не трэба, мы не маглі зрабіць інакш.

Аб міграцыйнай палітыцы

- За апошнія пяць гадоў з Расіі ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства перасяліліся больш як 35 тыс. чалавек. Амаль 9 тысяч беларусаў за гэты час атрымалі пасведчанне на права жыхарства ў Расіі. Гэта красамоўныя лічбы... Самая вялікая праблема ў нас - нават не грошы (хоць з імі заўсёды ёсць праблемы ў гэтай неразбярысе, гэтай рыначнай эканоміцы), а людзі. На нашу тэрыторыю не хапае як мінімум столькі чалавек, колькі ў нас жыве: нам трэба не 10 млн. чалавек, а 20 млн. Мы зможам іх пракарміць. Але і яны будуць працаваць і яшчэ большы аб'ём прадукцыі ствараць. Калі рускі чалавек, расіянін, захоча да нас прыехаць з любога рэгіёна, калі ласка, мы толькі будзем вітаць.

Аб смяротнай кары

- Мы не адмянілі смяротную кару. Я не лічу, што гэта добра, што ў нас ёсць смяротная кара. Але ж не я прычына таго, што яна захоўваецца. Паколькі ёсць у краіне такія працэсы, дзе трэба прымяняць пакаранне смерцю. Вазьміце тэракт у метро, у нашай краіне, У Беларусі. Нашы хлопцы за трое сутак іх вылічылі, знайшлі. Якое яны маюць права на жыццё, калі загінулі людзі ў гэтым метро? Ён гэта рабіў наўмысна, напрыклад. Таму цэлы комплекс пытанняў, цэлы комплекс мерапрыемстваў і, калі хочаце, уклад самога жыцця ў дзяржаве павінен фарміраваць такую бяспеку нашых людзей... Самае галоўнае - не дараваць. Міліцыя павінна хлеб і грошы, якія дзяржава выдзяляе для іх, апраўдваць.

Аб праекце "Вялікая сям'я"

- Калісьці даручыў аднаму чалавеку - банкіру, шматдзетная сям'я ў яго, прапрацаваць пытанне. І вось ён мне напісаў запіску. Я яе прачытаў і людзям як прыклад кажу: вось толькі што мне паступіла прапанова. Мы, вядома, у гэтым напрамку будзем працаваць. Не ведаю яшчэ, што будзе выбрана. Але ёсць прапанова, у прыватнасці, за першае дзіця - 10 тысяч, за другое - 10 тысяч, за трэцяе яшчэ - 10 тысяч. На рахунак у банку. Ты не возьмеш гэты рахунак да пэўнага часу - тры гады пакуль не споўніцца дзіцяці або да паўналецця - мы павінны яшчэ вырашыць. Гэта не тое, што далі табе 10 тысяч і ты пайшоў прапіў іх. Не, гэта як у вас мацярынскі капітал. Але больш празрысты для людзей. Гэта 350 мільёнаў за год, калі дзесяць тысяч. Гэта толькі адна з прапаноў...

Трое дзяцей у сям'і павінна быць нормай. Толькі тады мы будзем мець перспектыву развівацца як нармальная суверэнная і незалежная дзяржава. Цана пытання вялікая: можа, і 1 мільярд, а можа, і 2. Але і мэта вялікая. Без людскога рэсурсу ніякай дзяржавы не будзе.

Аб памяці

- Для таго каб захаваць памяць, старэйшае пакаленне павінна не проста помніць і аддаваць даніну Вялікай Перамозе. Мы кожны дзень, кожную гадзіну павінны выхоўваць сваіх дзяцей, унукаў, у каго яны ёсць, расказваць аб гэтай вайне. Я кожны вечар расказваю сыну гісторыі аб вайне. Ужо і расказваць няма чаго. Аб Айчыннай вайне 1812 года ўжо расказваю. Яго ўжо цяпер не трэба паварочваць да таго, што была вайна і што фашысты нам нанеслі вялікі ўрон. Гэта павінна быць нормай у нашых сем'ях, таму што цяперашняя моладзь - добрая, цудоўная, як мы гаворым, але гэта моладзь іншая...

У нас вельмі многае робіцца для захавання гістарычнай памяці. У прыватнасці, працуе музей гісторыі вайны. Будуецца новы яго будынак. Гэта будзе самы сучасны, буйны музей у Еўропе, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

Аб каліі

- Ніводны дзяржаўны адказны чалавек ніколі б не зрабіў, як ён (С.Керымаў - акцыянер "Уралкалія". - Заўвага рэд.). А яму пляваць. Гэта яго. Ён рыначнік... Гэта (прадпрыемства "Уралкалій". - Заўвага рэд.) стваралася расіянамі, беларусамі, таджыкамі, узбекамі... Гэта прадпрыемства шмат гадоў таму ўсімі стваралася. Імгненна ў яго аказаліся гэтыя акцыі, і ён робіць, што хоча... І што, гэта Беразнікам (расійскі горад, дзе размешчана прадпрыемства "Уралкалій". - Заўвага рэд.) выгадна, якія пад зямлю ідуць?! А напляваць, што яно сёння не працуе, і людзі там атрымліваюць мізэрную заработную плату!..

Я ўжо наеўся гэтых прыватнікаў. Толькі адно: прыбытак схапіць і куды-небудзь схаваць як мага далей - на Кіпр, у Швейцарыю, яшчэ ў які-небудзь афшор...

Я вам скажу, дзе знайсці грошы (на вырашэнне праблемы Беразнікоў. - Заўвага рэд.). Забраць у нягоднікаў акцыі, якія незразумела як ім дасталіся, і адправіць людзям у Беразнікі. За 20 мільярдаў, якія каштавала кампанія, можна было пабудаваць квітнеючы рай, пасёлак, вывезці людзей з гэтага балота, з горада, які сёння ідзе пад зямлю...

Керымаў, керымаўцы і іншыя баўмгертнеры ўзялі гэта прадпрыемства, яны за яго гарантавалі сацыяльную адказнасць, работу і гэтак далей. Я ж ведаю: яны гарантавалі, калі адбіралі гэта прадпрыемства. Ведаеце, як я зрабіў бы? Я б Керымава і керымаўцаў закрыў у адну камеру, назаўтра яны прадалі б усе актывы па самай высокай цане, а калі б не знайшлі пакупніка - я ім знайшоў бы. Гэта 12 - 13 мільярдаў, і гэта ўсё адправіў бы ў Беразнікі...

Вы не там шукаеце - вы шукаеце ў Баўмгертнера. Якія грошы ў Баўмгертнера? Сотая доля таго, што ў керымаўцаў, каб вы ведалі. Ён быў "наёмным", але ён вінаваты...

Я атрымаў пісьмо ад жыхароў Беразнікоў - вось бачыце, усе звяртаюцца да савецкіх метадаў, сабралі подпісы ў народа, у тых, хто працуе. Я хацеў сам туды прыехаць і расказаць усю праўду людзям, як гэта было. Але думаю: не так зразумеюць. А адказ мы людзям дадзім, мы яго рыхтуем. Але я ж ведаю, як збіралі подпісы. Рабочаму ўсё роўна, хто будзе кіраваць, яму патрэбна работа. А яны загубілі прадпрыемства! Сёння ў трохпакаёвай кватэры жыве (Баумгертнер - генеральны дырэктар "Уралкалія". - Заўвага рэд.), паводле маіх даных. Куды яго прапануеце яшчэ адправіць? У Беразнікі? Ён жа ўчыніў злачынства! Вы маглі б сказаць: аддайце яго нам, расіянам, мы самі разбяромся. Калі ласка, няхай прыязджае генеральны пракурор Чайка і па закону вы забіраеце яго ў камеру ў "Бутырцы" або ў якім-небудзь іншым месцы, вядзіце расследаванне, мы будзем дапамагаць. Ён вам больш урону нанёс. Пакуль просьбаў такіх не было...

Акцыі нашай кампаніі не абваліліся. Так, мы ў краіну амаль паўтара мільярда недаатрымалі, штосьці страціў бюджэт. Але вы (Расія. - Заўвага рэд.) у два разы больш страцілі. Было 900 долараў за тону ўгнаенняў. Штогод наша краіна атрымлівала 4 мільярды долараў выручкі. Залаты час. Праз некаторы час на Рыбалоўлева (былы ўладальнік "Уралкалія" - Заўвага рэд.) наехалі, сказалі: не аддасі акцыі - або пасадзім, або галаву адкруцім. Я яго не абараняю. Але ён працаваў сумленна: як дамовіліся, так і працаваў. Не буду называць лічбу, за якую прадаў. Добрая лічба, але гэта мізэр ад таго, колькі каштавала кампанія. І яго выкінулі.

Керымаў абяцаў развіваць работу. Пазней чуем: мы выходзім з Беларускай калійнай кампаніі, разрываем адносіны, будзем гандляваць самі і прычым - аб'ёмы больш важны, чым цана. Гэта значыць гатовы на рынак выкінуць столькі калійных угнаенняў, што пляваць на цану, няхай абвальваецца. І тым самым яны абвалілі ўвесь калійны рынак, нанеслі ўрон бюджэтам дзяржаў.

Мы рашэнні (у БКК. - Заўвага рэд.) можам прыняць толькі разам, а яны не хочуць, каб прымалася гэта рашэнне. Мы ўзгаднілі назначэнне новага дырэктара, яны проста наглядальны савет не праводзяць, не прыязджаюць, каб зацвердзіць гэта рашэнне. Навошта? Кажуць, яны хочуць пакласці нас на лапаткі, заняць нашы рынкі.

Але да гэтага была спроба купіць "Беларуськалій". Прыязджае да мяне чалавек: я перадаю, вы мне прабачце, тое, што мне сказалі - 10 мільярдаў - дзяржаве, 5 - мне. Я сказаў: ідзі і перадай яму, з'явіцца - пасадзім. Усё, адышоў ад гэтага, не прапануе. Але "закусіў цуглі". Крыўда. Не прадаў. Вось і пайшлі рознагалоссі.

У мяне была просьба адна: не блакіруйце рашэнні Беларускай калійнай кампаніі. Правядзіце наглядальны савет, назначым новага дырэктара - ідзіце куды хочаце, мы будзем без вас працаваць. Праз тры дні прыязджае Гуцарыеў (вядомы расійскі бізнесмен. - Заўвага рэд.) і гаворыць: не буду хлусіць, паслаў. Паслаў дык паслаў. У нашых праваахоўнікаў ужо шмат гэтых матэрыялаў. Я кажу: дзейнічайце па закону. Яны ўзбудзілі крымінальную справу, аб'явілі яго (Керымава - Заўвага рэд.) у вышук. І тут я атрымліваю зноў жа ад яго сігнал: даруйце, я вінаваты. Я кажу: добра, я магу дараваць, але вы нанеслі, па-першае, вялікі ўрон, па-другое, мы стварылі новую кампанію, праз яе гандлюем, поезд пайшоў. Добра, я табе дарую, ідзі з богам. Мне ўсё роўна, што з табой. Але крымінальную справу мы не закрыем...

Мы атрымлівалі амаль палавіну сусветных угнаенняў (разам з расіянамі. - Заўвага рэд.). Без нас, пакуль мы ў Кітаі, у Індыі, у Бразіліі не заключым кантракты, ніхто не заключаў кантракт. Усе на нас арыентаваліся. Што было дрэнна для калійшчыкаў і для Расіі?

Аб ценявой эканоміцы

- Ценявая эканоміка заўсёды ёсць у рыначнай эканоміцы. У Беларусі гэта тэарэтычна магчыма, і на практыцы гэта ёсць. Аднак дзяржава вельмі сур'ёзна над праблемай працуе. Таму ў грамадстве праблема не набыла страшнай вастрыні.

Аб барацьбе з карупцыяй

Самае галоўнае: калі пачаў змагацца з гэтай гідрай - змагайся да канца. Не павінна быць ніякай кампанейшчыны. У нашай сітуацыі гэта адно з важнейшых пытанняў, на якое Прэзідэнт кожны дзень павінен звяртаць увагу. У нашай рэчаіснасці карупцыя - гэта ржа. А ржа раз'ядае любы метал. Вось, скажам, стварылі добрую канструкцыю, а праз месяц, год іржа раз'ела яе. Таму пры высокай карумпіраванасці грамадства любую канструкцыю стварай, усё што хочаш рабі - усё пойдзе прахам...

Але ёсць некалькі прынцыповых умоў. І, калі ты сказаў, што будзеш змагацца з карупцыяй, сам ты павінен быць крыштальна чыстым. Калі цябе хоць крыху западозраць у тым, што ты ўчыніў дзеянне хоць з прыкметай карупцыі, ты ніколі нікому нічога не растлумачыш. Ты ніякі не змагар. Бываюць памылкі, калі ты дзесьці памыліўся, але пажадана не памыляцца. Гэта вельмі тонкая работа, тонкая барацьба. Гэта нават нейкае самаахвяраванне. Ты не можаш быць багатым, ты не можаш ні ў каго зарабіць нават грошы. Твае дзеці не могуць працаваць у камерцыйных, нейкіх прыватных структурах, дзе яны могуць сумленна зарабіць. Таму, калі я стаў Прэзідэнтам, я адразу сказаў сваім дзецям: вы не будзеце займацца прыватным бізнесам і камерцыяй, пакуль я Прэзідэнт. Я гэта вытрымліваю...

Мне давялося займацца вырашэннем гэтых пытанняў больш як два гады (у бытнасць дэпутатам. - Заўвага рэд.). І мне гэта праблема вядома. Тады мы вельмі жорстка заявілі аб сабе. Да гэтага часу многія гавораць, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі барацьбы з карупцыяй. У гэтым доля праўды ёсць. І першая мая праграма, аб якой я заявіў, калі балаціраваўся ў прэзідэнты, - гэта быў менавіта раздзел барацьбы з карупцыяй...

Мяне людзі не зразумеюць (калі будзе западозраны ў карупцыі. - Заўвага рэд.), я так магу пакрыўдзіць сваіх людзей. А гэта не даруецца. Калі возьмеш хоць адзін раз у кагосьці, тайны не будзе. І ўся твая барацьба з карупцыяй ператворыцца ў паказуху і цырк. У прэзідэнтаў крыху іншае мысленне. Некаторыя хочуць неяк забяспечыць сябе і сваю сям'ю, хтосьці сумленна, хтосьці несумленна. А я хачу застацца ў памяці людзей, каб, праходзячы міма, у мяне не кінулі камень. Для мяне гэта важна. І ў імя гэтага я гатовы працаваць і працую...

У Беларусі, калі аб начальніку даведаліся б, што ён карумпіраваны, гэта імгненна стала б вядома Прэзідэнту, таму што ў нас грамадства так наладжана. Людзі проста праходу не дадуць. Грамадства само настроена на гэта. Ніхто не скажа, што ў нас празмерна карумпіраваная краіна, што ў нас чыноўнікі - хабарнікі і іншае. Я часам сябе вельмі няёмка адчуваю. Паколькі яны сустракаюцца з чыноўнікамі з Расіі, Украіны. Нашы працуюць у тры разы больш. Я за іх адказваю. Мой чыноўнік не можа сабе касцюм купіць за пятнаццаць тысяч, ён не можа купіць і за 2 - 3 тысячы долараў. Гэта адразу канцэнтрацыя ўвагі на ім усяго грамадства, і маёй таксама. Я асабіста ведаю, хто з чыноўнікаў за якія грошы будаваў сабе дом, паколькі кожны з іх зрабіў справаздачу...

Я не кажу, што ў Беларусі няма карупцыі і ўсё гладка. Увесь свет мае такую праблему. Што такое Захад? Захад - гэта карупцыя страшная, але ў адрозненне ад нас узаконеная. Тое, што ў нас хабар, - у іх празрыста, законна. А ў нас пад Захад пачынаюць рабіць у парушэнне закона. Можа, і мы да гэтага прыйдзем, але я супраць. Але пакуль вось такі прыклад: зусім нядаўна намесніка старшыні "Белнафтахіма" за хабар арыштавалі, за размеркаванне нейкіх там кантрактаў. І цэлы шлейф яго саўдзельнікаў з прыватных структур. Усе ў камеры цяпер.

Аб распаўсюджванні рыначных прынцыпаў

- Вельмі акуратна гэта трэба праводзіць. І спакойна. Каб не стварыць ачагоў напружанасці ў грамадстве. Потым гэта напружанне будзе вельмі складана ўстараніць. Пасля, калі ў цябе бандыты захопяць эканоміку, а яны ўжо ў цені трымаюць сваіх баевікоў, зброю і іншае, страшная зброя распаўзлася па свеце - тэрарызм, яны што хочаш уключаць, каб толькі процістаяць дзяржаве і захаваць сваё. Гэтага нельга дапусціць. Гэтага ніводная дзяржава дапусціць не можа.

Я кажу: вось, мужыкі, бярыце, вось цана "Беларуськалія" - 30 мільярдаў. І мне прапануюць: давай 15 мільярдаў, з іх 10 мільярдаў дзяржаве, 5 мільярдаў - табе. Не праходзіць. Нам такая рыначная эканоміка не патрэбна. І рускім людзям, расіянам такая рыначная эканоміка не патрэбна.

Аб узаемадзеянні з Украінай

- У чым мы папракаем Украіну, што яна там вядзе (перагаворы аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. - Заўвага рэд.)? Я кажу: і Казахстан, і Расія, вы таксама праводзіце гэтыя перагаворы. Мы не вядзём, таму што яны наогул з намі размаўляць не хочуць. Вядома, Лукашэнка ім страшны вораг. Яны ніколі, напэўна, са мной размаўляць не будуць. Прадпрыемствы я ім не аддам, людзей я ім не дазволю крыўдзіць, праз граніцу яны куляцца, як хочуць, не будуць...

Вы ведзяце, яны вядуць перагаворы. Страху ў гэтым няма. Страху няма і ў тым, што яны (Украіна. - Заўвага рэд.) штосьці падпішуць з Еўрапейскім саюзам. Небяспека ў тым, што яны ў гэтых дакументах закрыюць сабе шлях да нас, у Мытны саюз, АЭП і Еўразійскі эканамічны саюз...

Калі ўзровень мытных пошлін у пагадненні паміж Украінай і ЕС будзе ніжэйшы, то пры наяўнасці адкрытых граніц гэта можа нанесці ўрон партнёрам па АЭП. Таму вы (Украіна. - Заўвага рэд.) можаце весці перагаворы, заключаць дагаворы з кім хочаце, але калі вы хочаце да нас, то вам трэба будзе выконваць нашы дамоўленасці. У адваротным выпадку мы не зможам з вамі мець адносін, асабліва гандлёва-эканамічных. Гэта я сказаў Азараву (Прэм'ер-міністр Украіны. - Заўвага рэд.), паўтарыўшы тое, што мной было сказана на закрытым пасяджэнні. - І мяне Пуцін тады падтрымаў. І я з ім размаўляў пазаўчора, мы таксама гэта пытанне закранулі. Ён гаворыць: Аляксандр Рыгоравіч, абсалютна правільна, яны няхай вядуць перагаворы, яны - суверэнная, незалежная дзяржава, але каб яны не закрылі рух пасля да нас і каб, заключыўшы канкрэтныя дагаворы па гандлю, эканоміцы, нам урон не нанеслі...

Людзі ж ні ў чым не вінаватыя. І нават калі Украіна заўтра ў НАТА ўступіць, мы вымушаны будзем з імі выбудоўваць адносіны. Куды мы дзенемся - людзі нашы там...

Праблема ёсць, складаная праблема. Але трэба спакойна, не наязджаючы адзін на аднаго, сесці і паспрабаваць разабрацца перад падпісаннем гэтага пагаднення Украіны з ЕС, падумаць, што будзем рабіць пры розных варыянтах развіцця сітуацыі.

Аб зарплатах урачам і настаўнікам

- Мы цяпер стаўку павысілі з 18 гадзін да 20. Цяжкая гэта была праблема. Сэканомленыя грошы аддалі ў школы, а не забралі ў бюджэт. Але настаўнікі ўсё роўна крыўдзяцца, што зарплата невысокая. І я з імі згодны. Ёсць праблема, якую мы ў бліжэйшы час проста вымушаны вырашыць. Як бы цяжка ні было...

Гэта самая цяжкая праца. У дзіцячым садзе 25 дзяцей і адзін выхавальнік з нянечкай. І кожнаму ўдзялі ўвагу, а яны ж падрастаюць, іх трэба да школы рыхтаваць. А гэтыя работнікі ў нас пакрыўджанымі аказаліся.

Аб ігральным бізнесе

- Калі ў Расіі пачалі забараняць ігральны бізнес, яны хлынулі ў Беларусь, асабліва з Масквы. У некаторых рукі свярбелі забараніць гэта. Я сказаў: не, не рабіце гэтага. Паглядзім, нанясуць яны нам урон або не нанясуць. І мы вельмі строга кантралюем дзейнасць казіно, але не забараняем іх. Мы не хочам іх на кухні заганяць або яшчэ куды-небудзь. Але кантроль вельмі строгі, каб усё было па правілах. Я не думаю, што яны штосьці дзесьці не адмыюць. Але яны не сталі ў нас крымінальнымі цэнтрамі...

Мы ўдасканальваем наш кантроль, спрабуем яго ўзмацняць, аж да таго, што замахнуліся на той узровень кантролю, які выкарыстоўваецца ў Лас-Вегасе. І такіх з'яў, як у Маскве, мы ў нас не бачым. Хоць, я так адчуваю, што з Масквы многія перабраліся ў Мінск. І многія багатыя масквічы з задавальненнем прылятаюць на сваіх самалётах і пакідаюць тут грошы, і немалыя. Але павінны быць строгія аднолькавыя правілы. Сумленнасць і справядлівасць - гэта павінна ляжаць у аснове ўсяго, у тым ліку адносна казіно.

Аб працоўных мігрантах

- У Беларусь прыязджаюць людзі з Узбекістана, Таджыкістана, іншых краін, у асноўным сем'ямі, з дзецьмі. Прымаем. Калі пасяляюцца ў сельскай мясцовасці, просяць зямлі - ды калі ласка, нам гэта выгадна. Працуюць на будоўлях. Лепшыя прапагандысты ў Беларусі - гэта людзі, якія прыехалі ў нашу краіну адтуль, дзе цяжка, дзе складана. Яны з задавальненнем становяцца прыватнікамі, фермерамі, займаюцца вытворчасцю.

Важна не тое, што едуць, важна, каб была сістэма, парадак у іх прыёме.

Аб альянсе МАЗ - КамАЗ і ААТ "БелАЗ"

- Інвестару я задаю тры пытанні. Якія гатовы ўкладаць інвестыцыі ў развіццё, якія прыўнясе новыя тэхналогіі, якія адкрые новыя рынкі? Калі ўзяць гэтыя тры параметры, то грошай (у расійскага боку. - Заўвага рэд.) няма, тэхналогіі горшыя, чым на МАЗе, таму што МАЗ выпускае канкурэнтную прадукцыю, якая прадаецца не горш, чым КамАЗ, калі іх паставіць у роўныя ўмовы... Калі вы ідзяце, як вы будзеце ўдзельнічаць у мадэрнізацыі? Ніяк? Тады ў мяне ўзнікае пытанне: а ці не атрымаецца так, што вы прадпрыемства гэта забераце за бясцэнак (грошай жа няма) і з часам на МАЗе будуць выпускаць толькі дыскі для аўтамабіляў. Не можа быць такога? Можа. Вось вам і адказ на ваша пытанне...

А БелАЗ мы нікому не аддаём. Гэта адзін з нашых брэндаў, гэта гонар Беларусі - 30 працэнтаў сусветнага рынку вялікагрузных аўтамабіляў. Першыя ў свеце выпусцілі самазвал 450 т...

Аб грашах

- Сёння сітуацыя няпростая, мы гэтага не ўтойваем ад людзей, яны гэта бачаць. Але якая няпростая? У нас усе сядзяць і чакаюць, будзе дэвальвацыя або не будзе. Я кажу: калі вы захочаце - будзе. Калі вы будзеце бегаць па абменных пунктах, скупляць валюту ў надзеі на дэвальвацыю - гасподзь з вамі! Я ім так і кажу. Вось у чым неспакой. А ва ўсім астатнім - дай бог, каб заўсёды так было. Так, цэны не нізкія. Як могуць быць ніжэйшымі цэны пры адкрытых граніцах з Расіяй, Украінай, калі ў нас у два разы цана ніжэйшая? Як я магу трымаць яе на такім узроўні? Я вымушаны балансаваць і трымаць цэны так, як у вас (у Расіі. - Заўвага рэд.). Гэта эканоміка, і ад гэтага нікуды не дзенешся. А ў людзей у свядомасці - там і зарплаты большыя. Але ж у Маскве сканцэнтравана шмат людзей, якія атрымліваюць мільёны і мільярды, а ёсць і тыя, хто перабіваецца з хлеба на ваду. У сярэднім усё выглядае нядрэнна. Таму і ў Маскве жывецца несалодка. У нас многія людзі разумеюць гэта, і яны цэняць тое, што ёсць у Беларусі...

Уявіце, наколькі людзі менш плацяць за паслугі ЖКГ. Але, з іншага боку, гэта і дрэнна. Здарыўся крызіс, у нас была сярэдняя зарплата 500 долараў. Я кажу: пасля фінансавага крызісу 2011 года трэба людзям вярнуць гэту зарплату. Давярталіся да таго, што зрабілі не 500, а прыкладна 720. Гэта пры спадзе збыту такая зарплата. Пры такіх цэнах, якія мы таксама тармозім, у людзей з'яўляецца, няхай і няшмат, лішняя капейка. І куды яны ідуць? Ідуць у абменнікі, купляюць валюту, і добра, калі ў банк яшчэ нясуць, складваюць там у сябе. Паколькі гэту валюту не так проста зарабіць. Нам нямала трэба, каб заплаціць, напрыклад, за прыродны газ, нафту. У нас жа гэтых рэсурсаў няма.

Аб чэмпіянаце

- Я ўсіх папярэдзіў - і прыватнікаў, і дзяржаву: не дай бог, вы краіну зняславіце цэнамі на гасцінічныя нумары, прадукты харчавання (да ЧС-2014. - Заўвага рэд.). Звычайна, ведаеце, цэны ўзнімаюць завоблачныя - гэта ганьба. Украіну да гэтага часу абмяркоўваюць за чэмпіянат Еўропы па футболе. Людзі, якія прыехалі ў краіну, у любым выпадку будуць плаціць, але паедуць з дрэнным настроем. Важна, з якім настроем людзі пакінуць краіну.

Аб стыхійным экспарце і імпарце

- Некаторыя нашы таварышы за восем месяцаў па 700 разоў выязджалі ў Еўрасаюз: вывозяць адзенне, прадаюць, туды вязуць паліва, яшчэ штосьці. Раней іх спекулянтамі называлі. Цяпер гэта бізнес, у выніку якога насельніцтва ў пагоні за еўрасаюзаўскім адзеннем вывозіць да 3 мільярдаў долараў. У Літву, Польшчу, а яны нас яшчэ крытыкуюць: бедныя беларусы...

А беларуская прадукцыя запатрабавана на расійскім рынку. Бялізна, любое адзенне, абутак, які мы прывязём, імгненна на любым кірмашы на працягу трох гадзін раскупляюць. І гэта датычыцца Масквы - развітога горада. Быў час, калі расіяне закрылі ўвоз ці то малочнай прадукцыі, ці то чаго, дык прыязджалі бранскія, смаленскія людзі і самі вывозілі ўсё адсюль. І на граніцы іх спыніць ніхто не меў права. Гэта сведчыць аб якасці і канкурэнтаздольнасці.

Аб гонары

- Я ганаруся тым, што я Прэзідэнт у гэтага народа і што ён мяне выбраў. Гэта шчырая праўда. Я магу сабе і маім калегам паставіць у заслугу за гэты час тое, што мы стварылі сваю дзяржаву...

Гэта была ўскраіна, правінцыя. Так, развітая, добрая, зручная. Не скажу, што ў нас у савецкі час дрэнная была рэспубліка. З пэўнымі недахопамі. Але не было дзяржавы. Людзі нават не думалі, псіхалагічна, ментальна мы да гэтага не былі падрыхтаваныя, - адзначыў Прэзідэнт. - І мы з разрухі, падхапіўшы краіну на краі прорвы, яе захавалі, людзей апранулі і накармілі, наколькі маглі, мадэрнізавалі гэту краіну, вытворчасці. І паралельна, гэта вельмі цяжка, мы стварылі суверэнную і незалежную дзяржаву...

Вось адзінае, што я магу сабе паставіць у заслугу. Усё астатняе рабіў народ. І дзяржаву таксама ствараў не я адзін. Проста мне выпала шчасце ісці ў гэтым працэсе наперадзе.

Аб дэнамінацыі

- Дэнамінацыя - гэта не праблема. Гэта чыста тэхнічны працэс. Але думаю, што лепш дэнамінацыю праводзіць, калі будзе больш-менш стабільная сітуацыя на валютным рынку. Мы неяк блізка да гэтага пытання цяпер не падыходзілі. Але правесці такую дэнамінацыю мы гатовы ў любы час...

Калі гэта будзе магчыма з пункту гледжання валютнага рынку, мы правядзём. Гэта ж не маментальная акцыя. Гэта ўсё аб'яўляецца загадзя, падпісваецца ўказ. Будуць паралельна існаваць старыя і новыя купюры. Гэта не нечаканая з'ява, а звычайная тэхнічная аперацыя.

Гэта не праблема. Мы самі гэта адчуваем, таму ў нас падрыхтаваны і надрукаваны новыя грошы, новыя купюры. Яны ўжо не адзін год на складзе ляжаць. Патрэбна адпаведная падрыхтоўка і каб склалася сітуацыя. Тады мы аб'явім людзям аб гэтым загадзя, падпішам указ і правядзём дэнамінацыю.

Найбольш важнае пытанне - каб у нас стабільнасць была на валютным рынку, і ў многім гэта залежыць ад работы эканомікі, экспарту, ад імпарту, якога павінна быць менш. Але і гэта для нас не самае галоўнае. Для нас самае галоўнае - спакой і стабільнасць уласнага насельніцтва, каб яны не бегалі па закавулках і не спрабавалі перавесці нацыянальную валюту ў замежную.